У Косава застрэлілі прасербскага палітыка


Лідар сербскай партыі «Свабода, дэмакратыя, праўда» Олівер Іванавіч быў застрэлены каля офісу партыі ў горадзе Косаўска-Мітровіца ў Паўночным Косава.

Паводле словаў прадстаўніка адваката Іванавіча, палітык атрымаў пяць агнястрэльных раненняў. Іванавіча даставілі ў шпіталь, але лекары яго не ўратавалі.

Як паведамляюць мясцовыя СМІ, нападнікаў на палітыка было некалькі. Яны схаваліся з месца злачынства, цяпер паліцыя іх шукае.

Пасля забойства быў адкладзены пачатак перамоваў паміж Белградам і Прышцінай, раней прызначаны на аўторак. Перамовы былі спыненыя ў сакавіку мінулага года.

Забойства Іванавіча асудзілі ўлады Косава, Сербіі і ЕЗ. Галоўны дыпламат Еўразвяза Федэрыка Магерыні звязалася па тэлефоне з прэзідэнтам Сербіі Аляксандрам Вучычам і прэзідэнтам Косава Хашым Тачы.

Прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч склікаў экстранную нараду Савета бяспекі Косава, пасля якога павінен выступіць з тэлезваротам да народу Сербіі.

Улады Прышціны асудзілі забойства, заявіўшы, што яно перашкодзіць спробам усталяваць вяршэнства закона на ўсёй тэрыторыі Косава.

64-гадовы Олівер Іванавіч быў адным з лідараў косаўскіх сербаў. У 2008 – 2012 гадах ён займаў пасаду дзяржсакратара па справах Косава ва ўрадзе Сербіі.

У студзені 2016 ён быў прысуджаны да дзевяці гадоў турмы паводле абвінавачання ў ваенных злачынствах супраць албанцаў у 1999 годзе.

Іванавіч настойваў на сваёй невінаватасці. У лютым 2017 гады пасля апеляцыі прысуд быў адменены і над палітыкам пачаўся новы працэс.

КА, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў