«Выбухнуць можа па ўсёй Беларусі». Пратэст супраць акумулятарнага заводу радыкалізаваўся


Пратэсты берасцейцаў супраць будаўніцтва кітайскага акумулятарнага заводу не сціхаюць ужо год. Напярэдадні абураныя грамадзяне замест звыклага стаяння на цэнтральнай плошчы і кармлення галубоў пайшлі калонай па цэнтры гораду. Белсат таксама выйшаў на вуліцы Берасця і спытаў у мінакоў, як яны ставяцца да будаўніцтва заводу і пратэстаў супраць яго.

Раман Кісляк, праваабаронца:

«Затрымалі Віталя Казака і Уладзіміра Вялічкіна. Уладзімір Вялічкін – праваабаронца, Віталь Казак – грамадскі актывіст. Іх запрасілі ў міліцыю апытаць, а ў выніку яны адтуль не выйшлі, іх затрымалі. […] Частка людзей у адчаі, людзі проста іх не чуюць. Усе аргументы і пратэсты ўлада не чуе – усё добра, усё ў рамах закону, усё праверана. Хоць у рэчаіснасці мы не можам трапіць на завод і праверыць, ці з тэхналагічнага боку бяспечная гэтая прадукцыя. […] Пратэсты не спыняцца, людзі стаяць рашуча, трэба прызнаць. Сабрана 40 тысячаў подпісаў – беспрэцэдэнтная лічба для Берасця».

Юрась Губарэвіч, старшыня руху «За свабоду»:

«Нашае рашэнне прыехаць выспявала даўно, але было важным наведаць акцыю, бо напярэдадні затрымалі актывістаў – гэта была праява салідарнасці з затрыманымі. Мы павінныя былі паказаць на ўласным прыкладзе, што баяцца няма чаго. […] Каталізатарам выбуху незадаволенасці можа быць любая падзея ў любым рэгіёне Беларусі, бо Берасце не адзіная кропка на мапе нашай краіны, дзе існуе такая напружанасць. Выбухнуць можа па ўсёй Беларусі…»

belsat.eu