У Берасцейскім раёне ўпалявалі зубра з Чырвонай кнігі


Напярэдадні на тэлефон даверу Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету паступіла паведамленне, што ў лесе каля вёскі Івахновічы Берасцейскага раёну ідзе незаконнае паляванне. Відавочца назіраў, як два сабакі гналіся за зубрам, потым пачуў стрэлы. Як высветлілася, трое паляўнічых палявалі на зайца. Яны мелі сезонныя пуцёўкі на пушніну, вось толькі трапіўся ім зубр. Пазней у галаве забітай жывёліны знайшлі карцеч. За забойства зубра прызначаны штраф 58,8 тысячы рублёў.

Сезон палявання на зайца адкрыўся 7 кастрычніка, за гэты час трафеямі сталі некалькі казуляў, самка лася, а цяпер яшчэ і зубр.

Belsat.eu сітуацыю пракаментаваў Дзяніс Кіцель, арнітолаг Берасцейскага аддзялення «Аховы птушак Бацькаўшчыны»:

«Паляванне паводле дзейных правілаў складанае і вельмі рэдка паспяховае. Калі бʼюць увечары качку, то бʼюць наўздагад, якая бліжэй будзе, – гэта мне знаёмыя паляўнічыя адкрыта распавядаюць. Што да зубра, упэўнены, адбылося нешта з той жа оперы – убачылі ды вырашылі заваліць, бо ёсць стрэльбы, зубр далёка ад статку, ніхто не ўбачыць. Але штосьці пайшло не так».

Гэта ўжо не першы выпадак у ваколіцах Белавежскай пушчы, калі там незаконна здабываюць еўрапейскага зубра, кажа Канстанцін Чыкалёў, старшыня грамадскага аб’яднання «Багна».

«У нас сістэматычна незаконна забіваюць сімвал Беларусі – еўрапейскага зубра. Браканьераў не спыняе тое, што гэта чырванакніжны звер і незаконнае забойства будзе каштаваць ім тысячы долараў. У гэтым выпадку цешыць пільнасць мясцовых жыхароў, дзякуючы іхнаму тэлефанаванню парушальнікаў удалося ўзяць з доказамі злачынства», – кажа эколаг.

Зубр быў забіты па-за тэрыторыяй нацыянальнага парку, ён выйшаў за межы ахоўнай тэрыторыі з уласнай волі, што кажа пра натуральнае рассяленне. Цяпер Беларусь займае першае месца ў колькасці зуброў у свеце, якія жывуць на волі. Гэта прыкладна 1600 жывёлінаў. У некаторых месцах зуброў, у тым ліку ў пушчы, – больш, чым могуць пракарміць угоддзі, таму яны вымушаныя міграваць на бліжэйшыя тэрыторыі.

ЛП, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары