У Гомлі зноў пратэставалі супраць фабрыкі шпалераў: сабраліся прыблізна 100 чалавек


На сустрэчу, зарганізаваную ініцыятыўнаю групаю жыхароў раёну Навабеліца, прыйшлі гэтым разам каля сотні чалавек. Да натоўпу людзей, якім надакучыў шум і смурод ад фабрыкі «Гомельшпалеры», нават выйшлі прадстаўнікі чынавенства ды кіраўніцтва самой фабрыкі.

Прадстаўнік фабрыкі «Гомельшпалеры» Віктар Кушняроў.
Фота: Ганна Вашчанка/Belsat.eu

Супрацоўнікі адміністрацыі Навабеліцкага раёну запрасілі тых, хто сабраўся на акцыю, у залю паседжанняў, але актывісты адмовіліся туды прайсці, спаслаўшыся на тое, што сустрэча была арганізаваная не чыноўнікамі, а народам – адпаведна гэта чыноўнікі і кіраўнікі фабрыкі мусяць самі выйсці да народа, а не наадварот.

Галоўны санітарны лекар вобласці Аляксандр Тарасенка.
Фота: Ганна Вашчанка/Belsat.eu

– Такая сітуацыя склалася: тры месяцы яны нас не збіралі, а проста ігнаравалі. Праблемы ад фабрыкі мы назіраем ужо год і ўвесь гэты год кіраўніцтва фабрыкі і чыноўнікі нас ігнаравалі. Дайшло нават да таго, што яны перасталі адказваць на звароты. Мы хадзілі ў гарадскую адміністрацыю, у абласную – і ніводнага пісьмовага адказу пасля гэтых візітаў не атрымалі. У нас у раёне стаіць невыносны гул. Мы напісалі 80 заяў у міліцыю. Людзі проста вар’яцелі ад смуроду і гулу – і на гэта мы таксама не атрымалі адказаў, – тлумачыць сітуацыю жыхарка Навабеліцы Алена. – Гэтыя чыноўнікі зараз выйшлі толькі таму, што людзей шмат сабралася. Калі б нас было мала – з намі наагул ніхто не размаўляў бы і ігнараваў як і раней.

Фота: Ганна Вашчанка/Belsat.eu

Галоўны санітарны лекар вобласці Аляксандр Тарасенка распавёў, што перавышэнняў па нарматывах выкідаў у паветры не было:

– Для таго, каб пераканацца ў існаванні праблемы па смуродзе, фабрыкай была запрошана лабараторыя з Расейскай Федэрацыі, якая мае высветліць: ёсць перавышэнні, або яны адсутнічаюць.

Галоўны санітарны лекар вобласці Аляксандр Тарасенка.
Фота: Ганна Вашчанка/Belsat.eu

У адказ на гэта людзі пачалі абурацца і распавядаць, што замеры на смурод рабіліся, калі прадпрыемства працавала не на поўную магутнасць і што замеры праводзіліся нават не ў той бок, куды дзьмуў вецер. Але што датычна праблемы з шумам, Аляксандр Тарасенка прызнаў, што сапраўды перавышэнні па шуму на некаторых вуліцах былі зафіксаваныя ў дзённы і начны час.

Hавiны
«Наш раён – не палігон». Гамельчукі зладзілі флэш-моб супраць шпалернай фабрыкі
2019.02.10 16:00

Прадстаўнік фабрыкі «Гомельшпалеры» Віктар Кушняроў распавёў, што да правядзення пэўных тэхналагічных дзеянняў і замераў адзін з участкаў прадпрыемства быў прыпынены:

– Прадпрыемства прымае вычарпальныя меры для таго, каб выправіць тыя недахопы, якія зараз існуюць і замінаюць людзям жыць. Санстанцыяй было прынята рашэнне аб прыпыненні дзейнасці аднаго з участкаў фабрыкі ў сувязі з гэтым. Таму на сённяшні дзень гэты ўчастак не працуе. Магу сказаць упэўнена – кіраўніцтва фабрыкі працуе над рашэннем гэтых праблем.

Фота: Ганна Вашчанка/Belsat.eu

Па выніках сустрэчы было прынята супольнае рашэнне аб магчымасці ажыццяўлення грамадзянскага кантролю падчас правядзення наступных замераў выкідаў з фабрыкі.

– Кіраўнікі санітарных службаў былі сёння літаральна кінутыя на амбразуру да абураных грамадзянаў, – распавёў сябра аргкамітэту сацыяльнага руху «Разам» Юры Глушакоў. – Па сутнасці яны нічога новага нам не паведамілі, як заўжды казалі, што ўсё пад кантролем. Але пад ціскам грамадзянаў, у якіх ужо накіпела, яны вымушаныя былі пагадзіцца на тое, чаго мы дамагаемся ўжо даўно – на грамадзянскі кантроль за замерамі. Бо на наш погляд тыя замеры, што праводзіліся раней, былі неабʼектыўнымі.

Ганна Вашчанка, фота аўтара/Belsat.eu

Аб’ектыў
Выкіды заводу «Гомельшпалеры» могуць быць прычынаю анкалагічных захворванняў
2019.02.13 21:34
Стужка навінаў