У Глыбокім жыхары дому 40 гадоў чакаюць капрамонту


Пастаянны праблемы з каналізацыяй і вадой – штодзённасць жыхароў вуліцы Леніна ў Глыбокім. Рамонт не робяць, чыноўнікі кажуць пра няўдалае размяшчэнне дому.

Ля 142-га дому на вуліцы Леніна ў Глыбокім зноў машына рамонтнікаў. Для жыхароў – ужо звыклая карціна: аварыі тут часта – то з водаправодам, то з каналізацыяй, то дах працякае, то вада ў сутарэнні. На адной са сценаў – шчыліна да трэцяга паверху.

«Пазамінулую зіму – усю зіму ездзілі 3-4 разы ў дзень адкачвалі каналізацыю, каналізацыя нікудышная. Пасля адрамантавалі. Цяпер – водаправод. Дах нікудышны, зробяць цякучы рамонт, але капітальнага няма», – кажа жыхарка дому Таццяна Трызна.

Спадарыня Таццяна назбірала ўжо цэлую папку лістоў ад упраўлення ЖКГ. Рамонт абяцалі спачатку ў пазамінулым, пасля ў мінулым годзе. Паводле заканадаўства, капітальны рамонт мусяць рабіць раз на 20–25 гадоў. Значыць, у гэтым доме, якому ўжо 40 гадоў, мусіць пачынацца ўжо другі, на справе ж не было і першага.

«Няма сродкаў! І гэта ўжо 8 гадоў доўжыцца – няма для нашага дому сродкаў!» – цытуе чыноўнікаў Таццяна Трызна.

Журналістка Таццяна Смоткіна, таксама жыхарка дому, не раз абівала парогі інстанцыяў і чула абяцанні, аднак будынак і надалей толькі латаюць.

«Праблемы заўжды з каналізацыяй, з водаправодам, зараз ідуць рамонтныя працы ў другім падʼездзе, прарывае трубы, яны зношаныя, нетрывалыя. Калі ідзеш у скляпенне за чымсьці, ідзеш па вадзе, капае з трубаў», – распавядае Таццяна Смоткіна.

Імаверна, нястача грошай – не адзіная прычына. Як даў зразумець Таццяне Смоткінай дырэктар камунальнай гаспадаркі, дому не пашанцавала з размяшчэннем.

«Калі я сказала, што рамонты праводзілі не аднойчы дамоў, якія ў цэнтры горада, ён сказаў: галоўнае – гэта твар у. Яны знаходзяцца ў цэнтры гораду, іх трэба аднаўляць, каб турысты бачылі, што горад прыгожы. А наш дом на ўскрайку, побач з камбінатам, і пра яго мала хто думае, апроч жыхароў», – працягвае Таццяна Смоткіна.

Таму кожны раз, вяртаючыся дахаты, жыхары 142-га дому на вуліцы Леніна з асцярогаю думаюць: што пацячэ, прарве ці сапсуецца гэтым разам?

Стужка навінаў