Ціханоўская пазбавіць Лукашэнку грошай?


Паводзіны Лукашэнкі пераконваюць цывілізаваны свет, што са старым дыктатарам нельга звязвацца. Але дзякуючы ўпартым у сваёй пазіцыі беларусам і іхнай абранніцы Святлане Ціханоўскай удаецца наладжваць дыялог Захаду з прадстаўнікамі новай – свабоднай Беларусі ды атрымліваць усё больш канкрэтную дапамогу. На чарговую жорсткую смерць ад рук сілавікоў Святлана просіць адказаць жорсткімі санкцыямі.

Хвілінаю маўчання развітваліся на вуліцах з чарговую ахвярай рэжыму Лукашэнкі. Далучылася прадстаўніцтва Еўразвязу, выказалася старшыня Еўракамісіі, дыпламаты і ўдзельнікі Варшаўскага форуму бяспекі.

Пасля збівання Рамана Бандарэнкі насмерць на плошчы Пераменаў у Менску паўстаў мемарыял. Змянілася рыторыка лідаркі дэмакратычнай Беларусі.

Hавiны
У Менску развітваюцца з Раманам Бандарэнкам
2020.11.20 10:58

17 лістапада падчас візіту ў Швецыю Святлана Ціханоўская заявіла:

«Людзі ў роспачы, бо нічога не могуць зрабіць супраць катаў, бо наш пратэставы рух у прынцыпе мірны, і мы не хочам адказваць гвалтам на гвалт. Цяпер мы бачым, што адзіны выхад з гэтай сітуацыі – гэта ціск на рэжым унутры краіны і за яе межамі. Таму цяпер мы просім не толькі індывідуальных, але і фінансавых адрасных санкцыяў супраць бізнесу і людзей, якія застаюцца ў кішэні Лукашэнкі. Мяркуем, што толькі эканамічны ціск прымусіць рэжым адысці, бо ў яго не будзе грошай плаціць сілавікам за іхныя злачынствы».

Святлана Ціханоўская распавяла прэм’ер-міністру Швецыі Стэфану Лёвену пра сітуацыю ў Беларусі ды пра знішчэнне мемарыялу Рамана Бандарэнкі, як сімвалу нязменна жорсткага стаўлення рэжыму да апанентаў.

Аляксандр Лукашэнка ў той жа час заявіў:

«На гэтым тыдні парадак мусіць быць наведзены ў Менску! Без варварства, што б не панапісвалі, што мы варвары. І зарыентуйце ўсе рэгіёны, каб паступілі гэтак сама».

З просьбаю пакараць фінансава ўладу, якая загадвае зачышчаць пратэстоўцаў і любыя візуальныя сляды перамен, Ціханоўская звярнулася напярэдадні і да латышоў, наведваўшы Рыгу.

Святлана Ціханоўская:

«Варта разгледзець пытанне аб увядзенні санкцыяў у дачыненні прадпрыемстваў, якія падтрымліваюць рэжым. Вельмі важна, каб краіны Еўрапейскага Звязу ўдзельнічалі ў міжнародным механізме ўласнага расследавання парушэнняў правоў чалавека ў кантэксце прэзідэнцкіх выбараў».

У Рызе, дзе сустрэлася і з прэзідэнтам Эгілсам Лэвітсам, яна заклікала таксама да адмены чэмпіянату па хакеі ў Менску. Не давялося ўзгадваць пра яшчэ нядаўна спрэчнае «прадпрыемства» – Беларускую атамную электрастанцыю. На некалькі дзён раней Латвія прыняла рашэнне заблакаваць набыццё электрычнасці з Беларусі ды не спрыяць развіццю бізнесу Лукашэнкі і Пуціна. Але агулам – беларусам цяпер не да АЭС, і ніякага антырасейскага складніку ў пратэстах няма – падкрэсліла ўдзельніца Варшаўскага форуму бяспекі – палітолаг Кацярына Шмаціна.

Кацярына Шмаціна, аналітык BISS:

«Ніхто з сённяшніх лідараў дэмакратычных сілаў у Беларусі не выкарыстоўвае антырасейскіх настрояў. Ніхто з іх не заклікае разарваць сувязі з Расеяй. Ёсць разуменне геаграфічнай пазіцыі Расеі ды важнасці культурных, а таксама іншых дачыненняў. Гэты мэсідж дэмакратычныя сілы спрабуюць перадаваць у Крэмль».

Hавiны
Новыя санкцыі і новыя рэпрэсіі. 103-і дзень пратэсту ў Беларусі
2020.11.19 23:07

Неўмяшанне Расеі ў справы Беларусі было б добрым падарункам, бо разлічваць на санкцыі з боку Масквы не выпадае. Сярод удзельнікаў Форуму бяспекі ў Польшчы было 400 асобаў з 40 краін, у тым ліку міністры замежных справаў і абароны, прадстаўнікі міжнародных і няўрадавых арганізацыяў і эксперты ў галіне бяспекі. Без дзярждэлегацыі з Масквы. Голас свабоднай Беларусі пачулі тыя, хто вызначыліся, на чыім яны баку:

Раса Юкнявічыене, еўрадэпутатка, былая міністарка абароны Літвы:

«Калі людзей катуюць – не час на палітычны прагматызм. Не час мець адкрытыя каналы з дыктатарам, з забойцам. Літва была адной з першых, хто дадаў Лукашэнку ў нацыянальны спіс санкцыяў Магніцкага».

Аслабіць зубы рэжыму магчыма праз эканамічныя захады, калі зарабляць менш пачнуць кампаніі, якія кормяць уплывовых сілавікоў з атачэння Лукашэнкі – лічыць журналіст-расследвальнік і эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Лукашэнка вельмі залежыць ад сілавікоў і наменклатуры, таму змяншэнне іхных даходаў станецца пэўным стымулам для таго, каб ён адчуў ціск».

Калі на фінансаванне Расеяй рэжыму ў Менску дзяржавы Захаду паўплываць не могуць, то могуць – на прыбыткі часткі беларускай наменклатуры, якая дапамагае Лукашэнку ўтрымлівацца ва ўладзе.

Юлія Цяльпук для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: TT NEWS AGENCY / Reuters / Forum, belsat.eu

Стужка навінаў