У гарадах Украіны прайшлі маршы ў памяць Сцяпана Бандэры


Марш памяці Сцяпана Бандэры ў Кіеве.
Фота: Pavlo Gonchar / Zuma Press / Forum

У 111-ю гадавіну з дня нараджэння кіраўніка Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, аднаго з ідэолагаў украінскага нацыяналістычнага руху XX стагоддзя Сцяпана Бандэры ў гарадах Украіны прайшлі акцыі. Пра гэта піша радыё «Свобода».

Каля 1000 чалавек прайшлі 1 студзеня факельным шэсцем ад парку Шаўчэнкі ў Кіеве да будынку Кіеўскай гарадской адміністрацыі. Удзельнікі трымалі ў руках паходні, сцягі партыі «Свабода», казацкіх арганізацыяў, чырвона-чорныя сцягі АУН, беларускія бела-чырвона-белыя сцягі.

У Львове дзень нараджэння Бандэры адзначылі шматлюдным грамадскім веча ля помніку дзеячу. Прадстаўнікі ўлады, палітычных і грамадскіх асяроддзяў усклалі кветкі да падножжа помніка і сумесна памаліліся за Украіну.

Факельны марш адбыўся 1 студзеня таксама ў Дняпры. Ён, паводле ацэнак арганізатараў, сабраў больш за 500 чалавек, якія, скандуючы патрыятычныя лозунгі, прайшлі па цэнтральных вуліцах гораду. На мітынгу перад маршам удзельнікі падзякавалі ўкраінскім вайскоўцам і добраахвотнікам, якія абараняюць краіну, і раскрытыкавалі навагодні зварот прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага.

Сцяпан Бандэра нарадзіўся 1 студзеня 1909 у Івана-Франкоўскай вобласці. З 1940 года кіраўнік Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў. Ён быў адным з аўтараў Акту аднаўлення Украінскай дзяржавы 30 чэрвеня 1941 года. Неўзабаве быў арыштаваны нямецкімі ўладамі. У 1942-1944 гадах знаходзіўся ў канцлагеры Заксэнхаўзэн. 15 кастрычніка 1959 года быў забіты ў Мюнхене савецкім агентам.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў