У Лондане зруйнавалі статую Майкла Джэксана, «Сімпсаны» адклікаюць серыю з ім


У сталіцы Вялікай Брытаніі, Лондане, праз скандальны фільм «Leaving Neverland» аб педафіліі караля поп-музыкі Майкла Джэксана дэмантавалі ягоную двухметровую скульптуру, паведамляе CNN.

Статуя была ўсталяваная каля Нацыянальнага музею футболу ў 2014 годзе на замову ўладальніка футбольнага клубу «Фулэм» аль-Фаіда, які сябраваў са спеваком. Рашэнне яе прыбраць прыняла адміністрацыя музею пасля выхаду фільму.

Таксама пасля прэм’еры карціны некалькі радыёстанцыяў у Канадзе і Новай Зеландыі абвесцілі, што прыбяруць песні Джэксана з сваіх эфіраў. А стваральнікі мультсерыялу «Сімпсаны» выключаць з абаротку серыю «Цалкам шалёны тата», у якой аднаго з персанажаў агучыў кароль поп-музыкі, паведамляе «Vulture». Серыю больш не будуць трансляваць на ТБ, змяшчаць на DVD і выдаляць са стрымінгавых сэрвісаў.

Майкл Джэксан.
Фота: Alexander Natruskin/REUTERS/FORUM

Майкл Джэксан лічыцца самым паспяховым выканаўцам у гісторыі поп-музыкі. 15 разоў ён атрымліваў прэмію «Грэмі». У 1993 годзе яго абвінавацілі ў згвалтаванні 13-гадовага Джордана Чандлера. Спявак заплаціў сямʼі дзіцяці 22 млн долараў і бакі заключылі міравую. У 2003 годзе Джэксана абвінавацілі ў згвалтаванні 13-гадовага Гэвіна Арвіза. Але суд палічыў недастатковымі доказы і прызнаў артыста невінаватым. Пасля смерці Джэксана ў 2009 годзе Джордан Чандлер заявіў, што абгаварыў спевака на просьбу бацькі.

Аднак у сакавіку 2019 года тэлеканал HBO прэзентаваў чатырохгадзінную стужку «Leaving Neverland», якая раскрывае гісторыю дзвюх меркаваных іншых ахвяраў спевака – Ўэйда Робсана і Джэймза Сэйфчака. Паводле іх, Майкл Джэксан на сваім ранча «Нэвэрлэнд» рабіў над імі сексуальны гвалт, калі яны былі яшчэ дзецьмі. У 2013 годзе маладыя людзі падалі пазоў у суд, але судовага разбіральніцтва не было.

Рэжысёр карціны Дэн Рыд распавёў, што гатовы зняць працяг фільму, каб распавесці гісторыі іншых меркаваных ахвяраў. Паводле яго, ён возьмецца за праект, калі ў ім пагодзяцца ўзяць удзел Джордан Чандлер і Гэвін Арвіза, у разбэшчванні якіх музыку абвінавачвалі раней, паведамляе «The Mirror».

Між тым сваякі Майкла Джэксана падалі ў суд супраць HBO з прычыны паказу «Leaving Neverland», піша NBC. Яны абвінавачваюць канал у парушэнні дамовы ад 1992 года, якая прадпісвала не ганьбіць гонару і годнасці спевака. Сямʼя таксама нагадала, што раней Джэксана апраўдалі паводле падобных абвінавачанняў.

МГ / belsat.eu

Стужка навінаў