У Беларусі плануюць увесці крымінальную адказнасць за рэабілітацыю нацызму


У Беларусі распрацаваны законапраект аб змяненні законаў па пытанні ўзмацнення барацьбы з прапагандай нацызму і экстрэмізму. У прыватнасці, плануецца дапоўніць арт. 130 Крымінальнага кодэксу (распальванне расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варожасці) і ўвесці адказнасць за рэабілітацыю нацызму.

Санкцыі за рэабілітацыю нацызму будуць прадугледжваць да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Таксама плануецца ўнесці змены ў Кодэкс аб адміністратыўнай адказнасці. Прапануецца караць штрафам або арыштам за прапаганду, публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюд сімволікі або атрыбутыкі экстрэмісцкіх і тэрарыстычных арганізацыяў. Адказнасць за гэта будзе такая ж, як і за аналагічныя дзеянні з нацысцкай сімволікай або атрыбутыкай: для фізічных асобаў – штрафы да дзесяці базавых велічыняў (1 БВ цяпер роўная Br24,5) або адміністрацыйны арышт, для ІП – штраф да 50 базавых, для юрыдычных асобаў – да 200 БВ. Пры паўторным правапарушэнні цягам года пакараннем для фізічнай асобы можа стаць штраф ад 10 да 20 базавых велічыняў або адміністратыўны арышт, для ІП – штраф у 20-50 базавых, для юрыдычных асобаў – 50-200 БВ.

Папраўкі плануецца ўнесці таксама ў закон «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму». У ім будзе растлумачана, што разумеецца пад тэрмінамі «нацызм», «нацысцкая сімволіка і атрыбутыка», «рэабілітацыя нацызму». Што да апошняга, то, на думку аўтараў законапраекта, гаворка, у прыватнасці, ідзе аб апраўданні ідэалогіі і практыкі нацызму, адабрэнні або адмаўленні злачынстваў супраць міру і бяспекі чалавецтва, ваенных і іншых злачынстваў, праслаўленні ваенных злачынцаў і злачынных арганізацыяў.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў