У Берасці 120 чалавек пратэставалі супраць акумулятарнага завода


У цэнтры Берасця жыхары гораду сабраліся на традыцыйную акцыю пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу. Усяго было каля 120 чалавек, паведаміў belsat.eu праваабаронца Раман Кісляк.

Людзі прыйшлі на плошчу Леніна, але там ужо адбывалася мерапрыемства, арганізаванае гарадскімі ўладамі.

«На плошчы зладзілі нейкае свята, сагналі туды школьнікаў. У выніку людзі пастаялі там, а потым вырашылі прайсці маршам па вуліцам Пушкінскай і Савецкай да кінатэатру «Беларусь», – распавёў Кісляк.

Паводле праваабаронцы, ніякіх інцыдэнтаў падчас шэсця не было, хаця міліцыянты ўвесь час пільнавалі ўдзельнікаў акцыі.

«Сёння затрыманняў не было, але напярэдадні затрымалі актывіста Віталя Казака. Я думаю, гэта звязана з сённяшняй акцыяй. Яго запрасілі ў апорны пункт міліцыі, а потым адвезлі ў РАУС», – дадаў Кісляк.

З пастарунку актывіста Казака перавялі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе той застаецца да панядзелка – імаверна, на гэты дзень прызначаны суд над актывістам.

Пратэсты супраць заводу распачаліся ў лютым 2018 году. Супраць будаўніцтва заводу падпісаўся кожны дзясяты берасцеец. Але ўлады не ідуць насустрач людзям. Удзельнікаў пратэсту неаднаразова затрымлівалі, штрафавалі, садзілі на содні. На думку пратэстоўцаў, завод, які будуе кампанія «АйПаўэр» можа быць шкодным для наваколля і кепска адбіцца на стане здароўя мясцовага насельніцтва.

Стужка навінаў