У Берасці новая хваля рэпрэсіяў: суды над актывістамі ды журналістамі


Улады Берасця пачалі больш жорстка рэагаваць на пратэст супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. 24 красавіка ў судах прайшла серыя паседжанняў супраць актывістаў, а ўчора на журналістаў, якія супрацоўнічаюць з нашым каналам, склалі адразу пяць пратаколаў, паведаміў карэспандэнт belsat.eu у Берасці.

Удзельнікі акцыі пратэсту 7 красавіка атрымалі штрафы: Віталь Казак 765 рублёў, 127,5 руб. прысудзілі Віктару Сендару, абодвух затрымалі пасля акцыі 14 красавіка і ноч яны правялі ў ІЧУ. Таксама Алег Вялаў быў пакараны штрафам у 637,5 рублёў, Зміцер Андрасюк – 1020 руб штрафу.

Hавiны
Праціўнікаў акумулятарнага заводу масава выклікалі ў міліцыю і затрымалі да суду
2019.04.12 20:12

25 і 26 красавіка адбудуцца яшчэ 10 судоў над праціўнікамі заводу.

«Працаўнікі міліцыі сталі ўжываць рэпрэсіі супраць самых актыўных удзельнікаў пратэстаў, яны перайшлі да масавых затрыманняў і судоў супраць актывістаў, бо зразумелі, што адзінкавыя кропкавыя рэпрэсіі не працуюць. Улада і міліцыя вельмі баяцца галоснасці ды незалежных журналістаў, якія расказваюць праўду пра тое, што цяпер адбываецца ў нас у горадзе, таму рознымі спосабамі спрабуюць закрыць ім рот», – лічыць праваабаронца Раман Кісляк.

Hавiны
Затрыманні ў Берасці: на шэсце супраць акумулятарнага заводу выйшлі некалькі соцень чалавек
2019.04.14 13:52

Журналістаў, якія супрацоўнічаюць з нашым тэлеканалам, Мілану Харытонаву і Алеся Леўчука, напярэдадні ўвечары ўчастковы Руслан Хацько выклікаў у апорны пункт міліцыі. На іх склалі па два пратаколы паводле артыкулу 22.9 КаАП (парушэнне заканадаўства аб СМІ) за асвятленне пратэстаў супраць акумулятарнага заводу. Апроч таго, на Леўчука склалі пратакол паводле артыкулу 23.4 КаАП (непадпарадкаванне).

«Трэцяга сакавіка мы з Міланай Харытонавай выйшлі з дому, каб паехаць на працу, але нас схапілі працаўнікі міліцыі, якія не толькі не патлумачылі нам нашага статусу, але і ўжылі супраць мяне фізічную сілу. Зразумела, проста так пакінуць гэткае міліцэйская бязмежжа я не мог і напісаў скаргі ў Следчы камітэт і пракуратуру, але адтуль усе мае скаргі вярнуліся ў Маскоўскі РАУС Берасця, працаўнікі якога мяне і затрымлівалі. Адзін з працаўнікоў распавёў мне, што дарма я скардзіўся, бо мае скаргі ўсё роўна трапляюць у адное месца, і таму, каб не адказваць на скаргі, на мяне склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі, – распавёў belsat.eu Алесь Ляўчук.

Журналіста будуць судзіць 30 красавіка.

Кампанія «iPower» распачала будаўніцтва акумулятарнага заводу пры канцы 2017 года. Падрадчыкам выступае кітайская карпарацыя. Афіцыйная экалагічная экспертыза сцвярджае, што ўздзеянне прадпрыемства на навакольны асяродак будзе нязначнае, але мясцовыя жыхары выступаюць супраць праекту. Берасцейцы сабралі больш за 37 тысячаў подпісаў супраць будаўніцтва заводу і накіравалі іх у Адміністрацыю прэзідэнта. Кожную нядзелю жыхары Берасця выходзяць на акцыі пратэсту ў цэнтры гораду.

ХВ belsat.eu

Стужка навінаў