У Барысаве дзве сямʼі чакаюць судоў за пікеты, у якіх не бралі ўдзелу


Сем’ям Камісаравых і Фомчанкавых з Барысава прыпісваюць удзел у пікетах на падставе знойдзеных бел-чырвона-белых сцягоў у іхных кватэрах падчас агляду. Мужчынаў да суда забралі ў ізалятар часовага ўтрымання, жанчын пакінулі чакаць працэсаў удома праз няпоўнагадовых дзяцей.

Маеш БЧБ-сцяг – бярэш удзел у пікетах

«Паводле пратаколаў міліцыі, пікеты адбыліся 9 і 10 студзеня», – распавядае Ірына Камісарава, якой закідаюць удзел у пікетах ля Гарадскога інфекцыйнага шпіталю і ля Аляксееўскіх могілак.

Пікет каля мясцовых могілак у Барысаве. Фота для рэдакцыі
Пікет каля мясцовага інфекцыйнага шпіталю. Фота для рэдакцыі

Нягледзячы на тое, што на здымках, якія трапілі ў інтэрнэт, не відаць твараў удзельнікаў, раніцаю 12 студзеня да Ірыны ды Аляксандра Камісаравых прыйшлі міліцыянты з пастановаю на правядзенне агляду, які санкцыянаваў пракурор Барысава.

«У пастанове напісана, маўляў, беручы да ўвагі, што раней я прымала ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, узнікла неабходнасць правесці агляд. Быццам ёсць падставы меркаваць, што я прымала ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні. І ў пастанове ідзе гаворка толькі пра пікет ля больніцы. Відаць, яны пасля вырашылі на нас і могілкі «павесіць», – разважае Ірына.

Фота для рэдакцыі

Акрамя сцягоў, падчас агляду з кватэры нічога не забіралі. Затым і зусім з’ехалі на правядзенне гэтай жа працэдуры па адрасах са свайго спісу. Аднак неўзабаве да сям’і Камісаравых вярнуліся. Не падымаючыся ў кватэру, праз тэлефон папрасілі праехаць разам у аддзел міліцыі для апытання ў справе знойдзеных сцягоў.

«У міліцыі сказалі: калі ў нас знайшлі сцягі – значыць, мы прымалі ўдзел у пікетах. І за гэта будуць складзеныя пратаколы на абаіх – мяне і мужа. У выніку на мяне склалі два, за больніцу і могілкі, на мужа – адзін, толькі за больніцу», – згадвае жанчына.

З аддзелу міліцыі Ірыну адпусцілі дадому да суда, бо ў сям’і – няпоўнагадовае дзіця. А вось Аляксандра затрымалі і завезлі чакаць працэсу ў ізалятар часовага ўтрымання.

У гэты ж дзень у ізалятар паводле аналагічнай справы трапіў сябар КамісаравыхУладзімір Фомчанка.

«Я была ў таварыстве людзей з інваліднасцю, калі мне патэлефанаваў сусед і сказаў, што ў нас міліцыя. Вова, мой муж, у той час паехаў да Сашы ды Іры, ведаючы, што там агляд і можа спатрэбіцца якая дапамога. Па вяртанні дадому міліцыянты яго і чакалі», – кажа Юлія Фомчанка, якую таксама вінавацяць ва ўдзеле ў пікетах.

У кватэры Фомчанкаў правялі агляд паводле пастановы пракурора. Знайшлі сцягі і бела-чырвоны парасон.

«У пастанове было напісана, што я ўжо прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасці, гэта і сталася прычынаю, каб да мяне прыехалі. Вось толькі ніколі да адміністратыўнай адказнасці не прыцягвалі, не было ў мяне дасюль 23.34. Адзінае – запрашалі на прафілактычную размову, але было гэта даўно, яшчэ ўлетку. Аналагічна і ў майго мужа», – абураецца Юлія ды зазначае, што аніякіх дакументаў праз гэта падпісваць не стала.

Уладзіміра забралі ў аддзел міліцыі, дзе склалі пратакол за нібыта ўдзел у пікеце ля Гарадскога інфекцыйнага шпіталю. Юлію пакінулі ўдома, бо ў сям’і – дзіця з інваліднасцю. А ўвечары да жанчыны прыехаў участковы і ўручыў ёй два пратаколы за ўдзел у несанкцыянаваных пікетах.

Фота для рэдакцыі

«Выберыце час суда і сяброўку з сабою вазьміце»

Ірына і Юлія спадзяваліся, што суды над імі ды іхнымі мужамі адбудуцца ў першыя ж содні пасля затрымання. Аднак разгляду справаў чакаюць ужо трэці дзень.

«У двух пратаколах маё прозвішча напісанае з памылкай. Я сама патэлефанавала ўчастковаму і сказала: «Выбачайце, у суд я не пайду, бо ўказанае не маё прозвішча». Тады ён прыехаў, забраў старыя пратаколы ды аддаў новыя, выпраўленыя», – распавядае Юлія.

Перапынкамі ўчастковы стаў цікавіцца, калі жанчына можа пад’ехаць у міліцыю 14 студзеня, прапануючы ёй розныя варыянты з раніцы. Калі Юлія папрасіла патлумачыць, з якой нагоды яе запрашаюць у аддзел, атрымала адказ: для судовага паседжання.

«Я здзівілася: маўляў, а ў нас можна вось так выбіраць час? – смяецца жанчына. – А ён мне і кажа, што патэлефанаваў, патлумачыў сітуацыю, што ў дзіцяці – інваліднасць. Таму дазволілі выбраць час. А пасля дадаў, каб я ўзяла з сабою Ірыну Камісараву».

Жанчыны прыехалі ў аддзел міліцыі а 10:30, іх сустрэў працаўнік і правёў у адзін з кабінетаў чакаць пачатку разгляду справы. Толькі а 14:00 ім паведамілі, што паседжанне перанеслі на наступны дзень.

Гісторыі
«Такія, як ты, на дзяржпрадпрыемстве працаваць не будуць». Валанцёр «Страны для жизни» страціў працу
2021.01.14 08:00

«Увогуле такое першы раз, каб людзей запрасілі не праз смс-апавяшчэнне ці званок ад сакратаркі з указанаю датаю, часам паседжання, а праз участковага – чалавека, які зусім не мае ніякага дачынення да працэсу», – разважае Ірына.

Прычынаў пераносу суда жанчынам тлумачыць не сталі. Пазней да Юліі зноў звярнуўся ўчастковы, сказаў, што ім трэба прыйсці на паседжанне 15 студзеня а 10:30.

«Мы адмовіліся прыходзіць, бо страцілі паўдня надарэмна. Вырашылі, што будзем чакаць афіцыйнай позвы, смс-апавяшчэння ці тэлефанавання з дакладнымі часам і датай. На гэта ўчастковы адказаў, што маем права. Калі ўчора ён угаворваў Юлію прыйсці і ўзяць мяне з сабою, то сёння яму было ўжо абыякава», – зазначае Ірына.

Паказанні міліцыянтаў – у прыярытэце

Для Ірыны Камісаравай гэта не першы выпадак, калі ёй закідаюць удзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве паводле фота з акцыі. Гэтак у снежні жанчына атрымала максімальны штраф (на той час – 1350 беларускіх рублёў) паводле артыкулу 23.34 за пікет ля Гарадскога стадыёну.

«28 лістапада ля стадыёну адбыўся пікет. Фота размясцілі на ex-press.by. Міліцыянты, якія быццам прысутнічалі, апазналі мяне. Хаця мяне дакладна там быць не магло», – сцвярджае Ірына.

Пікет у Барысаве. Фота для рэдакцыі

У пачатку снежня Ірыну запрасіў участковы Аляксандр Моніч азнаёміцца з рапартам. У дакуменце, складзеным 29 лістапада, міліцыянты Мароз і Сасонаў сцвярджалі, што на здымку ля стадыёну яны апазнаюць Ірыну. Пазней гэты рапарт са справы знік.

Нягледзячы на тое, што Ірына не прызнала ўдзелу ў несанкцыянаваным пікеце, пратакол на яе склалі. Вось толькі падпісваць яго жанчына не стала.

Другі раз участковы выклікаў Ірыну 13 снежня на падставе таго, што ў справу трэба ўнесці некаторыя змяненні.

«Калі я прыйшла, да мяне падышлі два міліцыянты і затрымалі. Спачатку адвезлі ў аддзел, затым у ізалятар, дзе мяне і судзілі праз «Skype», – згадвае Ірына.

На судзе высветлілася, што ў справе – іншы рапарт, складзены 8 снежня, і з прозвішчамі іншых міліцыянтаў – Моніча ды Чуркіна. Яны ж і выступалі ў якасці сведкаў абвінавачання.

«Уся аргументацыя будавалася на тым, што я была ў чырвоным паліто. Але ў мяне няма чырвонага паліто, у мяне – чырвоная куртка, не на гузіках, а на маланцы. Я і суддзі паказвала сваю куртку. Звяртала ўвагу на фотаздымак: там жа цёмныя валасы… Аднак Моніч сказаў, што фота дае скажэнне, і калі ён мяне там бачыў, то валасы былі светлыя. Чуркін таксама пацвердзіў, што пазнае мяне, нават у масцы», – расказвае Ірына.

Ірына Камісарава. Фота для рэдакцыі

Да таго ж у жанчыны было алібі на час, калі адбывалася акцыя. І сведка, які на судзе даў паказанні пра невінаватасць Ірыны. Аднак суддзя Таццяна Дзеравянка палічыла ягоныя словы непраўдзівымі і прысудзіла Ірыне максімальную суму штрафу паводле артыкулу 23.34 – 1350 рублёў.

Фота для рэдакцыі
Фота для рэдакцыі
Фота для рэдакцыі
Фота для рэдакцыі

Цяпер Ірына не мае надзеі на станоўчы зыход справы для сябе, мужа і сяброў.

«Месяц таму мне далі 50 базавых. Цяпер у мяне 23.34, частка 3-я, ды яшчэ паўторна. І дзве справы… Я нават не ўяўляю, які мне штраф дадуць. Мужу, верагодна, будуць содні», – разважае Ірына Камісарава.

Hавiны
«Колькасць палітзняволеных будзе ісці на сотні». Што трэба ведаць пра суды ў крымінальных палітычных справах
2021.01.08 07:00

Хрысціна Чарняўская, Belsat.eu

Стужка навінаў