У Беларусі з 1 студзеня захоўваюць звесткі пра сайты, якія наведалі карыстальнікі


Беларускія правайдары з 1 студзеня павінны захоўваць звесткі пра сайты, якія наведалі карыстальнікі. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Беларусі № 6 ад 18 лютага 2015 года.

Дакумент адзначае, што пастаўшчыкі інтэрнэт-паслуг абавязаныя з дапамогай адпаведных праграмаў і апаратуры захоўваць актуальныя звесткі пра інтэрнэт-рэсурсы, якія наведваюць карыстальнікі.

Правайдары будуць захоўваць наступную інфармацыю аб карыстальніках, уключаючы фізічных асоб, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў: нумар і дату заключэння дагавора на аказанне паслуг электрасувязі; прозвішча, уласнае імя, імя па бацьку (калі такое ёсць); адрас карыстальніка або адрас устаноўкі абаненцкай прылады (тэрмінала); звесткі, што даюць магчымасць вызначыць (ідэнтыфікаваць) карыстальніка інтэрнэт-паслуг або яго абаненцкую прыладу (тэрмінал); МАС-адрас або ідэнтыфікацыйны нумар абаненцкай прылады (тэрмінала) карыстальніка інтэрнэт-паслуг сотавай рухомай электрасувязі; для абанентаў сеткі сотавай рухомай электрасувязі – рэквізіты дакументу, што засведчвае асобу (яго назва, серыя, нумар, дата выдачы і назва дзяржаўнага органа, які выдаў дакумент).

Акрамя таго, будуць захоўвацца звесткі пра ўсе паслугі электрасувязі, актываваныя карыстальнікам інтэрнэт-паслуг, а таксама дата, час пачатку і заканчэння злучэнняў, унутраны і вонкавы IP-адрасы ды парты абаненцкай прылады (тэрмінала), даменнае імя або IP-адрас і порт інтэрнэт-рэсурсу, які наведвае карыстальнік інтэрнэт-паслуг, абʼём перададзеных і прынятых даных.

Звесткі пра наведаныя сайты маюць захоўвацца цягам аднаго года. Пастанова ўступае ў сілу з 1 студзеня 2016 года.

Павысіць ананімнасць у інтэрнэце можна, напрыклад, з дапамогай сістэмы «Tor», якую можна свабодна спампаваць у інтэрнэце.

МЯ, паводле БелТА

Стужка навінаў