У Магілёве затрыманы аператар Міхаіл Аршынскі і ўдзельнікі сустрэчы з каналам «Краіна для жыцця»


Пра гэта паведаміў намеснік старшыні Ленінскага РАУС Аляксандр Пушын ягоным сваякам.

Увечары 7 траўня ў Магілёве быў затрыманы аператар-фрылансер Міхаіл Аршынскі.

«Па тэлефоне супрацоўнік міліцыі паведаміў мне, што Міхась затрыманы да суду паводле артыкула 23.34 КаАП за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. У якім канкрэтна, Пушын не ўдакладніў, хаця мусіў сказаць месца, час і падзею правапарушэння», – сказаў брат Аршынскага Аляксандр.

У апошнія дні Міхаіл Аршынскі вёў стрымы на сваім ютуб-канале з некалькіх мерапрыемстваў у Магілёве: 5 траўня магілёўцы сустракалі канал «Краіна для жыцця» і адбілі блогераў у міліцыі, а 6 траўня больш за 100 чалавек сабралася пад ІЧУ, каб выказаць падтрымку затрыманаму блогеру Сяргею Ціханоўскаму.

Ад праваабаронцаў Магілёўскага цэнтру «Вясна» стала вядома, што ў Магілёўскім ізалятары часовага ўтрымання знаходзяцца яшчэ як мінімум 4 удзельнікі сустрэчы з «Краінай для жыцця» 5 траўня.

«Пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле арт. 23.34 КаАП склалі на Сцяпана Лазарэнка, пра гэта нам паведаміла ягоная жонка. Сцяпан перадаў ёй таксама, што бачыў у РАУС і другога ўдзельніка сустрэчы Вячаслава Зайцава», – кажа праваабаронца Алесь Райкан.

Таксама Магілёўскі праваабарончы цэнтр мае інфармацыю, што ў ІЧУ Магілёва ў чаканні суду за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве знаходзіцца Арцём Сакаў і па непацверджанай інфармацыі – блогер Уладзімір Няронскі.

8 траўня ўсіх затрыманых мусяць прывезці ў суды. За развіццём падзей будуць сачыць магілёўскія праваабаронцы і мы.

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў