У бюджэт на 2019 год «ужо закладзеныя страты». Эксперты тлумачаць, што дакументы можна выкінуць у сметніцу


Праект рэспубліканскага бюджэту Беларусі на 2019 год сфармавалі з прафіцытам $ 1,7 млрд. Яго даходы на наступны год запланавалі на суму Br 23,7 млрд, выдаткі – Br 22 млрд. Пры гэтым каля Br 8,7 млрд накіруюць на пагашэнне ўнутранага і вонкавага доўгу ды абслугоўванне запазычанасці.

Як заявіў міністр фінансаў Максім Ермаловіч, бюджэт адаптавалі да самага неспрыяльнага сцэнара развіцця перамоваў з Расеяй наконт магчымай кампенсацыі за падатковы манеўр у нафтавай сферы. Гэта значыць, дакумент не ўлічвае якіх-небудзь прыбыткаў ад магчымай кампенсацыі РФ.

«У даходах бюджэту ўжо закладзеныя страты, звязаныя з гэтым падатковым манеўрам. Яны складаюць больш за Br 600 млн у 2019 годзе», – сказаў ён.

У каментары Belsat.eu расейскі эканаміст, эксперт у пытаннях нафты і газу Мікалай Круціхін адзначыў, што ўвогуле пытанне кампенсацыі Беларусі за падатковы манеўр Расеі не мае аніякага дачынення да эканомікі.

«Гэта чыста палітычныя справы, і развязвацца будуць толькі на самым версе двума кіраўнікамі», – заявіў ён, дадаўшы, што менавіта таму магчымасці прагназаваць, ці атрымае Беларусь якую-небудзь кампенсацыю, не выпадае.

У сваю чаргу беларускі эканаміст, кіраўнік Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук, адказваючы на пытанне Belsat.eu, падкрэсліў: Беларусі ўвогуле трэба паводзіць сябе як незалежная еўрапейская дзяржава і ўлічваць тое, што беларуская бюджэтна-фіскальная сістэма незалежная ад расейскай. На ягоную думку, да такіх вонкавых фактараў, як цэны на нафту ці газ або змены ў падатковых сістэмах іншых краінаў, трэба дастасоўвацца.

«Не трэба клянчыць у Расеі 500 млн [долараў – заўв. Belsat.eu] ці яшчэ што. Яна, можа, і дасць. Але будзе толькі горш. Яшчэ большая залежнасць», – падкрэсліў суразмоўца.

Паводле яго, Беларусі трэба пераразмяркоўваць тое, што ёсць, і шукаць крыніцы росту ды развіцця ў краіне. Але з праекту бюджэту вынікае, што ніякай прыватызацыі і пашырэння прыватнай ініцыятывы не будзе.

Яраслаў Раманчук назваў падрыхтаваны праект бюджэту спробай уладаў захаваць дзяржаўны план – «сістэму, якая і стала крыніцаю нашай залежнасці ад Расеі ў такой значнай ступені». Увогуле ж, мяркуе эксперт, сённяшні бюджэт прымаюць у такім стане, што ўжо напрыканцы студзеня наступнага года яго можна будзе «выкінуць у кошык».

МГ, belsat.eu

Стужка навінаў