У Горадні збіралі подпісы «за БССР». Журналістаў «Белсату», якія вялі стрым, затрымалі 8 чалавек у цывільным

UPD. Змітра Міцкевіча і аператара Сяргея Кавалёва затрымалі восем чалавек у цывільным. Журналістаў пасадзілі ў бус і з’ехалі ў невядомым кірунку. Імаверна, іх забралі ў РАУС Ленінскага раёну.

10 чэрвеня ў Горадні праходзіць пікет для збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам на прэзідэнцтва дзейнага кіраўніка Беларусі.

Праўладны палітычны аглядальнік Пётра Пятроўскі заклікае ўзяць у ім удзел усіх гарадзенцаў і гасцей гораду, «хто гатовы аддаць свой голас за нацыянальны суверэнітэт і сацыяльную справядлівасць у Беларусі. За бяспечную, суверэнную і справядлівую Рэспубліку. За БССР».

Пікет пачаўся а 17:00 у раёне Моладзевага цэнтру «Горадні».

17:00 Пікет па збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку выставілі на вуліцы Савецкай, але чаргі паставіць подпіс за дзейнага кіраўніка Беларусі пакуль не назіраецца. Агулам за Аляксандра Лукашэнку збіраюць подпісы тры арганізацыі, у тым БРСМ.

Пікет для збору подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку ў Горадні, 10 чэрвеня. Фота: belsat.eu

«Мы ўсе актыўныя чальцы БРСМ. Я была не супраць займацца гэтым, я не першы раз збіраю подпісы. Пра нашага кандыдата чула толькі добрае, мне ніхто не адмаўляе ў подпісах. Трэба даць усім шанец прыйсці і падпісацца за Аляксандра Лукашэнку», – кажа дзяўчына ў намёце БРСМ.

Пікет для збору подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдатыАляксандра Лукашэнку ў Горадні, 10 чэрвеня. Фота: belsat.eu

Людзі пачалі збірацца групамі, нібыта прыйшлі ўсе разам. Не вельмі ахвотна ідуць на размову з журналістамі. БТ разварочвае сваю тэхніку.

«Мы падтрымліваем свайго прэзідэнта і палітыку. Пакуль нас усё задавальняе. Наш прэзідэнт максімальна намагаецца, каб мы жылі годна», – кажа жанчына.

«Харошы прэзідэнт, спагадлівы і разумее народ. Мы хочам, каб застаўся на пяць гадоў. Ён дакладна выйграе», – смяецца жыхарка Горадні, якая працуе ў медыцыне. Жанчына кажа, што Лукашэнка для медыкаў «робіць усё».

Большасць прысутных кажа нашым журналістам «без каментароў».

Пікет для збору подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнку ў Горадні, 10 чэрвеня. Фота: belsat.eu

17:12 Уся вуліца ў народзе. Побач гучыць музыка з калонак, арганізатары выставілі пляцоўку для гульні ў мінігольф.

БРСМ выставілі пляцоўку для гульні ў мінігольф. Пікет па зборы подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнку. Фота belsat.eu

Мы сустрэлі гарадзенцаў, якія не хочуць падпісвацца за дзейнага кіраўніка Беларусі.

«Нагналі людзей сагналі, бабулю, бюджэтнікаў. Цырк проста. Гэта не падобна на дабравольную акцыю. Гэта чыстая дэкарацыя і фіктыўнасць», – кажа мінак.

«Не, я за яго не буду галасаваць. Мая мама настаўніца, працуе ў Лідзе, зарабляе менш, чым $ 100. Як можна пражыць за такія грошы?», – дзеліцца з намі маладая дзяўчына.

Пікет для збору подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты Аляксандра Лукашэнку ў Горадні, 10 чэрвеня. Фота: belsat.eu

Юнак, які яшчэ не мае 18 гадоў і не можа галасаваць, кажа, што аддаў бы голас за Лукашэнку. Кажа, што ў 1994 быў «раздрай». Ён не памятае, але бабуля і мама яму распавядалі:

«Мы пры ім пасябравалі з арабамі і Расеяй. Нафта з’явілася. Ёсць праблемы, але жыць можна. Заробка і пенсіі хапае».

Чарга падпісантаў за прэтэндэнта ў кандытаты Аляксандра Лукашэнку ў Горадні, 10 чэрвеня. Фота belsat.eu

Тыя, хто прыйшоў аддаць подпіс за Лукашэнку, кажуць, што выступаюць за «моцную, стабільную і квітнеючую Беларусь».

«Ягоныя метады барацьбы з каронавірусам паказалі эфектыўнасць, медыцына спрабавала добра», – каментуе гарадзенка.

На пікеце з’явіўся старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, кіраўнік ініцыятыўнай групы кіраўніка Беларусі. Чыноўнік не захацеў размаўляць з «Белсатам».

На пікеце з’явіўся старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён узначальвае ініцыятыўную групу па збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Фота belsat.eu
На пікеце з’явіўся старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда. Ён узначальвае ініцыятыўную групу па збору подпісаў за Аляксандра Лукашэнку. Фота belsat.eu

«У нас стабільна становіцца ўсё горш. Трэба нешта мяняць», – распавядае мінак.

Гарадзенец кажа, што бачыў аўтобусы, на якіх прывезлі людзей:

«Фарс, пазганялі і паказваюць, як усе хочуць галасаваць. Бусамі напрывазілі БРСМ. Я за яго не галасаваў і ніколі не буду. Гэта ўсё для тых, хто глядзіць БТ».

Пікет па збору подпісаў за прэтэндэнта ў кандытаты Аляксандра Лукашэнку ў Горадні, 10 чэрвеня. Фота belsat.eu

З’явіліся два мужчыны, адзін з якіх Андрэй Ярашэвіч, гарадскі кіраўнік прафсаюзаў. Ён падчас размовы журналіста «Белсату» з хлопцам, які выказаўся супраць пікетаў за Лукашэнку, сказаў, што «не хоча правакаваць», і пачаў здымаць на відэа нашага суразмоўцу.

Андрэй Ярашэвіч, гарадскі кіраўнік прафсаюзаў. Горадня, 10 чэрвеня. Фота belsat.eu

«Пра простых людзей кажа толькі Лукашэнка. Іншыя кажуць пра IT. Я не бачу ў іх сілы», – пракаментаваў Андрэй Ярашэвіч.

Жанчына падышла да журналістаў і сама папрасіла выказацца. Яна кажа, што пікет падстаўны і людзей зганяюць прымусова.

Пікет па збору подпісаў за прэтэндэнта ў кандытаты Аляксандра Лукашэнку ў Горадні, 10 чэрвеня. Фота belsat.eu

18:19 Людзей на пікеце парадзела. Падпісанты ў асноўным засталіся ля стэнду прафсаюзаў. Паводле нашых назіранняў, хваля людзей прыйшла адначасова і адначасова сышла.

«А што ў нас у краіне не так?» – задаецца пытаннем жанчына, якая прыйшла падпісацца за Аляксандра Лукашэнку.

Яшчэ адзін маладзён прыйшоў паглядзець на «3 %, якія галасуюць за дзейнага кіраўніка Беларусі». Сам ён падпісваўся за Лукашэнку.

https://www.facebook.com/photo.php?fbid=1589881244509873&set=a.119814774849868&type=3&theater

«Белсат» вёў наўпроставую трансляцыю з падзеі.

МГ belsat.eu

Hавiны