Фельчар лідскай хуткай дапамогі: сітуацыя нашмат горшая за афіцыйныя звесткі


Лідская хуткая дапамога: «Мы працуем дзеля вас. Заставайцеся дома – дзеля нас». Фота суразмоўцы

Фельчара брыгады хуткай дапамогі ў Лідзе Паўла Палейчыка без тлумачэння прычынаў перавялі працаваць у іншую брыгаду. Спадар Павал перакананы, што такія захады – помста за «няёмкія» пытанні кіраўніцтву пра ўмовы працы пад час эпідэміі.

Павел Палейчык распавёў, у якіх умовах даводзіцца працаваць медыкам падчас пандэміі каронавіруса .

У сакавіку, на самым пачатку распаўсюду каронавіруснай хваробы, Павел з калегамі паспрабаваў арганізаваць сусветна вядомы флэш-моб медыкаў «Мы працуем дзеля вас. Заставайцеся дома – дзеля нас». Таксама звярнуўся да валанцёраў па экіпіроўку – абарончыя экраны і касцюмы, якіх на той час у медычных работнікаў не было.

«Здавалася б нармальная актыўнасць аднак выклікала незадавальненне ў кіраўніцтва», – сцвярджае малады спецыяліст.

Радыкальныя захады ў дачыненні Паўла прынялі, калі ён звярнуўся да сваёй загадчыцы з пытаннямі, чаму няма належных сродкаў абароны ў працаўнікоў, якіх накіроўваюць да патэнцыйных хворых на COVID-19. Размова адбывалася ў працоўным Viber-чаце. Пасля яе Паўла знялі з працы ў рэанімацыйнай брыгадзе.

Станцыя хуткай і неадкладнай медычнай дапамогі ў Лідзе. Фота суразмоўцы

Практычна ўвесь красавік хлопец знаходзіўся ў адпачынку, на працу выйшаў 30-га чысла. На адным з дзяжурстваў у наступныя дні меў кантакт з пацыентам, у якога быў станоўчым вынік мазка на COVID-19. Брыгаду тут жа накіравалі на самаізаляцыю.

«На працу я выходжу толькі 7 траўня [Размова адбывалася 6 траўня, – дадатак Белсат]. Таму я не магу сказаць ці змянілася стаўленне у мой бок. Мушу ўдакладніць, што кіраўніцтва не прасіла і не прымушала мяне маўчаць», – кажа Павел Палейчык.

Сітуацыя з экіпіроўкай медыкаў за гэты час крыху палепшылася.

«Мы маем касцюмы аднаразовыя, але мыем іх, не выкідаем. Ёсць пальчаткі, ёсць маскі шматразовыя, але па факце яны не моцна дапамагаюць нам. Бо па прыездзе з выкліку здымаем іх, кладзем у касцюм у якім ходзім, перад чарговым выклікам зноў апранаем. Дзякуючы валанцёрам з’явіліся экраны», – тлумачыць Павел.

Што да сітуацыі ў самім горадзе Ліда з каронавіруснымі захворваннямі, то, на думку медработніка, яна нашмат горшая, чым у афіцыйных паведамленнях.

«Выклікаў паболела. Дый час чакання стаў большым у людзей. Тут адбіваецца недахоп аўтамабіляў. Звяртаюцца людзі з тэмпературай. Але ж вы зразумейце, вострыя рэспіраторныя захворванні ніхто не адмяняў», – падкрэслівае ён.

Пад шпіталізацыю хворых на COVID-19 у горадзе выдаткавалі новае аддзяленне. Ці хапае там месцаў для ўсіх, Павел сказаць не бярэцца. Ад калегаў ведае толькі, што ў прыёмніку аўтамабілям «хуткай» даводзіцца стаяць да двух гадзін, што можа казаць пра вялікую колькасць пацыентаў, якія паступаюць. Ці захварэў нехта з медперсаналу на COVID-19, хлопец таксама не ведае:

«Ляжыць з пнеўманіяй малады фельчар, мой калега з былой змены. Але падаецца яму тры тэсты рабілі і ўсе яны адмоўныя».

Калегі паважаюць хлопца за смеласць, але калі будзе патрэба, наўрад ці ў адкрытую выступяць у ягоную падтрымку.

Хрысціна Чарняўская Belsat.eu

Стужка навінаў