Так выглядае дом № 7 корпус 1 на вуліцы Савецкай Канстытуцыі ў Берасці. Відэа
Дому № 7 корпус 1 на вуліцы Савецкай Канстытуцыі ў Берасці амаль 45 гадоў. Цягам апошніх 20 гадоў людзі ўласнымі сіламі змагаюцца з волкасцю, цвіллю ды грыбком.
«Калі адключылі ацяпленне, вось гэтая волкасць пайшла моцная, пачало выяўляцца ўсё больш і больш, зараз распаўзаецца па ўсёй сцяне. Вось такая праблема. Тут у гэтым пакойчыку якраз жывуць дзеткі, у іх алергія нейкая ці кашаль, мы не можам зразумець», – кажа жыхарка дому Ірына.
Асабліва актуальна гэтая праблема для жыхароў кутніх кватэраў. Як, напрыклад, у гэтай, дзе жыве спадарыня Ірына. Жанчына неаднаразова тэлефанавала ў ЖКГ, каб камунальнікі развязалі праблему.
«Але нікога не было. А потым праз два тыдні я зноў патэлефанавала, яны сказалі, што павінен прыйсці. Ну вось, да гэтага часу, гэта ўжо прайшло, напэўна, больш за два месяцы», – кажа Ірына.
Пяць гадоў таму камунальнікі сканавалі сцены ў кватэрах ды выявілі шмат расколінаў, якія правакавалі з’яўленне цвілі. Тады рабочыя ўцяплілі сцены кавалкамі пенапласту. Плёну гэта не прынесла.
«Напісалі заяву ў абласное ЖКГ, прыехаў адтуль прадстаўнік, мы на яго гаворым так і так, а ён кажа: у нас у паперах ваша сцяна кантавая ўжо зробленая», – кажа жыхар дому Васіль Сяргеевіч.
Чыноўнік паабяцаў, што разбярэцца ў сітуацыі ды нават што ў 2015 годзе людзям нарэшце зробяць капітальны рамонт. Аднак на сходзе жыхароў напрыканцы мінулага года новы начальнік ЖКГ заявіў: у графіку на найбліжэйшыя тры гады дому няма. На тым самым сходзе жыхарам прапанавалі адрамантаваць пад’езды за ўласныя грошы.
«Я кажу, што навошта ж плацім кожны месяц за капрамонт? Мы імі не распараджаемся, гэтымі грашыма, і ўсё», – кажа жыхарка дому Галіна Іванаўна.
Новы кіраўнік ЖКГ № 5 Міхаіл Асачук займае сваю пасаду каля чатырох месяцаў. Людзі распавядаюць, што на звароты жыхароў ён адказвае аднолькава, маўляў, ніякіх скаргаў і дакументаў у мяне няма, яны засталіся ў папярэдняга кіраўніка. Пракаментаваць сітуацыю «Белсату» чыноўнік адмовіўся.
«Я не буду з вамі гаварыць без ведама кіраўніцтва», – сказаў начальнік ЖКГ № 5 Міхаіл Асачук.
А пакуль кіраўнік ЖКГ адмаўляецца выконваць свае абавязкі, жыхары вымушаныя і надалей змагацца з цвіллю ды рабіць бясконцыя рамонты сваймі сіламі. Пры гэтым з пачатку мінулага года тарыфы на газ і электрычнасць павялічыліся на 20 %, плата за ваду вырасла ў 3,5 разы, растуць тарыфы на іншыя жыллёва-камунальныя паслугі.
Валерыя Уласік belsat.eu