16 ліпеня дзве актывісткі руху маці пачалі галадоўку. У найбліжэйшыя дні да іх далучацца іншыя ўдзельніцы руху. Жанчыны змагаюцца за справядлівыя прысуды і змяншэнне тэрмінаў зняволення паводле вядомага наркатычнага артыкулу № 328 Крымінальнага кодэксу.
Руху «Маці 328» 16 ліпеня спаўняецца 5 гадоў. За гэты час яны правялі мноства акцый і перамоваў з дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў. Ім удалося паменшыць тэрміны некаторых людзей на 2 гады.
Маці галадаюць ужо трэці раз. Пачынаюць дзве жанчыны – Ала Берналь і Алена Кузьміна. Затым да іх далучацца іншыя ўдзельніцы руху.
«Мы чарговы раз у глыбокім роспачы з-за таго, што ўвага ўладаў праходзіць міма нас – маці, чыіх дзяцей асудзілі па артыкуле 328. Асабліва жорсткая 4 частка гэтага артыкула, у якой у злачынстве нібыта ўдзельнічае група асоб. Але часта ў справах няма ніякіх груп і дзеці сядзяць паасобку на лаве падсудных. Па гэтай частцы тэрміны бываюць да 18 гадоў. Нашы дзеці, асуджаныя па 4 частцы артыкула 328, сядзяць па 14, 15, 16, 17 гадоў. За гэты час можна зламаць жыццё не толькі дзяцей, але і іх бацькоў», – кажа Алена.
«Наркотыкі не сканчаюцца, калі дзяцей саджаюць. А дэкрэт №6 змагаецца не з наркотыкамі, а з наркаманамі – тымі, каму патрэбны курс рэабілітацыі. Мы ў роспачы і аб’яўляем новую галадоўку, таму што патрабуем перакваліфікацыі спраў па артыкуле 328. Мы не кажам, што нашы дзеці не вінаватыя. Мы ведаем усе дробязі, якія датычныя артыкула 328. Яны вінаватыя, але не на такія тэрміны», – працягвае Алена Кузьміна.
«Нашы дзеці – маладыя ініцыятыўныя людзі, якія могуць зрабіць вельмі многае ў жыцці, а ў турме яны пазбаўленыя такой магчымасці», – кажа Ала.
Акцыя праходзіць у вёсцы, дзе летам жыве Алена Кузьміна. Суседзі ставяцца да яе дзейнасці станоўча і часам прапануюць дапамогу.
«Мой сын Антон сядзіць у турме, дзе нечалавечыя ўмовы для жыцця. Яго нават пазбаўляюць адзінага званка са мной раз у месяц. Я не бачыла яго 3 гады. Ён кажа, што моцна схуднеў: скура абцягвае яго косткі. Хутка будзе 6 гадоў, як ён сядзіць», – распавядае Іна Джумава.
«Дзякуючы нашаму руху, некаторыя дзеці вызваліліся раней. У тым ліку мой сын. Праз два дні будзе 7 месяцаў, як ён дома. Я прыйшла на гэтую акцыю, таму што хачу падтрымаць маці, чые дзеці знаходзяцца ў турме да гэтага часу. Тое, што адбываецца сёння ў краіне, – гэта свядомае знішчэнне здаровай нацыі. Нельга такім варварскім спосабам знішчаць уласны народ», – кажа Людміла Ждановіч.
Небяспеку таксама ўяўляе артыкул 411 КК РБ. Па ім могуць асудзіць зняволеных, калі ў іх у камерах знойдуць, напрыклад, пыл. З-за гэтага павялічваюцца тэрміны, якія могуць дайсці нават да пажыццёвага зняволення. Актывісткі руху «Маці 328» хочуць, каб гэты артыкул цалкам ліквідавалі.
Таня Капітонава, фота аўтара Belsat.eu