Затрыманні ў Берасці: на шэсце супраць акумулятарнага заводу выйшлі некалькі соцень чалавек


На шэсце супраць акумулятарнага заводу выйшлі некалькі соцень чалавек

Праціўнікі запуску акумулятарнага заводу ў Берасці прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця калонай скандуючы «Нет Заводу!»Шэсце скончылася затрыманнямі, людзі спрабавалі адбіць актывістаў, але не атрымалася.

Opublikowany przez Белсат TV Niedziela, 14 kwietnia 2019

Традыцыйнае кармленне галубоў на цэнтральнай плошчы ў Берасці і таксама традыцыйнае шэсце скончылася сёння, 14 красавіка, затрыманнямі.

На плошчы Леніна былі затрыманыя Аляксандр Кабанаў і Зміцер Бекалюк, на вуліцы Савецкай міліцыя схапіла яшчэ некалькі чалавек. На дадзены момант затрымана мінімум 15 чалавек.

Актывіст Зміцер Бекалюк дае інтэрв’ю нашаму тэлеканалу перад тым, як яго затрымалі на плошчы
Лідарам сёнашняга пратэсту стаў Алесь Абляк. Ён заклікаў не толькі спыніць завод, але і вярнуць крыжы ў Курапаты.

Кожную нядзелю ўжо больш за год берасцейцы выходзяць на кармленне галубоў – такім чынам яны пратэстуюць супраць акумулятарнага заводу «АйПаўэр». У пятніцу дзевяць грамадскіх актывістаў былі затрыманыя – іх памясцілі ў ІЧУ, верагодна ў панядзелак адбудуцца суды.

Праціўнікі запуску акумулятарнага заводу прайшлі па пешаходнай вуліцы Савецкая, скандуючы «Не заводу»

Нагадаем, у мінулую нядзелю, 7 красавіка, праціўнікі заводу прайшлі па цэнтральных вуліцах Берасця калонай скандуючы «Нет Заводу! ». Гэта ім улады і не даравалі. Да суду затрыманыя: Уладзімір Вялічкін, Уладзіслаў Абрамовіч, Дзям’ян Лепясевіч, Кацярына Басаргіна, Дзмітрый Андрасюк, Уладзімір Казлоўскі, Дзяніс Малашанка, Сяргей Свірскі, Алег Ярмоленка. Як стала вядома пазней, таксама быў затрыманы яшчэ адзін берасцеец – Алег Вялаў. Усе грамадзяне былі выкліканыя ў міліцыю Ленінскага раёну Берасця 12 красавіка позвай у якасці сведак па адміністрацыйнай справе, але ў выніку на іх былі складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а ў прыватнасці ў парушэнні артыкула 23.34 КаАП.

Натоўп пратэстоўцаў акружыў Алеся Абляка, каб супрацьстаяць затрыманню

14 красавіка таксама позвай у Ленінскі РАУС была выклікана Таццяна Фесікава. Як паведаміў праваабаронца Раман Кісляк – актывістка затрымана. На самой плошчы Леніна затрымалі блогера і актывіста Аляксандра Кабанава, а потым і аднаго з лідараў ініцыятыўнай групы супраць заводу Зміцера Бекалюка. Людзі спрабавалі адбіць Бекалюка, але не атрымалася. Тады кіраванне акцыяй узяў на сябе Алесь Абляк, яго супрацоўнікі АМАПа і міліцыі ў цывільным спрабавалі ўзяць каля кінатэатру «Беларусь», але людзі адбілі Абляка. Але на скрыжаванні Савецкай і праспекта Машэрава Алеся і яшчэ аднаго ўдзельніка шэсця Ягора Кандрацюка затрымалі. Зараз невядома, дзе знаходзіцца Ірына Сіліцкая, якую позвай выклікалі ў міліцыю, а таксама Віталь Казак, які меў позву ў Ленінскі РАУС на 14.00 14 красавіка.

Віталь Казак, грамадскі актывіст, праціўнік акумулятарнага заводу, зараз знаходзіцца ў Ленінскім РАУСе, пра гэта ён паспеў паведаміць журналістам «Белсату»

– Мяне абвінавацілі ў тым, што я 7 красавіка вёў стрым. Міліцыянт сказаў мне, што спачатку вы вядзеце стрым, а потым намёты станеце ставіць, а зараз яны прымушаюць мяне пакласці слухаўку, – паспеў перадаць з Ленінскага РАУСа «Белсату» Віталь Казак.

Як стала вядома «Белсату», Віталь Казак затрыманы. Мінулай ноччу адпусцілі з ІЧУ яшчэ адну актывістку – Кацярыну Басаргіну. Таксама стала вядома пра яшчэ аднаго берасцейца – Віктара Сендара. Яго затрымалі разам з Абляком.

Каб перашкодзіць пратэсту, улады на цэнтральнай плошчы гораду арганізавалі агляд-конкурс сярод навучэнцаў кадэцкіх і ваенна-патрыятычных класаў Берасця, на ім прысутнічала некалькі сотняў чалавек.

Ваеннае свята для навучэнцаў кадэцкіх і ваенна-патрыятычных класаў Берасця арганізавала ўлада каб перашкодзіць пратэсту

– Улады вырашылі закруціць гайкі, і перайшлі да сур’ёзных рэпрэсіям, затрымаўшы самых актыўных удзельнікаў пратэсту, але рыса ўжо пройдзеная, людзей гэта не спыніць, яны будуць дамагацца закрыцця гэтага заводу, – заявіў «Белсату» праваабаронца Раман Кісляк.

З пачатку красавіка ўлады спрабуюць збіць пратэст супраць акумулятарнага заводу, заводзячы на актывістаў крымінальныя і адміністрацыйныя справы. На 14:50 стала вядома, што на свабоду выйшла Ірына Сіліцкая.

Hавiны
Праціўнікаў акумулятарнага заводу масава выклікалі ў міліцыю і затрымалі да суду
2019.04.12 20:12

АС belsat.eu

Стужка навінаў