У Берасці не выпусцілі затрыманых журналістаў


Затрыманых у нядзелю ў Брэсце журналістаў Максіма Хлябца і Рамана Чмяля мусілі выпусціць з ізалятару сёння а 16:50, бо за адведзеныя трое содняў суд над імі так і не адбыўся.

Калегі чакалі іх ля сцен ізалятара. Але толькі што журналістаў вывезлі з ізалятару часовага ўтрымання і павезлі ў суд Маскоўскага раёну Берасця, паведамляе БАЖ.

Пазаштатнага карэспандэнта выдання «Брестская газета» Максіма Хлябца прывезлі ў суд у апошні момант.

Суддзя абвесціў перапынак да заўтра. Максім Хлябец і пазаштатны фатограф Раман Чмель правялі трое содняў у ізалятары часовага ўтрымання. Журналістаў вінавацяць у парушэнні артыкула 23.34 КаАП.

Цяпер за кратамі ўтрымліваюць 9 журналістаў, у тым ліку нашага калегу Алеся Любянчука. Журналісту «Белсату» далі 15 содняў за «непадпарадкаванне службовай асобе пры выкананні». Яго затрымалі падчас нядзельнага маршу 18 кастрычніка.

19 кастрычніка содні таксама атрымалі карэспандэнтка Onliner.by Дар’я Спевак, працаўнік газеты «Беларусы і рынак» Арцём Маёраў, фатограф TUT.BY і БелаПАН Вадзім Заміроўскі і журналіст БелаПАН Усевалад Зарубін.

Беларуская асацыяцыя журналістаў ад дня выбараў зафіксавала 292 выпадкі затрымання працаўнікоў незалежных медыяў.

  • За кратамі на Акрэсціна застаецца фрылансерка Алена Доўнар. 23-гадовая журналістка адседжвае другія 15 содняў. Дзяўчыну затрымалі 26 верасня на Жаночым маршы. На яе складалі два пратаколы: за ўдзел у акцыі 26 верасня і непадпарадкаванне міліцыі. Суддзя Кастрычніцкага суда сталіцы Аляксандр Рудэнка даў дзяўчыне не толькі содні, але і штраф – 1350 рублёў.

belsat.eu

Стужка навінаў