Ці карэктна называць паўстанне 1863 г. паўстаннем Каліноўскага?

ВІДЭА

Паўстанне – гэта не толькі Каліноўскі. У ім удзельнічалі тысячы людзей. Ідэі паўстанцаў 1863 г. у выніку перамаглі, лічыць беларускі гісторык Дзмітрый Мацвейчык*, які ўзяў удзел у вялікай дыскусіі гісторыкаў з Беларусі, Літвы ды Польшчы, што прайшла ў Вільні напярэдадні перапахавання паўстанцаў. Ці было паўстанне 1863 г. апошнім акордам Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага ды першым акордам Беларусі?

Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з даследнікам паўстанняў XIX ст., працаўніком Нацыянальнага гістарычнага архіву Рэспублікі Беларусь Дзмітрыем Мацвейчыкам.

*Зміцер Мацвейчык – аўтар кніг «Удзельнікі паўстання 1863– 1864. Біяграфічны слоўнік» і «Паўстанне 1863–1864 гадоў у Беларусі: нарыс баявых дзеянняў».

Зміцер, ці паўстанне 1863 года ўвогуле мела сэнс?

Тут, хутчэй, варта разважаць пра пытанне, які быў уплыў гэтага паўстання ў доўгатэрміновай перспектыве. Безумоўна, ад самага пачатку мы бачым вялікія рэпрэсіі, інтэлектуальная эліта краю фактычна вынішчаецца альбо высылаецца. З прычыны рэпрэсій надоўга затармазілася развіццё беларускага нацыянальнага руху. Мы памятаем, што на працягу практычна 30 год пасля паўстання мы не бачым паўнавартасных беларускамоўных тэкстаў. Аднак з набыццём незалежнасці Беларусі і станаўленнем беларускай дзяржавы ў яе, можна сказаць, ідэалогію актыўна ўключаецца постаць Канстанціна Каліноўскага. Увогуле паўстанне актыўна фігуруе ў дадзенай ідэалогіі.

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. ВІДЭА

Першапланавая роля Кастуся Каліноўскага ў сучаснай беларускай гістарыяграфіі, або нават міфалогіі, адпавядае яго рэальнай ролі падчас паўстання ці не?

Хутчэй не. Справа ў тым, што Каліноўскі падчас паўстання, напрыклад, у яго найбольш актыўнай фазе, другая палова вясны – першая палова лета 1863 года, да кіраўніцтва практычна не належаў. Ён займаў пасаду камісара гарадзенскага ваяводства. Гэта прыкладна трэцяя-чацвёртая пасада ў іерархіі гарадзенскага ваяводства. Ён належаў да яго кіраўніцтва ад самага пачатку, калі паўстанне яшчэ толькі развівалася, і вярнуўся да кіраўніцтва ўжо ў заключнай яго частцы: ад сярэдзіны лета 1863 года да яго заканчэння – арышту Каліноўскага ў лютым 1864 года.

Называць гэтае паўстанне паўстаннем Каліноўскага ў прынцыпе некарэктна і ўвогуле няправільна. Лепш так не рабіць. Паўстанне – гэта не толькі Каліноўскі.

У ім удзельнічалі тысячы людзей. Шмат хто з іх страціў сваё жыццё. Таму гэта вельмі маштабная і аб’ёмная падзея. Вымяраць яе выключна адной асобай усё ж будзе няправільна і некарэктна. Хаця, безумоўна, яго роля ў цэлым, не толькі ў паўстанні, а ў фарміраванні беларускай палітычнай публіцыстыкі на яе самым пачатковым этапе была выключнай.

Зміцер, ці маюць рацыю тыя даследчыкі, якія кажуць, што паўстанне 1863 года – гэта быў апошні акорд Рэчы Паспалітай і Вялікага Княства Літоўскага і першы акорд Беларусі? Ці вы згодныя з гэтым?

Зноў жа, можна разважаць па-рознаму над гэтымі выказваннямі. Ці варта разглядаць паўстанне як апошні акорд Рэчы Паспалітай? У прынцыпе, можна. Безумоўна, з вялікай колькасцю агаворак, якія адразу пры гэтым узнікнуць. Але так, гэта апошняе выступленне за ўзнаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года, здзейсненае ў першую чаргу палітычнай элітай, якая дамінавала на тэрыторыях падзеленай Рэчы Паспалітай.

Развітанне з паўстанцамі. Вялікі фотарэпартаж, шукайце сябе на здымках

Аднак, безумоўна, мы тут таксама павінны разумець, што калі будзем разглядаць выключна як апошні акорд, мы не зразумеем гэтага паўстання. Ужо пачыналі адбывацца нацыятворчыя працэсы на тэрыторыі ўсёй Расейскай імперыі, у тым ліку і на тэрыторыях былой Рэчы Паспалітай. З’яўленне беларускай, літоўскай палітычнай публіцыстыкі, украінскай і тым больш польскай яскрава сведчыла пра тое, што гэтыя працэсы ўжо з’яўляюцца новымі, нехарактэрнымі для ранейшых перыядаў у развіцці былой Рэчы Паспалітай. Так што так, тут мы таксама бачым першыя парасткі, пачатак пачатку развіцця нацыянальных рухаў народаў, якія пражывалі ў Беларусі, Літве і Украіне.

Як разуменне, ацэнка паўстання адрозніваюцца ў беларусаў, літоўцаў і палякаў?

Тут, зноў жа, мы не можам казаць пра беларусаў, літоўцаў і палякаў. І гісторыкі, і прапагандысты, і публіцысты нават у межах пэўнай традыцыі ацэньваюць гэтую падзею па-рознаму. І ў сённяшняй Беларусі мы бачым, як Каліноўскі, яго паплечнікі ды і ўся падзея ў цэлым ацэньваюцца дыяметральна супрацьлегла: ад поўнага ўсхвалення да поўнага зневажання. Мы не можам казаць, што ўвогуле існуе гэтая адзіная ацэнка. Больш чым за паўтара стагоддзя, якія прайшлі з часу паўстання, адзіная ацэнка так і не была выпрацаваная. Таму мы нават у межах адной традыцыі заўсёды бачым кропкі для супадзення і кропкі для абсалютнага рознагалосся.

Зміцер, калі б паўстанне перамагло ў вайсковым і палітычным сэнсе… Ну, уявім сабе такую гіпатэтычную сітуацыю, якіх гісторыкі прафесійныя не любяць. Але калі б перамагло паўстанне, як бы гэта паўплывала на нашу гісторыю? Ці паўстала б нешта падобнае да Рэспублікі Беларусь, якую мы маем сёння?

Сапраўды, гісторыкі не любяць такіх пытанняў, таму што галоўнае правіла, якое фактычна святое для кожнага гісторыка, – гэта што гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Казаць пра тое, што б адбылося на нашых землях, калі б паўстанне перамагло, – немагчыма абсалютна.

Паўстанцкі ланцуг і шэсце беларусаў у Вільні

Гэта Вялікае Княства Літоўскае – 2?

Мы гэтага не ведаем і ніколі не даведаемся, на жаль. Мы можам убачыць гэтыя парасткі ў самых розных кірунках: ад таго, што Беларусь папросту б не існавала, да абсалютна адваротнага варыянту, што Беларусь на сённяшні дзень была б ужо квітнеючай і развітай краінай, у тым ліку і ў нацыянальным плане. Так што тут варыянты маглі быць самыя-самыя розныя. На жаль, мы гэтага ніколі не даведаемся.

Зміцер, я чуў вашу думку, тэзу наконт таго, што ў выніку паўстанцы ў пэўным сэнсе перамаглі. Што вы маеце на ўвазе?

Перамаглі, але, так бы мовіць, перамаглі не столькі ўласна паўстанцы, колькі іхнія ідэі: ідэя неабходнай еднасці народаў, якія калісьці насялялі Рэч Паспалітую. Вось гэтае адзінства мы сёння, напрыклад, і назіралі, калі палякі, літоўцы, беларусы сумесна збіраюцца ў адным месцы, нягледзячы на магчымыя нацыянальныя супярэчнасці, і разважаюць наконт важнасці гэтай падзеі. Я думаю, што калі б паўстанцы 155 год таму ўбачылі гэта, ім бы гэта ў пэўнай ступені сімвалічна спадабалася б, нягледзячы на працэсы, якія адбыліся пасля паўстання на землях былой Рэчы Паспалітай. Разуменне супольнай гісторыі існуе, прысутнічае. У дадзеным выпадку мы можам разглядаць гэта як пэўную ідэалагічную перамогу паўстанцаў.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 22.11.2019

Іншыя тэмы выдання:

На прэв’ю – Дзмітрый Мацвейчык, фота Сяргея Пелясы

 

Глядзі таксама
Каментары