Ці рэальна правесці ў Беларусі забастоўку і чаму гэта турбуе Генпракуратуру?


Генеральная пракуратура 7 чэрвеня апублікавала афіцыйную заяву з нагоды ананімных заклікаў да пробнай агульнанацыянальнай забастоўкі 3 жніўня. Ведамства прызнала, што беларусы маюць права на забастоўку, але яе трэба праводзіць у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Belsat.eu тлумачыць, ці рэальна правесці забастоўку «паводле правілаў» і нагадвае гісторыю страйкаў у сучаснай Беларусі.

Як адзначыла ў сваёй заяве Генпракуратура, у інтэрнэце, у тым ліку Telegram-каналах, апошнім часам гучалі заклікі правесці пробны страйк працягласцю 2,5 гадзіны з патрабаваннямі вызваліць палітвязняў і правесці справядлівыя выбары.

«Пры гэтым да карыстальнікаў у безапеляцыйнай форме даводзіцца загадзя ілжывая, скажоная інфармацыя адносна свабоды і беспакаранасці падобных дзеянняў», – гаворыцца ў заяве.

Генпракуратура.
Фота: prokuratura.gov.by

Ведамства папярэджвае, што адсутнасць на працоўным месцы без паважлівай прычыны можа стацца падставаю для прыцягнення працаўніка да дысцыплінарнай адказнасці (вымова, заўвага) або нават пацягнуць за сабою страту працы (непрацягненне або скасаванне працоўнага кантракту).

У пракуратуры адзначаюць, што ініцыятары забастоўкі 3 жніўня «некарэктна атаясамліваюць» страйк і масавыя акцыі.

«Не маючы нічога агульнага з легальным страйкавым рухам, заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах з’яўляюцца падбухторваннем да супрацьпраўных дзеянняў, якія цягнуць за сабою адміністратыўную або крымінальную адказнасць», – заявілі ў Генпракуратуры.

Да гэтага часу не зразумела, на якія ананімныя заклікі да агульнанацыянальнай забастоўкі спасылалася Генпракуратура. Прапанова правесці пад выбары агульнанацыянальны страйк сапраўды распаўсюджвалася раней у інтэрнэце, у тым ліку ананімна. Яшчэ на самым пачатку прэзідэнцкай кампаніі гэтую ідэю агучвалі сустаршыня БХД Павал Севярынец і экс-кіраўнік АГП Анатоль Лябедзька. Аднак канкрэтныя даты і канкрэтны план у гэтых заявах не фігуравалі.

Журналісты гэтак і не змаглі знайсці першакрыніцу заклікаў да «пробнай агульнанацыянальнай забастоўкі». Інтэрнаўты ў каментарах да заявы ведамства масава пішуць, што раней ніколі не чулі пра ініцыятыву правесці страйк 3 жніўня.

«Страйк – гэта прэрагатыва прафсаюзных арганізацыяў»

Ілюстратыўнае фота. Горадня 8 чэрвеня 2017 года.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Адначасова ў сваёй заяве Генпракуратура падкрэсліла, што беларусы маюць права на страйк, аднак ён павінен праводзіцца ў адпаведнасці з працэдураю, прадугледжанай Працоўным кодэксам. У прыватнасці, рашэнне пра страйк мусіць быць прынятае на сходзе работнікаў прадпрыемства і прафсаюз павінен паведаміць наймальніку пра свае планы не пазней як за два тыдні да пачатку забастоўкі. У тым ліку трэба паказаць меркаваную колькасць удзельнікаў страйку.

«Невыкананне названага парадку – падстава для прызнання судом страйку незаконным па заяве наймальніка (уласніка або ўпаўнаважанага iм органа) або пракурора. Удзельнікі прызнанай судом незаконнай забастоўкі могуць быць прыцягнутыя да дысцыплінарнай і іншай адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам», – адзначаюць у Генпракуратуры.

Юрыст прафзвязу РЭП, праваабаронца Леанід Судаленка адзначае, што, паводле Працоўнага кодэксу, арганізоўваць страйк можа толькі прафсаюз – менавіта ён мусіць звяртацца да наймальніка, папярэджваць пра забастоўку і весці з ім перамовы.

Праваабаронца Леанід Судаленка ў судзе.
Фота: «Белсат»

«Страйк – гэта прэрагатыва прафсаюзных арганізацыяў. Менавіта прафсаюз мусіць весці перамовы з кіраўніцтвам прадпрыемства, а не асобныя працаўнікі. А ў нас на ўсіх прадпрыемствах прафсаюзы падкантрольныя ўладзе – ні адзін з гэтых прафзвязаў, якія ўваходзяць у ФПБ, не адважыцца праводзіць страйкі. Што тычацца незалежных прафзвязаў, у тым ліку прафзвязу РЭП, то мы няздольныя правесці страйк, бо наша дзейнасць пабудаваная па тэрытарыяльнай прыкмеце, а не вытворчай – на прадпрыемстве нас няма», – патлумачыў belsat.eu Судаленка.

Лідар Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў (БКДП) Аляксандр Ярашук упэўнены, што сёння ў Беларусі немагчыма правесці забастоўку ў адпаведнасці з працэдураю, якая прадугледжаная Працоўным кодэксам (ПК).

Аляксандр Ярашук.
Фота: bkdp.org

«Ажыццявіць законны страйк ніякіх шанцаў няма: трэба вельмі шмат узгадненняў. Працэс на любым этапе можна лёгка прыпыніць. Менавіта таму ўжо 25 гадоў ніхто не праводзіў страйкаў у Беларусі. І Генпракуратура, канешне, цудоўна ведае, што гэта так», – канстатаваў ён у размове з belsat.eu.

Пры гэтым Ярашук лічыць забастоўку найбольш эфектыўнаю формай пратэсту. На ягоную думку, улады вельмі турбуе перспектыва стыхійных пратэстаў.

«Cваімі дзеяннямі ў палітычным, сацыяльным і эканамічным плане ўлада якраз і робіць больш імаверным такі сцэнар. Відавочна, што градус незадаволенасці, градус нянавісці беларусаў да ўлады цяпер вельмі высокі. Да чаго гэта прывядзе – цяжка прагназаваць. Аднак менавіта таму Генпракуратура занепакоілася перспектывай агульнанацыянальнага страйку і робіць такія адмысловыя заявы», – дадаў ён.

Дарэчы, арт. 388 ПК прадугледжвае, што права на забастоўку можа быць абмежаванае ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя насельніцтва, правоў і свабодаў іншых асобаў. Таксама забараняецца дапамагаць удзельнікам забастоўкі матэрыяльна за кошт палітычных партыяў і грамадскіх аб’яднанняў, «якія пераследуюць палітычныя мэты, а таксама замежных юрыдычных і фізічных асобаў».

Эпоха забастовак

Пратэсты падчас нацыянальнай забастоўкі, 1991 год.
Фота: praca-by.info

Улады заўсёды вельмі сур’ёзна ставіліся да хваляванняў рабочых: яны рэагавалі імгненна і часцей за ўсё стараліся пайсці на саступкі.

Найбуйнейшая забастоўка ў сучаснай гісторыі Беларусі адбылася ў 1991 годзе: тады ў рэспубліканскі страйкавы камітэт увайшлі 98 прадпрыемстваў. У сталіцы баставалі Менскі электратэхнічны завод, Менскі завод шасцерняў, Менскі завод аўтаматычных лініяў і МАЗ. На мітынг каля Дому ўраду сабралася 50 тысяч асобаў. Забастоўка ахапіла рэгіёны – Маладзечна, Барысаў, Салігорск, Ліда, Гомель і Ворша (у Воршы, напрыклад, пратэстоўцы перакрылі чыгунку). Большасць эканамічных патрабаванняў пратэстоўцаў урад БССР тады задаволіў.

Сведкі. 1990-я
Страйкі рабочых у 1991 годзе. Менск і Ворша
2016.09.19 21:17

У 1992 годзе баставалі гарнякі «Беларуськалія»: страйк цягнуўся 44 дні. У тым ліку 18 дзён працягвалася галадаванне часткі шахцёраў ды іхных сем’яў. Улады тады таксама былі вымушаныя пайсці на саступкі, у тым ліку ў пытаннях узроўню заробкаў, працягласці працоўнага дня і сацыяльных гарантыяў.

Апошняя вялікая забастоўка ў Беларусі адбылася ў 1995 годзе. Страйк абвесцілі працаўнікі Менскага метрапалітэну. Усё пачалося з пратэстаў кіроўцаў тралейбусаў у Гомлі і Менску, якія шукалі падтрымкі ў працаўнікоў метро. 17 жніўня 1995 года метрапалітэнаўцы спынілі сваю працу. Тым разам ўлады на саступкі ўжо не пайшлі: удзельнікаў забастоўкі выкінуў з тэрыторыі метрапалітэну АМАП, дзясяткі чалавек звольнілі. Каб аднавіць працу метро ўлады запрасілі машыністаў з Масквы і з Беларускай чыгункі.

«Вы мяне выратавалі дваццаць з лішнім гадоў таму назад, калі метро ў Менску забаставала (мала ім было грошай), і тады 60 чалавек-машыністаў [з чыгункі забяспечылі працу метро – заўв. «Белсат»]. Тады вы мяне выратавалі. Я вам вельмі ўдзячны», – узгадваў Лукашэнка ў чэрвені 2020 года падчас сустрэчы з працаўнікамі чыгункі.

Хваляванні замест страйку

Пратэсты шахцёраў у 90-е.
Фота: npg.by

У канцы 90-х – пачатку нулявых у Беларусі незадаволенасць рабочых прымала форму выключна вулічных пратэстаў. Напрыклад, у 1996-м і 1998-м Незалежны прафсаюз гарнякоў арганізоўваў маршы шахцёраў на Менск – у абодвух выпадках пратэстоўцаў разганяў АМАП. У верасні 2001 года праз двухтыднёвае затрыманне заробкаў рабочыя МТЗ перакрылі рух транспарту насупраць галоўнай прахадной заводу. Людзі разышліся толькі пасля атрымання абяцанняў пра выплату запазычанасці ў той жа дзень.

У 2010-х некалькі разоў мелі месца стыхійныя рабочыя хваляванні, якія ўлады імкнуліся пагасіць на самым пачатку. Напрыклад, у лютым 2012 года рабочыя Барысаўскага заводу аўтатрактарнага электраабсталявання, абураныя нізкімі заробкамі, прыпынілі працу на некалькі гадзінаў. Кіраўніцтва прадпрыемства ў адказ павысіла заробкі на 20% і паабяцала прэміяльныя. Летам 2012 года аналагічныя падзеі адбыліся на прадпрыемстве «Горадняжылбуд». Тады Аляксандра Лукашэнка сцвярджаў, што гэта «пятая калона» падбухторвае рабочых праблемных прадпрыемстваў на пратэсты.

Восенню 2019 году рабочыя ААТ «Полацк-Шкловалакно» рыхтавалі забастоўку на знак пратэсту супраць нізкіх заробкаў і супраць здзекаў над чальцамі Свабоднага прафсаюзу. Планавалася, што акцыя будзе доўгатэрміноваю – з 1 лістапада па 31 снежня. Арганізатары імкнуліся правесці забастоўку ў поўнай адпаведнасці з законам: прафсаюз афіцыйна папярэдзіў пра свае планы адміністрацыю. Аднак кіраўніцтва прадпрыемства звярнулася ў суд, які ў сваю чаргу прызнаў намеры рабочых незаконнымі. Забастоўка гэтак і не адбылася.

ВІДЭА
Каля 600 чалавек прымусілі выйсці з Незалежнага прафсаюзу гарнякоў
2019.04.08 14:41

Ігар Ільяш belsat.eu

Стужка навінаў