Ці вуліца супакоіцца?

Выглядае на тое, што Польшча сутыкнулася з самым сур’езным выклікам у сваёй найноўшай гісторыі.

У сераду Варшава інфармавала пра 18 820 новых захворванняў, памерла 236 асобаў (з якіх 207 мелі акрамя каронавірусу іншыя хваробы). Гэта абсалютны рэкорд у Польшчы ад пачатку пандэміі. Лічба хворых прыбліжаецца да 20 тысячаў, а гэта значыць, што з дня на дзень у краіне можа быць абвешчаны lockdown (каранцін, спыненне працы прадпрыемстваў і г.д.) альбо чарговыя абмежаванні. Пра такі сцэнар казаў нядаўна міністр аховы здароў’я Адам Нядзельскі і папярэджваў суайчыннікаў каб выконвалі рэкамендацыі адпаведных службаў. Але канчатковае рашэнне будзе прымаць урад і кіроўная партыя Закон і Справядлівасць. А там выдатна разумеюць, што чарговага спынення эканоміка можа проста не вытрымаць. Але справа не толькі ў эканоміцы і не толькі ў пандэміі.

Ужо амаль тыдзень у розных гарадах краіны адбываюцца масавыя пратэсты, але па закону цяпер у Польшчы не можа збірацца больш за пяць асобаў і забароненыя ўсе масавыя мерапрыемствы. Толькі ў сераду тысячы людзей сабраліся пад будынкам парламенту. Дайшло да сутычак пратэстоўцаў з паліцыяй, калі першыя прабавалі прарвацца на тэрыторыю Сейму. У аўторак вечарам рух «Strajk Kobiet» (забастоўка жанчын) заявілі пра свае пастулаты: адстаўка ўраду і поўная легалізацыя абортаў.

– Мы хочам адстаўкі ўраду і ствараем Кансультацыйную Раду як у Беларусі, – заявіла падчас прэс-канферэнцыі лідарка руху Марта Лэмпарт. У сераду пратэстоўцы заклікалі польскіх жанчынаў не ісці на працу.

А пачалося ўсё ў мінулы чацвер, калі Канстытуцыйны суд вырашыў, што перарыванне цяжарнасці ў сувязі з «цяжкой хваробай плоду, якая пагражае яго жыццю, а таксама вялікай рызыкай калецтва» з’яўляецца «нязгодным з Канстытуцыяй». А гэта азначае, што аборты ў Польшчы амаль цалкам будуць забароненыя. Будуць адбывацца толькі ў выпадку пагрозы жыццю жанчыны і ў выпадках, калі цяжарнасць – вынік гвалту. Пратэстоўцы абрынуліся на каталіцкае духавенства, маўляў, польскія ўлады дзейнічаюць «пад уплывам ксяндзоў». У выніку пратэстаў дайшло між іншага размалявання фарбай дзвярэй і сценаў касцёлаў у Варшаве і некалькіх іншых гарадах краіны.

У сваю чаргу лідар кіроўнай партыі і віцэпрэмʼер Ярослаў Качыньскі заклікаў у аўторак у спецыяльнай прамове да «абароны касцёлаў».

– Трэба бараніць Польшчу, бараніць патрыятызм і давайце праявім рашучасць і адвагу. Толькі тады можна перамагчы ў вайне, якую нам наўпрост аб’явілі нашыя праціўнікі, – казаў у прамове.

Дарэчы, першымі пра «вайну» загаварылі пратэстоўцы, зʼявіўся нават гэштаг #ToJestWojna (гэта вайна). Пратэстоўцаў горача падтрымліваюць апазіцыйныя партыі, горача робіцца і ў парламенце дзе апазіцыя спрабавала на днях блакаваць трыбуну. Канешне, гэта яшчэ не вайна і Польшча зусім не дыктатура Лукашэнкі, з якой пратэстоўцы параўноўваюць кіроўную партыю. Але сітуацыя сапраўды небяспечная і крызісная.

У Варшаве выдатна разумеюць, што ўвядзенне абавязковай самаізаляцыі ці чарговых абмежаванняў можа справакаваць яшчэ большыя пратэсты, сутычкі з паліцыяй, а крыві ніхто не хоча. Але ж без абмежаванняў Польшчу (у выпадку ўзросту захворванняў) чакае хуткі параліч сістэмы аховы здароў’я і ўзрост лічбы ахвяраў вірусу.

Палітычную сітуацыю абвастрае і той факт, што ў сераду выказалася дачка прэзідэнта Анджэя Дуды, які знаходзіцца ў ізаляцыі пасля станоўчага тэсту на каронавірус. Кінга Дуда – грамадская дарадца кіраўніка Польшчы, блізкага да кіроўнай партыі.

– У справе так незвычайна складанай, калі есць свядомасць таго, што нараджаецца дзіця і яно можа памерці праз некалькі хвілінаў ці гадзінаў пасля нараджэння, рашэнне пра нараджэнне ці перарыванне цяжарнасці павінна належыць да жанчыны і быць згодным з яе ўласным сумленнем, – заявіла дачка прэзідэнта. – Разумею абурэнне жанчын, якое выклікала рашэнне Канстытуцыйнага суду 22 кастрычніка.

У сераду позна вечарам выказаўся і польскі прэзідэнт. З аднаго боку, Анджэй Дуда падтрымаў жанчын, якія пратэстуюць. З іншага – выказаў меркаванне, што закон пра аборты павінен быць «дапрацаваны». Маўляў, трэба «абараніць дзяцей з сіндромам Даўна», але не змушаць жанчын нараджаць дзяцей у сітуацыі калі дзіця памрэ адразу пасля нараджэння. Заклікаў суайчыннікаў да стрыманасці і прасіў «захаваць супакой». Але ці вуліца супакоіцца?

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў