«Цукровая справа»: разбіраемся, што адбываецца з цукрам і чаму ў Расеі ён таннейшы


Сілавыя структуры не даюць афіцыйных каментароў, аднак СМІ паведамляюць пра затрыманне кіраўнікоў усіх цукровых заводаў. У Беларусі іх чатыры: у Гарадзеі, Слуцку, Жабінцы і Скідзелі. Што ж адбываецца ў цукровай галіне нашай прамысловасці і пры чым тут расейскі рынак, Belsat.eu тлумачыць разам з экспертамі.

Медыі паведамляюць: кіраўнікі чатырох прадпрыемстваў, што займаюцца вытворчасцю цукру, былі затрыманыя адзін за адным на гэтым тыдні. Дырэктараў Гарадзейскага і Слуцкага камбінатаў Міхаіла Крыштаповіча і Мікалая Прудніка знялі з рэйсу «Белавія», які накіроўваўся з Менску ў Мюнхен, аднак развярнуўся дзеля экстранай пасадкі ў Горадні. Пасля ў медыях з’явіліся паведамленні пра затрыманне дырэктара Скідзельскага цукровага камбінату Дзмітрыя Ягорава і кіраўніка заводу ў Жабінцы Віктара Міронава.

28 студзеня TUT.by напісаў, што «знік» кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрый Кірылаў. Гэтую кампанію з офісам у Маскве беларускія цукровыя заводы заснавалі дзеля рэалізацыі сваёй прадукцыі на расейскім рынку. Паводле крыніцы выдання, Кірылаў таксама з’яўляецца фігурантам «цукровай справы», аднак на працоўным месцы кажуць, што той нібыта ў камандзіроўцы.

Ні Следчы камітэт, ні КДБ ніякім чынам не каментуюць інфармацыю пра арышты дырэктараў.

Hавiны
Сілавікі не пацвярджаюць затрыманне кіраўнікоў цукровых прадпрыемстваў. Іх на працы няма
2020.01.27 13:56

Дзяржаўная падтрымка для стратных заводаў

Цукровая галіна – адна з ключавых у структуры харчовай прамысловасці Беларусі. На сённяшні дзень каля 370 сельскіх гаспадарак у чатырох вобласцях краіны займаюцца вырошчваннем цукровых буракоў і пастаўляюць іх на згаданыя дзяржаўныя заводы для перапрацоўкі. Паводле звестак канцэрну «Белдзяржхарчпрам», агулам яны перапрацоўваюць больш за 35 тысяч тонаў цукровых буракоў за содні і на 100 % задавальняюць патрэбы ўнутранага рынку. А завод у Скідзелі за сезон 2018-2019 нібыта дасягнуў такіх поспехаў, што нават быў прызнаны «Лепшым цукровым заводам Мытнага звязу».

Тым часам аўдытары характарызавалі фінансавае становішча прадпрыемстваў як «складанае». Непакрытыя страты за 2018 год там перавысілі 50 млн рублёў. А чыстыя страты Жабінкаўскага заводу дасягнулі 16,2 млн рублёў (у 2017 годзе яны складалі 2,9 млн).

Цукровы завод у Скідзелі.
Фота: rgazeta.by

Справаздачы за 2019 год пакуль няма ў адкрытым доступе, але цягам 2018-га тры з чатырох заводаў (за выключэннем Слуцкага) трымаліся толькі дзякуючы падтрымцы дзяржавы. Яны не выходзілі на рэнтабельнасць, таму дзеля набыцця сыравіны і прыроднага газу (на якім працуе вытворчасць) былі вымушаныя браць крэдыты ў банках. Урад, у сваю чаргу, надаў банкам гарантыі ў пагашэнні запазычанасці па гэтых крэдытах. Акрамя таго, Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) на 15 % панізіла для цукровых заводаў кошты на набыццё буракоў і паліва.

Hавiны
Таннага цукру надалей не будзе, улады працягнуць кантраляваць кошты
2020.01.01 16:48

Чаму расейскі цукар такі танны?

Каб захаваць стратэгічную галіну, дзяржава падвышала цэны на тавар: з улікам НДС цукар у беларускіх крамах цяпер павінен каштаваць не менш за 1,5 рублі за кілаграм. Аднак побач на паліцах апынуўся танны расейскі цукар. Восенню 2019 «КП» пісала, што цукар Бранскага заводу каштаваў на 24 капейкі танней за цукар з Гарадзеі. У чым прычына такога разрыву?

«Па-першае, узровень ураджайнасці буракоў у Беларусі, як і ўтрымання ў іх цукру, у разы ніжэйшы за Расею. І нягледзячы на тое, што МАРГ рабіў зніжку беларускім заводам, для расейскіх кошты на энерганосьбіты, якія падаюцца на цукровыя камбінаты, таксама ніжэйшыя», – тлумачыць экс-дарадца міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Казімір Раманоўскі.

У Расеі кошты на цукар падаюць таму, што прапанова перавышае попыт. Як паведамляў РБК, у чэрвені 2019 году яны абнавілі пяцігадовы мінімум. У той час сабекошт беларускага цукру аказаўся большым за экспартны.

«Я высветліў, што мы прадавалі на экспарт цукар па 30-40 цэнтаў за кілаграм», – заўважае былы дарадца. – Гэта ў значнай ступені падарвала эканоміку».

Сярод прычын непаспяховасці цукровай галіны ў Беларусі эксперт таксама называе вельмі дарагую мадэрнізацыю, праведзеную на камбінатах, стратнасць гаспадарак па вырошчванні буракоў, якія дзяржава ім «падаравала», і празмерную закрэдытаванасць.

«Адсутнасць уласных абаротных сродкаў – асноўная прычына, па якой цукровая галіна падае ва ўсё большую яму. Яна вынікае з праліку ў развіцці гэтай галіны. У 2009 годзе дзяржава нават хацела будаваць пяты цукровы завод і я тады пытаўся, навошта гэта трэба?», – кажа Раманоўскі.

«У Эстонію прадавалі па 29 цэнтаў»

Цікавы факт, на які яшчэ летась звярнулі ўвагу журналісты «Белсату»: у расейскіх крамах наш цукар каштуе танней, чым у беларускіх. У адным з сеткавых супермаркетаў яго можна набыць усяго за 24,9 расейскіх рублі, то бок за 83 нашыя капейкі.

Hавiны
У Санкт-Пецярбурзе прадаюць беларускі цукар амаль удвая танней, чым у Беларусі
2019.12.10 17:19

Як прыкмецілі чытачы «Нашай Нівы» яшчэ на пачатку 2018 году, прадукцыя Слуцкага камбінату ў маскоўскай краме «Перекресток» прадавалася па 26,9 расейскіх рублёў за кг, у пераліку на беларускія гэта 93 капейкі.

Гарадзейскі і Жабінкаўскі цукар у маскоўскіх рытэйлераў можна знайсці па 24 рублі (або 81 беларускую капейку).

Эканаміст Леанід Заіка і раней звяртаў увагу на тое, што Беларусь рэалізуе тавар на экспарт па нізкіх коштах, бо для дзяржавы важней за ўсё поўная загрузка магутнасцяў камбінатаў.

Паводле яго, каб выканаць план па аб’ёмах вытворчасці, Беларусі даводзілася рэалізоўваць тавар па бросавых цэнах.

«Яшчэ некалькі гадоў таму мы прадавалі цукар у Эстонію ўвогуле па 29 цэнтаў, у Расею – па 49, а свайму насельніцтву – па 75. У якой нармальнай краіне гэта будуць добра ўспрымаць? Я не думаю, што гэта рабілі ўласна самі дарэктары заводаў, яны могуць праходзіць, хутчэй, як сведкі. Але там, відавочна, быў беспарадак», – сцвярджае эканаміст.

КА belsat.eu

Стужка навінаў