«Ціханоўскую патрабуем вярнуць». Як пратэставалі рабочыя МТЗ і МАЗа


МАЗ і МТЗ далучыліся да пратэстаў: аўтамабільны завод пакуль абмежаваўся мітынгам, а частка цэхаў трактарнага распачала страйк ужо цяпер. Belsat.eu распавядае, як пратэставалі буйныя прадпрыемства ў Менску і як рабочыя МТЗ зладзілі шэсце да Дому ўраду.

«Тут таксама людзі»

Сустрэча рабочых МАЗа з кіраўніцтвам заводу пачалася ў 12:00 і цягнулася некалькі гадзінаў. На сходзе, які адбываўся ва ўнутраным дворыку завода, прысутнічала не менш за тысячу чалавек. Людзі абураліся гвалтам сілавікоў, лаялі Лукашэнку і патрабавалі ягонай адстаўкі. СМІ на сход не пусцілі, хаця працоўныя гэтага дамагаліся.

«Дырэктар сказаў, што мы не хочам пускаць СМІ, бо не хочам выносіць сварак з хаты. Але мы хочам паказаць, тут таксама ёсць людзі і яны працуюць, і яны забяспечваюць дзяржаву», – тлумачыў адзін з іх.

МАЗ.
Фота: Belsat.eu

Дыялог ішоў складаны. Гендырэктар Валерый Іванковіч старанна пераконваў людзей, што ён «за народ» і што варта захаваць вытворчасць, бо канкурэнты могуць гэтым скарыстацца. Але яго раз за разам перабівалі пратэстоўцы свістам і крыкамі «Ганьба». Часам натоўп пачынаў скандаваць «Жыве Беларусь».

Эмоцыяў сходу дадаў выступ працаўніцы заводу, якая была затрыманая падчас пратэстаў. Яна падрабязна распавядала пра здзекі і катаванні сілавікоў на Акрэсціна.

«Збівалі мужчын, збівалі дзяўчат… У камеры было 80 чалавек…Яны ж проста здзекаваюцца над людзьмі, а мы ім плацім заробак са сваіх падаткаў». – казала яна і яе словы сустракаў гул абурэння.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Іванковіч, у сваю чаргу, заклікаў працоўных абмяркоўваць сітуацыю без эмоцыяў і спрабаваў нагадаць МАЗаўцам, якія ільготы і беспрацэнтныя пазыкі атрымлівае завод па загаду Лукашэнкі.

– Вы так кажаце, быццам бы прэзідэнт свае асабістыя грошы нам дае…

– Не, грошы бюджэтныя. Але ён падпісвае ўказ.

– Ну дык будзе іншы прэзідэнт і ён таксама падпіша…

Ад адказу на пытанне, ці лічыць ён, што выбары былі сфальсіфікаваныя, гендырэктар ухіляўся: маўляў, не існуе «няма чорнага і белага» і наагул усё ў жыцці складана. Натоўп рэагаваў абурэннем. Сівы рабочы, узяўшы мікрафон, заявіў, што Лукашэнка – хворы чалавек і ўяўляе небяспеку для грамадства.

Фота: Таня Капітонава / «Белсат»

Аднак 14 жніўня забастоўку МАЗ усё ж не распачаў. Гендырэктар паабяцаў рабочым нікога не звальняць і перадаць усе іх патрабаванні ўладам. Пратэстоўцы ў сваю чаргу ўсё ж пагадзіліся пачакаць да панядзелка. З прахадной МАЗ рабочыя выходзілі злымі, але ўпэўненымі ў сябе.

– Калі вашыя ўмовы не выканаюць, будзеце ад панядзелка баставаць?

– Будзем, – адназначна адказвалі людзі, не спыняючы ходу.

«Размова не склалася»

Некаторыя суразмоўцы belsat.eu з МАЗу выказвалі меркаванне, што рабочыя вырашылі пачакаць да панядзелку выключна пад уплывам генеральнага дырэктара Валерыя Іванковіча – кажуць, на заводзе ён усё ж мае аўтарытэт. А вось на МТЗ такога аўтарытэтнага кіраўніка не знайшлося. Не дапамог нават прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, які прыехаў гутарыць з рабочымі.

Рабочыя МТЗ маюць палітычныя патрабаванні.
Фота: Belsat.eu

Сустрэча прэм’ера з рабочымі мусіла распачацца ў 15:30. Бліжэй да гэтага часу каля прахадной заводу пачалі прыходзіць жанчыны – усяго сабралася каля 70 чалавек «Мы не сваякі рабочых, не. Мы проста хочам падтрымаць іх. Мы – за забастоўку», – тлумачылі яны журналістам. Жанчыны і дзяўчаты стварылі двайны ланцуг: усіх, хто выходзіў з прахадной на вуліцу, яны сустракалі крыкамі «Дзякуй» і дарылі кветкі. Але хутка калідор салідарнасці страціў усялякі сэнс: на пляцоўку перад прахадной заводу вывалілі больш за тысячу працаўнікоў МТЗ.

«Размова з Галоўчанкам не склалася, – канстатаваў малады хлопец, – Нашай умовай быў допуск журналістаў на перамовы. Той адмовіўся. Таму мы выйшлі на вуліцу. Калі хоча размаўляць з намі – няхай ідзе сюды».

МТЗ страйкуе.
Фота: Belsat.eu

Рабочыя пачалі скандаваць: «Жыве Беларусь» і патрабаваць, каб да іх на прахадную выйшаў прэм’ер. Прэс-сакратарка МТЗ тым часам выйшла да журналістаў і распавяла, што шэраг цэхаў спынілі вытворчасць «праз несанкцыянаваны мітынг працаўнікоў». Афіцыйнае прызнанне забастоўкі не пакідала сумневаў: Галоўчанка ўжо не разлічвае дамовіцца з рабочымі і не збіраецца да іх выходзіць.

Адзін з лідараў стачачнага камітэту тым часам агучыў на пляцоўцы перад прахадной патрабаванні забастоўшчыкаў:

«Першае і самае важнае: адстаўка дзейнага прэзідэнта. Згодны?» Пратэстоўцы выказалі сваю згоду бурнымі крыкамі і авацыямі. «Другое: правядзення новых сумленных прэзідэнцкіх выбараў…», – працягнуў зачытваць ён. Лідара стачкаму хтосьці з натоўпу дапоўніў: «Выбары без Лукашэнкі!»

Агулам у забастоўшчыкаў не было ніводнага эканамічнага патрабавання – выключна палітычныя. Людзі патрабавалі зняцця абвінавачванняў з усіх палітвязняў і спынення ўсялякага палітычнага пераследу, вывад вайскоўцаў з гораду, забеспячэнне свабоды СМІ і інтэрнэту.

«І Ціханоўскую патрабуем вярнуць – яна наш прэзідэнт, мы за яе галасавалі», – дадаў спікер забастоўшчыкаў пад бурныя авацыі. Пасля гэтага ўвесь натоўп пачаў скандаваць «Сыходзь».

ВІДЭА
«Зваротнага ходу для Беларусі няма». Калеснікава выставіла патрабаванні да ўладаў
2020.08.14 00:33
МТЗ патрабуе вярнуць у Беларусь спадарыню Прэзідэнт.
Фота: Belsat.eu

МТЗ ідзе

Нарэшце забастоўшчыкі вырашылі прайсціся шэсцем па гораду, «каб іх людзі ўбачылі». Ісці вырашылі да Дому ўраду.

«Калі ўрад да нас не прыйшоў, тады мы да яго прыйдзем», – сказаў адзін з рабочых.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Дэманстрацыя рабочых мала адрознівалася ад звычайнага пратэстнага шэсця ў Беларусі – хіба што бел-чырвона-белых сцягоў у іх фактычна не было (аднак некалькі хлопцаў намалявалі сцяг проста на лісце паперы і ішлі з ім). Затое лозунгі былі традыцыйныя: «Жыве Беларусь», «Верым. Можам. Пераможам», «Сыходзь». Часам рабочыя дадавалі да гэтага скандаванне «МТЗ».

Фота: Belsat.eu

Многія працаўнікі заводу старэйшага ўзросту прызнаваліся: праз адключаны інтэрнэт яны амаль нічога не ведалі пра тыя жахі, якія адбываліся на вуліцах беларускіх гарадоў 9-10 жніўня. Але калі інтэрнэт запрацаваў, рабочыя былі шакаваныя лютасцю сілавікоў. Амаль адразу яны арганізавалі стачкам з больш чым 20 чалавек. Аднак апошняй кропляй для рабочых стала заява Аляксандра Лукашэнкі, які 14 жніўня на нарадзе сказаў, што на МТЗ і МАЗе незадаволеных нібыта было 20 чалавек. Словы Лукашэнкі вельмі пакрыўдзілі і раззлавалі людзей. Амаль адразу яны намалявалі плакаты: «Не авечкі, не быдла, не народзец. Мы работнікі МТЗ. Нас не 20 чалавек, а 16 000».

Hавiны
Лукашэнка пра забастоўкі: яны могуць негатыўна сказацца на працы прадпрыемстваў
2020.08.14 14:16
Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

«Глядзі, што робіць, як хлусіць… 20 чалавек, кажа…Ну вось няхай паглядзіць, якія тут 20 чалавек», – усю дарогу да Дому ўраду абураліся рабочыя. Агулам іх было каля 2 тысяч.

На працягу ўсяго шляху да Дому ўраду дэманстрантаў віталі: людзі вывешвалі з вокнаў бел-чырвона-белыя сцягі, аўтамабілісты ўключалі «Перамен» і сігналілі, мінакі – пляскалі ў ладкі і махалі. Сілавікоў не было зусім: дэманстрантаў суправаджала толькі адна машына ДАІ. А калі каля цырку яе змянілі, ДАІшнікі нават памахалі дэманстрантам.

Працаўнікі МТЗ ужо пад Домам Ураду. Мінск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

На перакрыжаванні вуліцы Казлова і праспекту Незалежнасці рабочых сустрэлі ўдзельнікі ланцугоў салідарнасці. Падчас шэсця па праспекце да пратэстоўцаў далучаліся ўсё новыя і новыя групы людзей – і цяпер ужо недахопу бел-чырвона-белых сцягоў не было. Рабочы пратэст растварыўся ў агульнанацыянальным: да плошчы Незалежнасці падыходзіў ужо шматтысячны натоўп. Людзі неслі шматметровы кавалак тканіны (ён сімвалізаваў белую стужку) і шматлікія крэатыўныя плакаты (у асноўным на тэму гвалту сілавікоў).

Фота: Belsat.eu

Гульня ў бадмінтон

Звонку было цяжка зразумець, да каго дэманстранты прыйшлі на плошчы Незалежнасці. Спачатку яны скандавалі «Лічы галасы» (відавочна, звяртаючыся да ЦВК), потым – «Мэра» (маючы на ўвазе старшыню Менгарвыканкаму). Але насамрэч Дом ураду для пратэстоўцаў аніякага асаблівага значэння не меў: гэта проста было адным з месцаў, дзе можна было выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Людзі абляпілі помнік Леніну і махалі бел-чырвона-белым сцягамі.

Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Калі да Дому ўраду пачалі выбегаць байцы ўнутраных войскаў са шчытамі, сярод пратэстоўцаў адчулася лёгкая трывога. Некаторыя нават пабеглі ў бок ад будынку, але амаль адразу спыніліся. Людзі зразумелі, што перад імі ўсяго 15 вайскоўцаў, якія відавочна пры ўсім жаданні не змогуць іх разагнаць. Пачуліся скандаванні «Апускай» (шчыты) і «Прапускай» (да Дому ўраду). Сілавікі апусцілі шчыты ў знак таго, што не збіраюцца нікога атакаваць. Адзін з байцоў свой шчыт нават выраніў і застаўся з голымі рукамі, што прывяло пратэстоўцаў у неапісальнае захапленне. Дзяўчаты са слязьмі кінуліся да байцоў абдымацца, дзякаваць ім і дарыць кветкі. «Міліцыя з народам», «Вы – нашыя абаронцы», – радаваліся яны. Байцы не супраціўляліся.

Ля Дому Ураду. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г. фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Але да групы з 15 байцоў хутка далучыліся яшчэ каля 30 спецназаўцаў унутраных войскаў. Афіцэр хутка спыніў братанне і загадаў дэманстрантам адступіць, каб пашырыць падкантрольны сілавікам перыметр перад Домам ураду. Дзейнічалі яны мякка, ды і пратэстоўцы былі не супраць трохі адысці.

Фота: Belsat.eu

Калі па плошчы разнесліся чуткі, што да Дому ўраду сцягваюць тэхніку і рыхтуецца жорсткая зачыстка, значная частка дэманстрантаў сышла. Тэхніка на праспекце на некалькі хвілінаў сапраўды з’явілася (у тым ліку вадамёты), але супраць мірных пратэстоўцаў на гэты раз выкарыстана не была – сілавікі проста з’ехалі ў невядомым кірунку. А на плошчу хутка сталі падыходзіць усё новыя і новыя групы пратэстоўцаў з бел-чырвона-белымі сцягамі. Частка пратэстоўца ўселіся на зямлю перад сілавікамі са шчытамі. Частка разбілася на асобныя групы – яны абмяркоўвалі паміж сабою палітычную сітуацыю або проста гулялі туды-сюды.

Акцыя салідарнасці з працаўнікамі МТЗ. Менск, Беларусь. 14 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Увечары 14 жніўня на праспекце Незалежнасці панавала атмасфера свята: большасць ішлі з усмешкамі на тварах і ў добрым настроі. Каля будынку КДБ хлопец з дзяўчынай вырашылі згуляць у бадмінтон. Выходзіла не вельмі ўдала, але мінакоў такая карціна цешыла.

Гульня ў бадмінтон пад будынкам КДБ.
Фота: Belsat.eu

«Калі вы такое бачылі, каб перад КДБ гулялі ў бадмінтон? – з захапленнем каментавалі людзі, – Усяго толькі трэба было – проста прыбраць з вуліц АМАП».

 

Як раз у гэтым час на паседжанні Савету Бяспекі Лукашэнка распавядаў пра тое, што арганізатарамі пратэстаў у Беларусі з’яўляюцца вонкавыя сілы, а ў першых шэрагах ідуць крымінальнікі, якія нападаюць на АМАП са спіны з нажамі і заточкамі….

ІІ Belsat.eu

Стужка навінаў