Ці можа Беларусь уцячы ад РПЦ?



Праваслаўная мітраполія з’явілася ў Беларусі на паўтара стагоддзі раней, чым у Маскве

Ці варта Беларускай праваслаўнай царкве дабівацца незалежнасці ад РПЦ? У студыі «Кожны з нас» – прадстаўнікі розных плыняў праваслаўя, тэолагі і гісторыкі.

Многія чулі, што Сусветны патрыярхат Канстанцінопаля даў Украіне Томас аб аўтакефаліі. У суседскай краіне адбываецца спроба аб’яднаць тры праваслаўныя царкоўныя арганізацыі ў адну – незалежную ад Масквы.

Гэта падзея дала нагоду абмяркоўваць становішча праваслаўя ў Беларусі. У студыі ток-шоу «Кожны з нас» упершыню ў гісторыі сабраліся царкоўнікі розных поглядаў, тэолагі і гісторыкі. І вось да якіх нечаканых высноваў прыйшлі прафесіяналы.

Праваслаўная мітраполія ў Беларусі была створана ў пачатку 14 стагоддзя. Гэта здарылася на на 145 год хутчэй, чым у Маскве.

«Гэта мітраполія называлася Літоўская ў дакументах, Кіеўская, Кіеўская-Галіцкая і ўсёй Русі і гэтак далей. Але што для нас важна: мітраполія была, гэтага дамогся ад Канстанцінопаля Гедымін і гэта пацверджана дакументамі», – кажа доктарка тэалогіі Ірына Дубянецкая.

Кандыдат гістарычных навук Алег Трусаў падкрэсліў, што стварэнне нашай мітраполіі стала магчымым пасля таго, як хан Батый спаліў Кіеў. Кіеўскі мітрапаліт перасяліўся ва Уладзімір на Клязьме, потым у Маскву.

«А потым князь Гедымін далучыў да ВКЛ значную частку праваслаўных земляў і перасяліў Кіеўскага мітрапаліта ў Наваградак, куды ардынцы не даходзілі. Маскву тады лічылі ардой а нашы землі называлі рускімі», – апісвае гістарычныя працэсы Трусаў.

«Але свядомасць была такая, што мітрапаліт усё роўна называўся Кіеўскі. І ён кіраваў усёй Руссю», – падсумоўвае пратаярэй Беларускай праваслаўнай царквы Сергій Гардун.

Сённяшняя Руская праваслаўная царква пануе ў Беларусі ўсяго паўтара стагоддзі, хоць беларускае праваслаўе адлічваюць з 988 года

І хоць хрысціянства мае ў Беларусі багатую і самадастатковую гісторыю, мала хто з удзельнікаў дыскусіі стаў сцвярджаць, што Беларусі сёння неабходная аўтакефалія.

Яшчэ адна адметная падзея, якая здарылася ў студыі. Прадстаўнікі Беларускай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату сутыкнуліся з вока на вока з прадстаўнікамі некананічнай і малаколькаснай Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. Чым гэта скончылася, глядзіце ў новым выпуску ток-шоу «Кожны з нас».

Глядзі таксама
Каментары