«Наш раён – не палігон». Гамельчукі зладзілі флэш-моб супраць шпалернай фабрыкі


Жыхары гомельскага мікрараёну Навабеліца ўжо не першы год пакутуюць ад фабрыкі «Гомельшпалеры», якая, паводле іх, атручвае паветра смуродам, а апошнім часам яшчэ і стварае надзвычай моцны шум. Жыць і мірыцца з гэтым навабелічане стаміліся і зладзілі флэш-моб, каб прыцягнуць увагу да праблемы і абараніць сваё права на чыстае паветра.

– У нас двое маленькіх дзяцей і жыць тут проста немагчыма. Гул стаіць такі, што нельга нават пакінуць на ноч вакно, адчыненым на праветрыванне – спаць проста немагчыма, – распавядае жыхарка дому па вуліцы Ільіча, што месціцца насупраць фабрыкі.

Жыць побач з заводам, кажуць мясцовыя, немагчыма

– Жыхары майго дому практычна ўсе працуюць на гэтым заводзе. Таму мы ўсе ў курсе, што там абсталявалі новую лінію, якая выпускае шпалеры. Але няма сістэмы фільтрацыі, ачысткі, няма печаў дапальвання. Зараз паставілі трубу, каб хоць трохі ачысціць паветра ўнутры цэхаў – вой праз яе стаіць такі, што немагчыма. Што рабіць тым, хто жыве побач з фабрыкай? Гул стаіць ледзь не на ўсю Навабеліцу! – кажа мясцовая жыхарка

Некалькі год таму, па словах мясцовых жыхароў, на «Гомельшпалеры» абсталявалі дзве новыя лініі па вырабе вінілавых шпалераў. На гэта фабрыка нават атрымала пэўныя субсідыі ад дзяржавы. Але старыя печы дапальвання не вытрымалі магутнасці новых ліній і папросту зламаліся без магчымасці аднаўлення. Праца без гэтых печаў і стала, на думку жыхароў, прычынай смуроднага паху, які разносіцца па ваколіцах у час працы ліній. З нядаўняга моманту да непрыемнага паху дадаўся яшчэ і вельмі моцны гул ад сістэмы вентыляцыі.

Людзі спадзяюцца, што з дапамогай флэш-мобу атрымаецца вырашыць іх праблему

– Каб вырашыць праблемы са смуродам і шумам, трэба набыць печы дапальвання. Грошай на гэта, кажуць, няма? Тады перадусім, пакуль не знойдзецца нейкі кампраміс, трэба забараніць працу гэтай лініі. За мяжой гэты завод ужо даўно зачынілі б і пасадзілі б усё кіраўніцтва. А ў нас гэта ўсё працуе і мы трываем, – абураецца жыхарка Навабеліцы.

Напачатку 2019 года ў інтэрв’ю газеце «Гомельскія ведамасці» дырэктар філіялу «Гомельшпалеры» Андрэй Башылаў заявіў:

– Адно з мерапрыемстваў па газаачыстцы – вызначэнне абʼёмаў па спектры рэчываў. Мы заключылі дамову з курскай лабараторыяй, акрэдытаванай на правядзенне адпаведных замераў, паколькі ў Беларусі такой няма. Напрыканцы снежня спецыялісты зрабілі адборы проб. Па іх выніках перавышэнняў гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі па 18-ці рэчывах не знойдзена. Прычым па выніках гэтых даследаванняў выяўленыя значэнні далёкія ад дапушчальных.

Некалькі год таму, па словах мясцовых жыхароў, на «Гомельшпалеры» абсталявалі дзве новыя лініі па вырабе вінілавых шпалераў

Але гэтым словам мясцовыя жыхары не давяраюць:

– Нейкая расейская кантора праводзіла праверку. Усе выдатна разумеюць, што любую такую кантору можна ўзнагародзіць тымі ж самымі шпалерамі, каб атрымаліся вынікі «якія трэба». Мы тут жывем і чуем, як гэта ўсё вые і смярдзіць. Пачынаецца кашаль, млосць, кружыцца і баліць галава. Гэта невыносна.

Людзі спадзяюцца, што з дапамогай флэш-мобу атрымаецца вырашыць іх праблему:

– Пачуйце нас. Нам ужо надакучыла маўчаць. Мы хадзілі да гарадской адміністрацыі, пісалі лісты ў Міністэрства прыродных рэсурсаў, у прыёмную кіраўніка краіны – толку ніякага. Як працавала фабрыка, так і працуе. Даюць адпіскі, нібыта ўсе замеры ў норме. А тое, што дыхаць немагчыма, немагчыма па вуліцы прайсціся, выйсці на рэчку – нікога не цікавіць.

Падчас флэш-мобу выйшаў брыгадзір аднаго з цэхаў «Гомельшпалеры». Але ўцямна патлумачыць нічога не змог.

Ганна Вашчанка, фота аўтара/Belsat.eu

Стужка навінаў