Міністэрства транспарту і камунікацыяў займаецца вывучэннем пытання аб стварэнні ў адным з абласных цэнтраў Беларусі лётнішча для лоўкост-кампаніяў.
«Асноўны ўпор ідзе на развіццё рэгіянальных аэрапортаў з пункту гледжання прыцягнення туды і чартарных рэйсаў, і рэгулярных. Цяпер мы прапрацоўваем пытанне базавага абласнога аэрапорту для лоўкост-кампаніяў, якія могуць прыйсці ў Беларусь», – заявіў міністр транспарту і камунікацыяў Аляксей Аўраменка падчас калегіі ў сваім ведамстве.
Кіраўнік ведамства адзначыў, што пакуль невядома, дзе пабудуюць аэрапорт.
«Аднак у першую чаргу лоўкосты прыйдуць у абласныя аэрапорты – гэта наш падыход у рабоце з імі», – падкрэсліў Аўраменка.
Нацыянальны аэрапорт прынцыпова не жадае працаваць з таннымі авіякампаніямі. «Мы абралі іншы кірунак. У нас усё ж Нацыянальны аэрапорт Менск, ён павінен развівацца па класічных узорах. А лоўкост-кампанія прывезла ў канчатковы пункт – далей твае праблемы. У тым жа Парыжы некалькі аэрапортаў, але лоўкост-кампаніі ляцяць не ў Шарль-дэ-Голь, а за 90 кіламетраў ад Парыжа, і дабірайся потым як ведаеш», – заявіў у 2017 годзе дырэктар Нацыянальнага аэрапорту Дзмітрый Мелікян.