Тры гады за спробу адбіць у амапаўцаў затрыманага пад час акцыі


Найбольш жорсткія выракі ў судовай практыцы пасля выбараў па тры гады зняволення Паўлу Пяскову і Уладзіславу Еўсцягнееву ад суддзі Вікторыі Паляшук у судзе Маладзечанскага раёну.

Маладзечанцаў судзілі паводле ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэксу Беларусі за супраціў АМАПу з ужываннем гвалту падчас канфлікту з сілавікамі на мірнай акцыі 19 чэрвеня, калі амапавец дастаў пісталет. Суд прызнаў маладзёнаў вінаватымі і пакараў пазбаўленнем волі ў калоніі агульнага рэжыму: Паўла Пяскова – на 3 гады і 3 месяцы, а Уладзіслава Еўсцігнеева – на 3 гады. Менавіта такое пакаранне для маладзечанцаў у суддзі і прасіў пракурор Сяргей Габруковіч – паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

25-гадовага Уладзіслава Еўсцягнеева затрымалі для адбыцця пакарання ў зале суда адразу пасля абвешчання прысуду. 31-гадоваму Паўлу Пяскову змянілі меру стрымання з хатняга арышту на заключэнне пад варту яшчэ 18 верасня. Гэтыя 11 дзён будуць залічаныя ў 3,3-гадавы тэрмін пазбаўлення волі.

Суддзя Вікторыя Паляшчук. Суд Маладзечанскага раёну.
Фота: spring96.org

19 чэрвеня ў Маладзечне каля міліцэйскага буса пратэстоўцы спрабавалі адбіць у сілавікоў затрыманага Міколу Алейніка. На відэа бачна, як у пэўны момант адзін з амапаўцаў трымае ў руцэ пісталет. Следчы камітэт Беларусі аднак не завёў справу супраць сілавіка. Паводле артыкулу 363 «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных справаў ці іншай асобе, якая ахоўвае грамадскі парадак» пачалі пераследаваць траіх удзельнікаў канфлікту. Трэці з падазраваных па гэтай справе Уладзімір Непагода цяпер ў вышуку.

ЮЦ Belsat.eu

Стужка навінаў