«Ryanair» звальняе працаўнікоў у Эйндговэне, бо яны не хочуць пераязджаць у Беларусь


Ірландскі перавознік звольніў усіх пілотаў і сцюардэс, якія працавалі ў галандскім Эйндговэне. Яны адмаўляліся ехаць працаваць у Беларусь, Марока, на Азорскія выспы або ў Балгарыю.

Пераезд меўся датычыць 16 пілотаў, 98 сцюардэс і сцюардаў, а таксама 10 чалавек наземнай абслугі. Прычынаю «Ryanair» называе закрыццё базы ў Эйндговэне 5 лістапада, абгрунтоўваючы рашэнне нізкімі фінансавымі вынікамі.

Як піша rp.pl, чальцы прафсаюзаў ужо гатовыя пратэставаць супраць гэтага рашэння «Ryanair».

Закрыццё базы ў Эйндговэне не азначае, што кампанія спыніць палёты або абмяжуе колькасць рэйсаў.

Раней у лістападзе галандскі суд вынес рашэнне, што працаўнікі не абавязаныя пераязджаць, а «Ryanair» абавязаны плаціць ім заробак. Пасля суда кампанія дала працаўнікам чатыры дні на прыняцце рашэння пра перадыслакацыю.

Беларусь – адная з нешматлікіх краінаў у Еўропе, куды не лётаюць лоўкостэры. Пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму замежнікі сталі больш актыўна наведваць нашую краіну. Паводле звестак Белстату на канец лістапада, з моманту ўвядзення бязвізавага рэжыму для грамадзянаў 80-ці краінаў у лютым 2017 году Беларусь наведалі амаль 179 тыс. турыстаў.

Дарэчы, Міністэрства спорту і турызму прапаноўвае павялічыць тэрмін бязвізавага ўезду ў Беларусь да 21 дня.

ДР belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары