Сёння ў Бабруйскім раённым судзе адбываецца паседжанне па справе былога старшыні мясцовага выканкаму Андрэя Каваленкі. Яго судзяць за атрыманне хабару ў буйным памеры (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэксу РБ).
Беларускае заканадаўства прадугледжвае за гэта пакаранне ў выглядзе ад 5 да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і забаронай займаць у будучыні пэўныя пасады.
Справай Каваленкі займалася галоўнае ўпраўленне па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэту.
Паводле абвінавачвання, Каваленка атрымліваў ад прадстаўнікоў суб’ектаў гаспадарання і іншых грамадзян Беларусі буйныя сумы грошай, у тым ліку, у замежнай валюце як хабар за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, што ўваходзілі ў ягоную кампетэнцыю.
Агулам следства выявіла 10 эпізодаў дачы хабару, па 4 з іх Каваленка не прызнаў віну. Таксама па гэтай справе ў статусе абвінавачаных праходзяць уладальнікі кавярні «Апшэрон» – Эльшат і Артур Ахундавы, якія прызналі віну цалкам.
Былы старшыня Бабруйскага выканкаму быў затрыманы ў лістападзе 2016 году супрацоўнікамі ГУБАЗіК МУС і абласнога КДБ і змешчаны ў ізалятар часовага ўтрымання.
КА,belsat.eu