Ці пагражае грамадскім СМІ ў Польшчы беларускі сцэнар?


Першыя рашэнні новага польскага ўрада, якія датычаць Канстытуцыйнага суду і замены кіраўніцтва дзяржаўных медыяў, і ў Беларусі выклікалі пытанні пра стан польскай дэмакратыі і пагрозу свабоды слова. Belsat.eu распытаў польскіх журналістаў, як яны ацэньваюць сітуацыю.

Журналісты «Свабоды» адзначаюць, што «Права і Справядлівасць» спрабуюць узяць пад кантроль дзяржаўныя СМІ праз датэрміновае спыненне тэрміну паўнамоцтваў членаў савету польскага тэлебачання і «Польскага радыё», якія пратэстуючы супраць адстаўкі сышлі ў адстаўку.

Новы закон аб СМІ перадала паўнамоцтвы выбару кіраўнікоў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі міністрам скарбу. Дагэтуль іх абіраў Нацыянальны савет па тэлерадыёвяшчанню – калегіяльны орган, які абіраецца парламенцкай большасцю і прэзідэнтам.

Каміль Дамброва, былы дырэктар «Праграмы 1» «Польскага радыё», які сышоў у адстаўку на знак пратэсту супраць новых рашэнняў лічыць, што змены, унесеныя «Правам і справядлівасцю» аддаляюць Польшчу ад еўрапейскіх стандартаў у кірунку Беларусі. Пад ягоным кіраўніцтвам, станцыя правяла акцыю, якая мела адзначыць пагрозу плюралізму і свабоды выказванняў у польскіх СМІ. Слухачы праграмы цягам некалькіх дзён кожную гадзіну маглі пачуць польскі нацыянальны гімн і гімн Еўразвязу.

«Безумоўна, гэта крок у кірунку Беларусі, – кажа Каміль Дамброва. – Гэта поўнае падпарадкаванне сродкаў масавай інфармацыі. Яраслаў Качыньскі (лідар «ПіС») заявіў, што сродкі масавай інфармацыі цяпер павінны гаварыць праўду. А «Права і справядлівасць» не валодае манаполіяй на сродкі масавай інфармацыі і мы павінны прадставіць поўны спектр палітычных поглядаў, як дагэтуль рабілі грамадскія СМІ».

Дамброва таксама не згодны са сцвярджэннямі, што польскія СМІ былі палітызаванымі, таму што Нацыянальны савет радыё і тэлебачання абіралі палітыкі. Паводле яго, Савет быў канстытуцыйным органам, які аднак у якасці буферу аддзяляў урад ад сродкаў масавай інфармацыі.

«Савет сапраўды з’яўляецца эманацыяй палітычных сілаў, але «Права і справядлівасць» праігнараваў канстытуцыю, забіраючы яе прэрагатывы. Партыя, якая атрымала парламенцкую большасць, мае права змяняць існуючы парадак – змяняць, а не знішчаць. На дадзены момант мы маем справу з тыпам цыліндру, альбо тарану, якая разбівае дэмакратычныя элементы », – дадаў ён.

Былы кіраўнік першай праграмы адзначае, што многія польскія грамадзяне занепакоеныя зменамі і выходзяць на масавыя акцыі пратэсту на вуліцы буйных польскіх гарадоў.

Зузанна Дамброўская – журналістка «Польскага радыё» лічыць, што сам па сабе абмен кіраўніцтва польскіх грамадскіх сродкаў масавай інфармацыі на новую каманду не зʼяўляецца ўнікальным. Раней таксама гэтак рабілі, хоць кіраўнікоў СМІ змяняў Нацыянальны савет радыё і тэлебачання, а не як цяпер зрабілі згодна з адмысловым законапраектам.

«Я не ведаю, аднак, што будзе адбывацца ў польскіх дзяржаўных сродках масавай інфармацыі – я бачу добрыя прыкметы і дрэнныя рэчы. Трэба пачакаць з месяцы тры і паглядзець, напрыклад, як зменіцца аўдыторыя тэлебачання і радыё. Галоўнае, каб самі журналісты наўмысна не хлусілі – гэта мой крытэр ацэнкі, і да гэтага з гэтым усё бывала па-рознаму. Запрашэнне ў СМІ апазіцыйных палітыкаў не гарантуе плюралізму, бо можна зрабіць так, каб іх не пачулі. Я спадзяюся, што гэтага не адбудзецца. Таму не думаю, што нам пагражае беларускі сцэнар, але няма ніякай гарантыі, што ў польскіх дзяржаўных сродках масавай інфармацыі будуць прытрымлівацца лепшых стандартаў, як, зрэшты, не было іх і пры папярэдняй уладзе», – дадала яна.

Палітолаг Аляксандр Класкоўскі, каментуючы прыход да ўлады ў Польшчы кансерватыўнай партыі Закон і справядлівасць, звязвае гэты факт з нарошчваннем у польскім грамадстве і Цэнтральнай Еўропе аўтарытарных тэндэнцый.

«Я думаю, гэта звязана з тым, што людзі розныя і ўва многіх сядзіць, як у нас кажа Святлана Алексіевіч, «чырвоны чалавек», дык і там такі маленькі чалавечак, якому ў цяжкай эканамічнай сітуацыі, пры наплыве ўцекачоў з Усходу і розных іншых негатыўных праявах здаецца, нібыта варта «закруціць гайкі», знайсці простыя рашэнні, звязаныя з дзеяннямі «моцнай рукі». Вось тады мы зажывем лепей! Такія праявы масавай свядомасці ў Еўропе таксама здараюцца, яны выносяць на грэбень хвалі адпаведных палітыкаў».

Дырэктарка «Белсату» Агнешка Рамашэўскай-Гузы прынцыпова не згодная з тэзісам Класкоўскага. Паводле яе, палякі не «бягуць ад свабоды», як гэта мае месца ў аўтарытарных грамадствах.

Аднак звяртае ўвагу на праблему інстытутаў, якая цяпер прысутнічае ў посткамуністычных краінах:

«Часта дэмакратычныя прэрагатывы аддаюць у рукі гэтак званых «Незалежных інстытутаў». На самой справе, яны не зʼяўляюцца незалежнымі, таму што яны на пэўным этапе створаны канкрэтнымі палітычнымі сіламі. Тады яны выпадаюць з кантэксту і робяць выгляд, што незалежныя. Напрыклад, кажуць пра незалежную пракуратуру – афіцыйна не можна на яе паўплываць, але гэта робіцца за кулісамі. Таксама са сродкамі масавай інфармацыі – стварыўся механізм, які называюць незалежным, але які цягам гадоў упарта адлюстроўвае баланс палітычных сіл. Цяпер абвінавачваюць міністра скарбу, што ён уручную будзе кантраляваць СМІ. А раней гаварылі, што кіраўнікоў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі абіралі на конкурсе. Між тым, нягледзячы на ​​гэтыя конкурсы, кіраванне польскага тэлебачання была падзелена паміж трыма палітычнымі сіламі і падзел спускаўся ажно да ўзроўню дырэктараў СМІ. Аднак ніхто афіцыйна пра гэта не казаў – асабліва за мяжой. І гэта неверагодная крывадушнасць – «ПіС» проста правёў змену ўлады СМІ за месяц, а раней гэта займала да двух гадоў. Прынцып быў падобны, але ніхто не прызнаваўся, што гэта так».

Дырэктарка «Белсату» таксама лічыць, што новая сітуацыя ў сродках масавай інфармацыі, не паўплывае на працу такіх праектаў як «Белсат» альбо «Радыё Рацыя». Усё будзе залежыць ад канцэпцыі ўсходняй палітыкі новага ўрада.

«У мяне ёсць некаторыя асцярогі, аднак яна напэўна не будзе прарасейскай. Сёння аднак польскі ўрад у асноўным займаецца абаронай сябе ад крытыкі з боку ЕЗ ды Нямеччыны. Таму бракуе часу на актыўную палітыку ў дачыненні да краін, размешчаных паміж Польшчай і Расеяй. Па-другое, ідэалагічны аспект. Асяроддзі, што групуюцца вакол «ПіС», называюць сябе рэалістычнымі. Яны заклікаюць да стрыманасці ва Усходняй палітыцы, альбо нават дамоўленасцяў з уладамі Расеі і Беларусі. У выніку аказваецца, што гэта нічога не дае, таму што яны самі не хочуць дамаўляцца. І невядома, ці гэта не паўплывае на вонкавую палітыку ўрада».

Агнешка Рамашэўскай нагадвае, што ў апошні раз падчас кіравання «ПіС» усходняй палітыка была больш актыўная. І дзякуючы рашэнням палітыкаў партыі быў створаны«Белсат».

«Трэба было мець адвагу, каб прызначыць грошы на тады яшчэ абстрактную ідэю. Пытанне, ці будуць трымацца гэтай лініі і надалей?» – разважае дырэктарка «Белсату».

ЯБ, belsat.eu

Стужка навінаў