У Беларусі стартуе гарналыжны сезон


Гарналыжны комплекс «Лагойск» абвясціў пра старт 24 лістапада зімовага сезону. А 16:00 мусіць адкрыцца 4-ая і навучальная трасы.

З дапамогай відэакамер на сайце «Лагойску» можна сачыць за тым, як снегавыя гарматы раскідваюць тут снег.

Стварэнне снежнай трасы ў «Сілічах».
Фота: silichy.by

Стварэнне штучнага снегу ідзе і ў гарналыжным комплексе «Сілічы». Але там старт новага зімовага сезону запланаваны не раней чым на наступныя выходныя, паведамілі карэспандэнту «Белсату» ва ўстанове.

Што датычыць коштаў, то ў «Лагойску» яны ў параўнанні з мінулагоднімі не змяніліся. У «Сілічах», напрыклад, пракат гарналыжнага камплекту нават стаў таннейшым. Калі год таму арандаваць яго можна было за 11 рублёў за гадзіну ці за 24 рублі на дзень, то сёлета – за 10 і 23 рублі адпаведна. У выходныя было 14 і 27 рублёў адпаведна, а стала 13 і 27.

З новаўвядзенняў – у «Сілічах» больш нельга заплаціць за карыстанне пад’ёмнікам адразу за ўвесь дзень – максімум на тры гадзіны. Каштуюць яны 21 рубель у будні і 32 у выходны. У «Лагойску» гэты ж час будзе каштаваць адпаведна 20 і 30 рублёў.

Для параўнання ў Польшчы за 2 гадзіны давядзецца заплаціць 60 злотых (больш за 31 рубель), ва ўкраінскім Букавелі – 585 грыўняў за 3 гадзіны (гэта амаль 50 рублёў).

МГ belsat.eu

Стужка навінаў