У Гон-Конгу пратэстоўцы заблакавалі аэрапорт

ВІДЭА

Адміністрацыя міжнароднага аэрапорту Гон-Конгу была вымушаная адмяніць усе рэйсы праз антыўрадавыя пратэсты. Пра гэта паведамляе Reuters.

Сотні дэманстрантаў занялі тэрыторыю каля стоек рэгістрацыі і ў зоне вылету. Каля тысячы знаходзяцца ў зоне прылёту. Пратэстоўцы выкарыстоўваюць багажныя каляскі для блакавання мытных пунктаў пропуску. Паміж пратэстоўцамі і пасажырамі перыядычна ўзнікаюць канфлікты.

Учора пратэстоўцы ўжо дамагліся спынення працы аэрапорту, аднак сёння раніцай рэйсы аднавіліся. Днём дэманстранты зноў змаглі заблакаваць працу аэрапорту.

«Прабачце за нязручнасці, але мы змагаемся за будучыню нашага дома», – гаворыцца на адным з плакатаў пратэстоўцаў.

Дэманстранты кажуць, што яны змагаюцца супраць паступовага скасавання дамоўленасці «адна краіна, дзве сістэмы», якая замацавала пэўную аўтаномію Гон-Конгу пасля вяртання былой брытанскай калоніі пад кантроль Кітаю ў 1997 годзе. Таксама яны патрабуюць адстаўкі кіраўніцы адміністрацыі Гон-Конгу Кэры Лам.

«Я думаю, паралізацыя працы аэрапорту будзе эфектыўным захадам, які прымусіць Кэры Лам рэагаваць на нас… Гэта можа яшчэ больш аказаць ціск на эканоміку Гон-Конгу», – кажа адна з дэманстрантак.

Пратэстоўцы ў аэрапорце Гон-Конгу. Фота: Forum, Zuma Press
Пратэстоўцы ў аэрапорце Гон-Конгу. Фота: Forum, Zuma Press
Пратэстоўцы ў аэрапорце Гон-Конгу. Фота – Forum, Reuters
Пратэстоўцы ў аэрапорце Гон-Конгу. Фота: Forum, Reuters

Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека заклікаў бакі да стрыманасці.

  • Пратэсты ў Гон-Конгу распачаліся яшчэ ў чэрвені. На акцыі супраць паправак у закон аб экстрадыцыі ў Кітай выйшлі сотні тысячаў чалавек, для разгону дэманстрантаў сілавікі выкарыстоўвалі гумовыя кулі, дубінкі і пярцовы газ. 15 чэрвеня ўлады Гон-Конгу адклалі на нявызначаны тэрмін прыняцце паправак у закон аб экстрадыцыі, аднак у жніўні пратэсты аднавіліся, бо дэманстранты патрабуюць цалкам адмовіцца ад прыняцця гэтага закону. Адбыліся жорсткія сутычкі пратэстоўцаў з сілавікамі, паліцыя зноў ужывала спецсродкі.
  • Закон аб экстрадыцыі дазволіць экстрадаваць жыхароў гораду нават у тыя краіны, з якімі ў Гон-Конгу няма пра гэта дагавора, у тым ліку ў мацерыковую частку Кітая. Сярод экстрадаваных апынуцца ўцекачы з мацерыка, якія крытыкуюць кітайскія ўлады і якія хаваюцца ад пераследу ў Гон-Конгу. Крытыкі папраўкі лічаць, што ў кітайскай судовай сістэме права людзей, якіх экстрадуюць, апынуцца неабароненымі, а сам Гон-Конг страціць сур’ёзную долю аўтаноміі.

У Гон-Конгу зноў пратэстуюць супраць закону аб экстрадыцыі ў КНР

ІІ belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары