У Кобрынскім раёне натоўп падлеткаў праз гарэлку забіў госця вяселля, бацька нявесты ў рэанімацыі


Трагедыя здарылася ў вёсцы Гарадзец, піша сайт 1reg.by.

На двух мужчын напалі натоўпам, калі яны выйшлі з будынку падыхаць паветрам.

Вяселле ў сталовай Гарадца спраўляла сям’я нявесты з Антопаля, бок жаніха таксама не з мясцовых.

«Міхаіл і Сяргей выйшлі на свежае паветра, а там нейкія малалеткі. Яны як дзікуны сябе паводзілі. Было хлопцаў можа пяць, дзве дзяўчыны з імі. Можа па якіх 15 гадоў, але дзікуны… Нажа там не было, але збітыя яны былі моцна. Адзін памёр, у другога твар разбіты – вока цалкам закрылася і палова твару… Ці то іх пад ногі пусцілі, ці то што, не ведаю… Бацька нявесты – там жа больш за сто кілаграмаў, адзін пятнаццацігадовы не мог яго збіць», – распавяла жанчына, якая была на вяселлі.

Жанчына кажа, што маладзёны маглі хацець гарэлку.

«Была размова ад нейкага малога, што «яны ад нас грошы патрабавалі». Міша Н. быў цвярозы, ні кроплі не піў, ён жа за стырном быў, тым больш, у яго ж сэрца хворае. Такі спакойны чалавек выйшаў, і грошы патрабаваў у нейкіх малалетак? Ды быць такога не можа», – упэўнена кажа жанчына.

Яшчэ адна жыхарка Антопаля пацвердзіла, што канфлікт распачаўся праз алкаголь:

«Стаялі на вуліцы, падышлі адмарозкі, гарэлку патрабавалі. Мне казалі, што яны прыходзілі, першы раз прасілі, і ім накшталт вынеслі гарэлкі. А потым, ім, напэўна, мала здалося, прыйшлі. Мішу ўдарылі, у яго гематома на твары, ён ішоў паволі да дзвярэй і ўпаў на прыступках. У яго слабое сэрца, ніхто не ведае, ён памёр ад таго, што ўдар справакаваў сардэчны прыступ, або ад самога ўдару па галаве. А ў рэанімацыі – бацька нявесты. Яго бутэлькай па галаве стукнулі».

Справаў займаюцца праваахоўныя органы.

Следчы камітэт паведміў у Telegram, што кампанія маладзёнаў звярнулася да мужчын з просьбай прадаць алкаголь. Пасля атрымання грошай і перадачы алкаголю паміж бацькам нявесты і маладзёнамі завязаўся канфлікт, які перарос у бойку, у выніку якой мужчын збілі.

Юнакі сышлі ў невядомым кірунку, а мужчыны вярнуліся ў рэстаран, дзе аднаму з іх стала кепска. Госці вяселля выклікалі брыгаду хуткай дапамогі і спрабавалі рэанімаваць мужчыну. Аднак гэта не дапамагло, 61-гадовы мужчына памёр. Бацьку нявесты шпіталізавалі ў траўматалагічнае аддзяленне.

Судова-медычныя эксперты папярэдне абвесцілі, што прычынай смерці мужчыны стала сардэчна-судзіннае захворванне.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў