Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. ВІДЭА


22 лістапада ў Вільні адбылося перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гг. Belsat.eu зладзіў наўпроставую трансляцыю з Вільні.

У эфіры «Белсату» мы паказалі цырымонію грамадскага развітання і ўрачыстую працэсію на могілкі Росы, дзе парэшткі паўстанцаў і Кастуся Каліноўскага знайшлі спачын у капліцы. Апроч гэтага, нашыя журналісты ў адмыслова пабудаванай мабільнай студыі паразмаўлялі з гісторыкамі, актывістамі, палітыкамі ды іншымі беларусамі, якія прыехалі на ўшанаванне паўстанцаў.

17:45 «Белсат» завершыў наўпроставую трансляцыю з урачыстасцяў у Вільні. Дзякуй, што былі разам з намі.

Урачыстая цырымонія пахавання паўстанцаў на могілках Росы ў Вільні. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

17:30 Капліцу на могілках Росы адкрылі для ўсіх ахвотных аддаць даніну павагі паўстанцам.

17:10 Роты ганаровых вартаў польскага і літоўскага войскаў салютуюць паўстанцам.

17.00 Сцягі, якімі былі накрытыя труны лідараў паўстання 1863-1864 гг. Кастуся Каліноўскага і Зыгмунда Серакоўскага, перадалі прэзідэнтам Польшчы і Літвы.

Жалобная працэсія на могілках Росы. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

16:30 Труны з паўстанцамі данеслі да нацыянальнага некропалю – могілак Росы. Тут пройдзе апошняе развітанне з героямі паўстання 1863–1864 гг. Іх пахаваюць у капліцы.

Пісьменнік, журналіст Сяргей Дубавец на ўрачыстасцях у Вільні. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

16:20 Жалобная працэсія наблізілася да могілак Росы. У шэсці бяруць удзел тысячы людзей.

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864. Калона праходзіць праз Вострую браму. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu
Беларускія сцягі на вуліцах Вільні. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

16:14 Калона прайшла праз Вострую браму. Людзі скандуюць «Жыве Беларусь!». Працэсія ідзе на могілкі Росы.

Здымачная група дзяржаўнага тэлеканалу АНТ у Вільні. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

16:00 Ганаровая варта літоўскага войска дайшла да Вострай брамы. Тут адбудзецца малітва за загінулых.

Наведнікі імпрэзы. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

15:24 Урачыстае шэсце ідзе галоўнымі віленскімі вуліцамі. Да яго далучаецца ўсё больш людзей.

15:18 Ганаровая гвардыя вынесла 20 трунаў з Катэдры. Жалобная працэсія рушыла на могілкі Росы.

Кастусь Каліноўскі і Зыгмунд Серакоўскі – лідары паўстання 1863–1864 гг. Іх труны накрытыя сцягамі. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

15:00 З Катэдры выносяць труны з парэшткамі паўстанцаў. Калона рухаецца на віленскія могілкі Росы. Урачыстая працэсія зробіць адзін прыпынак – каля Вострай брамы.

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

14:50 Рыхтуецца вынас трунаў паўстанцаў з Катэдральнага сабору Святых Станіслава і Уладзіслава.

Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

14:45 Дырэктарка тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы:

«Гэта неспадзяваная гістарычная справядлівасць. Ніхто не спадзяваўся, што так адбудзецца. Уражанне ад таго, што тут адбываецца, надзвычайнае.

Афіцыйная адсутнасць прадстаўніка Беларусі была б вельмі дрэннай. Да апошняга моманту былі ваганні, каго даслаць. Але мы бачым, што рашэнне было прынятае. Гэта паказала, што сапраўды Беларусь – адна з краінаў-спадкаеміц, нягледзячы на тое, падабаецца нам унутраны лад краіны ці не».

Паводле наведнікаў імпрэзы на перапахаванні пануе неверагодная ўрачыстая атмасфера. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu
Наведнік імпрэзы. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

14:40 Віцэ-прэм’ер Беларусі Ігар Петрышэнка прамовіў па-беларуску:

«Беларуская мова прысутнічае ў афармленні мемарыялу, дзе будуць пакоіцца паўстанцы. Мы ўдзячныя літоўскаму боку за праведзеную працу і плённую супрацу. І безумоўна за магчымасць быць усім разам у Вільні дзеля ўшанавання нашых землякоў…

Для кожнай краіны ёсць свой вобраз Каліноўскага, але ён не павінен стаць той гістарычнай постаццю, якая выкарыстоўваецца ў палітычных мэтах. Наадварот, гэта тая старонка нашага супольнага мінулага, якую мы павінны шанаваць і якая нас аб’ядноўвае цяпер і ў будучыні».

Урачыстае перапахаванне Кастуся Каліноўскага і ўдзельнікаў паўстання 1863–1864. Фота Ірына Арахоўская belsat.eu

14:25 Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда:

«Мы сустрэліся, каб супольна ўшанаваць герояў паўстання 1863–1864 гг. Мы сустрэліся пад знакамі Белага арла, Пагоні і святога арханёла Міхаіла, гербамі Польшчы, Літвы і Русіі. Рывок 1863 года быў накіраваны супраць царскай імперыі, якая знішчала нашую супольную дзяржаву і зняволіла нашыя народы.

Гэтае паўстанне было апошнім акордам той цудоўнай сімфоніі розных культур, моваў і веравызнанняў, якія гучалі ў Рэчы ПаспалітайГэтай урачыстасцю мы аддаем апошні паклон і пахаваем парэшткі дваццаці герояў паўстання».

14:15 Слова ўзяў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.

«Кастусь Каліноўскі нарадзіўся каля сучаснай беларуска-польскай мяжы, лісты з-пад шыбеніцы пісаў на беларускай мове, заклікаючы народ змагацца за справядлівасць і свабоду… Як і ў тыя далёкія часы, дэвіз «за нашую і вашую свабоду» сёння застаецца актуальны».

Урачыстасці ў Вільні. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu
Урачыстасці ў Вільні. Фота Дзяніс Дзюба belsat.eu

14:07 Прамаўляе Тадэвуш Кандрусевіч.

Стужка навінаў