Ці вернае Лукашэнку войска?


Самаабвешчаны кіраўнік Беларусі перажывае за адданасць яму арміі ды ставіць міністру абароны задачу ўзмацніць патрыятызм, то бок гатовасць выконваць усе ягоныя загады. Наколькі армія ідэалагічна лаяльная Лукашэнку? І чаму не відаць масавай падтрымкі пратэстаў вайскоўцамі?

Аляксандр Лукашэнка асабіста спраўджвае лаяльнасць войска і рэальна занепакоены поглядамі сярод жаўнераў і афіцэраў. Менавіта так выглядае ягоная рыторыка на сустрэчы з міністрам абароны Віктарам Хрэніным.

Аляксандр Лукашэнка:

«Пасля звальнення ў запас і прызыву на тэрміновую вайсковую службу які стан узброеных сілаў? І якія асноўныя праблемы там? Другая тэма, і мы гэтага не хаваем, – гэта супрацьдзеянне тым дэструктыўным сілам, якія імкнуцца расхістаць краіну і перакуліць яе».

Восеньскі прызыў цяпер мае немалую важнасць, бо шмат маладзёнаў, якія яшчэ ўчора бралі актыўны ўдзел у пратэставых акцыях ці мелі магчымасць назіраць усё, што адбываецца, на свае вочы, цяпер апранаюць форму. Ды і агулам жаўнеры ў вайсковых частках аб’ектыўнай інфармацыі не пазбаўленыя.

Каментуе Леанід Спаткай, вайсковы аналітык, палкоўнік запасу:

«З пункту гледжання чалавека, які мае досвед савецкай партыйнай школы, цяпер ніякай ідэалагічнай працы ў войску няма. Каб адбывалася нейкая патрыятычна-выхаваўчая праца, павінен быць грунт. На чым цяпер гэта ўсё грунтуецца? Мы выкінулі ўсе нашыя гістарычныя складнікі».

А моладзь, як бы там ні было, ужо ведае даволі шмат. І калі маладога чалавека, які служыць у войску, выхоўваць на прыкладах з расейскай гісторыі, то ў яго гэта выкліча прынамсі абыякавасць.

Правал у стварэнні дзяржаўнай ідэалогіі не раз канстатаваў і сам непрызнаны кіраўнік Беларусі. І цяпер наступствы гэтага прыходзіцца літаральна тушыць па ўсіх магчымых кірунках. Атрымліваецца, што праўда, не надта. Таму і даецца адпаведны загад міністру Хрэніну.

Аляксандр Лукашэнка:

«Мы бачым адной з асноўных хібаў у гэтай сітуацыі адсутнасць патрыятызму. Сапраўднага патрыятызму. Асабліва ў нашых мужыкоў. Таму гэтае патрыятычнае выхаванне – у нас тут вялікі прабел, які трэба ліквідаваць».

Задача, шчыра кажучы, не самая лёгкая, улічваючы, што паводле статыстыкі органам дзяржаўнай прапаганды давярае менш за чвэрць беларусаў.

Гаворыць Ягор Лебядок, эксперт «Belarus Security Blog»:

«Хрэнін сваю лаяльнасць ужо прадэманстраваў, кажучы, што злачынны загад ці не злачынны – усё адно яго выконваць трэба. Адпаведна, такі прынцып службы трэба давесці і да нізоў. Лагічна, што гэта не ўсіх задавальняе. Які гэта адсотак, малы, вялікі, сказаць складана. Тым не менш, браджэнні ў арміі пачыналіся яшчэ да выбараў. Кагось не задавальняла матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, каго – кар’ерны шлях, як дасягаюцца палкоўнікі генералы. Праблем хапала ў войску яшчэ да гэтага».

У той жа час пакуль не бачна хоць бы якіх праяваў нелаяльнасці да дзейнага рэжыму з боку арміі. Вядома, што пэўныя вайсковыя адзінкі выкарыстоўваліся для нейтралізацыі і задушэння пратэстаў у Беларусі. Аднак ёсць інфармацыя і аб падраздзяленнях, якія падобныя функцыі выконваць адмаўляліся. Што праўда, гэта ўсё адзінкавыя выпадкі, маштабна армія пакуль ніяк не задзейнічаная.

Палкоўнік запасу Леанід Спаткай:

«Ніякай тлумачальнай працы з боку Каардынацыйнай рады ці так званых апазіцыйных структураў датычна вайскоўцаў не праводзіцца. У прыватных размовах людзі сваю пазіцыю азначаюць так, што знаходзяцца на перакрыжаванні ды не ведаюць, у які бок ім ісці. І калі яны пойдуць, як кажуць, на бок народу, што іх там чакае? Многія знаходзяцца пад уплывам афіцыйнай прапаганды, што калі да ўлады прыйдзе Ціханоўская і яе каманда, то ў адносінах іх будуць рэпрэсіі».

Hавiны
Байдэн запрасіў Ціханоўскую. Эксклюзіўнае інтэрв’ю
2020.11.27 07:30

Лукашэнка ж у сваёй рыторыцы таксама ўвесь час апелюе да Расеі: маўляў, мы абараняем заходнія межы гэтак званай саюзнай дзяржавы і АДКБ. Пра ўяўную пагрозу з боку Захаду трубіць увесь прапагандысцкі апарат рэжыму. Што праўда, гэтыя ідэалагічныя штампы даўно ўжо практычна нікога не цікавяць.

Ягор Лебядок:

«Рыторыка для сваіх прыхільнікаў у Лукашэнкі, што нас падтрымліваюць не толькі Расея, але нейкае АДКБ: Кыргызстан, Казахстан і гэтак далей. Але з пункту гледжання вайскоўца апеляцыі да ваеннай падтрымкі – адназначна, яе не будзе. Будзе толькі Расейская Федэрацыя. Таму ён і звяртаецца да АДКБ – піяр на ўнутраную аўдыторыю. Сказаць, што мы разам з Расеяй паплечнікі ў АДКБ і атрымаць ад гэтага нейкія прэферэнцыі – гэта ўжо не будзе працаваць адназначна».

У Крамлі бачаць, што ў нелегітымнага кіраўніка Беларусі зусім скончыліся ідэі, як атрымаць хоць якой дапамогі ад усходніх суседзяў. А чым горшае становішча Лукашэнкі і чым меншае ў яго поле для манеўру, тым больш згаворлівым ён будзе на любых перамовах.

Зміцер Міцкевіч для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: BelTa / TASS / Forum; Andrei Stasevich / TASS / Forum; Iva Zimova

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!

 

Стужка навінаў