У Фаніпалі гарэў завод вымяральных прыбораў. Эвакуявалі 50 чалавек


Пажар здарыўся ў памяшканні склада гатовай прадукцыі «Фаніпальскага заводу вымяральных прыбораў “Энергамера”» на першым паверсе двухпавярховага адміністрацыйна-вытворчага будынку раніцай 6 чэрвеня. З месца эвакуявалі ўсіх, хто там знаходзіўся, – 50 чалавек. Пацярпелых няма.

Агонь пашкодзіў архіўную дакументацыю ды гатовую прадукцыю (электралічыльнікі) у кардоннай упакоўцы на плошчы 20 квадратных метраў. Прычына пажару высвятляецца.

Яшчэ адзін пажар здарыўся ў будынку матэрыяльнага склада прадпрыемства «Бальшавік-Агра» у вёсцы Крывічы Салігорскага раёну. Пажар знішчыў шыферны дах на плошчы 72 квадратных метраў ды ўсю маёмасць, што знаходзілася ўнутры. Пацярпелых таксама няма, прычыны высвятляюцца.

Нагадаем, 6 чэрвеня на хімічным заводзе ў Горадні адбылося задымленне ў адным з цэхаў. У выніку надзвычайнага здарэння дзве асобы загінулі, яшчэ тры трапілі ў рэанімацыю.

ДР, belsat.eu паводле МНС

Фота http://mani.by

Стужка навінаў