У Бельгіі ўрадавы крызіс, кароль краіны адклаў прыняццё рашэння аб адстаўцы кабміну


Фота: Piroschka Van De Wouw / REUTERS / FORUM

Кароль Бельгіі Філіп прыняў прэм’ер-міністра краіны Шарля Мішэля, які агучыў манарху сваё прашэнне аб адстаўцы кабінета. Канчатковага рашэння па гэтым пытанні кароль пакуль не прыняў.

«Прэмʼер-міністр Шарль Мішэль быў прыняты на аўдыенцыі, дзе ён прадставіў прашэнне аб адстаўцы ўрада. Кароль пакуль адклаў прыняцце рашэння», – адзначаецца ў заяве Каралеўскага палаца.

У падобнай сітуацыі, па бельгійскай палітычнай традыцыі, манарх звычайна спачатку праводзіць кансультацыі з вядучымі партыямі каралеўства.

Прэмʼер Бельгіі Шарль Мішэль падаў у адстаўку пасля распаду кааліцыі, аб чым ён заявіў на паседжанні парламенту.

«Я ўбачыў, што мой заклік да парламента ня быў пераканаўчым, ён не быў пачуты. Я павінен паважаць і прыняць гэтую сітуацыю. Я прыняў рашэнне падаць заяву аб адстаўцы і маю намер неадкладна адправіцца да караля», – заявіў Шарль Мішэль у эфіры тэлеканалу RTBF

Пасля гэтага паседжанне парламента было спынена.

Галоўнай прычынай урадавага крызісу ў Бельгіі зʼяўляецца міграцыйнае пытанне, а ў прыватнасці Сусветны міграцыйны пакт ААН.

Прэмʼер-міністр Бельгіі меў намер падпісаць дакумент, супраць гэтага выступілі нацыяналісты. У выніку шэраг міністраў адмовіліся ад пасады.

ААН пачала працу над дакументам у лютым 2018 года. У яго распрацоўцы адмовіліся ўдзельнічаць ЗША, Польшча, Аўстрыя і Вугоршчына.

Урад самазабойцаў. Чаму чыноўнікі не пойдуць на рэформы?

СК, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары