«Трэба было прайсці праз боль». Хлопец з інваліднасцю 24 гады жыў у доме-інтэрнаце, а цяпер адпачывае ў Егіпце


Дзверы менскага метро зачыняюцца і 27-гадовы Васіль Мінчонак едзе на станцыю «Акадэмія навук». Там, на занятках у вакальнай студыі, ён паспрабуе стаць на крок бліжэй да мары: узяць удзел у шоу «Голас» і, можа, нават трапіць у фінал. Пражыўшы 24 гады без бацькоў у дзяржаўнай установе для дзяцей з інваліднасцю, Васіль адважыўся пераехаць у пакойчык у бабруйскім інтэрнаце і паспрабаваць быць сапраўдным дарослым. Жыць як усе. Belsat.eu запісаў гісторыю Васіля.

Бясконцы аптымізм і жаданне рухацца далей калісьці дапамаглі хлапцу прыняць самае галоўнае рашэнне ў жыцці.
Фота: Belsat.eu

«Мама, гэта сын твой. Я жывы!»

– Я ніколі не меў кантакту з бацькамі, але марыў аб гэтым. У мене нават ёсць успамін, што яны прыходзілі ў інтэрнат і падарылі цацачны магнітафон. Здаецца, мне было гадоў сем. Але ці гэта было насамрэч, альбо мая дзіцячая псіхіка і жаданне сустрэцца з бацькамі так падзейнічалі – я не ведаю. Але веру, што гэта было насамрэч.

Пасля нараджэння бацькам адразу запрапанавалі адмовіцца ад Васіля. Маўляў, дзіця з такой інваліднасцю доўга не пражыве.
Фота: Belsat.eu

Калі мне было гадоў 15, выйшаў нейкі загад і інтэрнаты пачалі актыўна шукаць кантакты бацькоў ці найбліжэйшых жывых сваякоў сваіх падапечных. Так я даведаўся, што нарадзіўся ў Бабруйску, а пасля трапіў у дом дзіцятка ў Любчах. І, як дадатак, – атрымаў адрас маці. Вядома, напісаў адразу. Пісаў некалькі разоў, кожны раз без адказу. Пасля даведаўся, што лісты атрымлівала бабуля. Мабыць, яна не хацела хваляваць маму, якая моцна хварэла на эпілепсію.

Нейкім цудам пазней знайшоўся нумар маці. Патэлефанаваў і – не мог паверыць, што яна адказала! Кажу: «Мама, гэта сын твой, Васіль Мінчонак. Я жывы!». І мы адразу пачалі плакаць. Праз эмоцыі пагаварыць атрымалася толькі на наступны дзень. Я зноўку разгубіўся, моцна плакаў. Я быў рады, што мы стэлефанаваліся.

Спяваць Васіль пачаў дзесьці з 15 гадоў пад кіраўніцтвам культарганізатара дома-інтэрната. Пасля быў удзельнікам конкурсаў творчасці для выхаванцаў дамоў-інтернатаў у Польшчы і Азербайджане.
Фота: Belsat.eu

На жаль, мамы больш няма. Тата таксама сышоў. Засталася толькі малодшая сястра, з якой бачымся, калі прыязджаю ў Бабруйск. Шкада, што мы так і не пазнаёміліся з маці. Спадзяюся, што яна не памерла з думкай аб дурным сыне. Часам я не трапна фармуляваў думкі і яна сварылася. Тады я тлумачыў, што праз інваліднасць не магу вучыцца ў агульнаадукацыйнай школе і ніхто мяне не навучыў прыгожа гаварыць.

«Трэба было прайсці праз боль»

– Я заўсёды баяўся, што ў 18 гадоў мяне перавядуць у дарослы інтэрнат [беларуская сістэма апекі над дзецьмі-сіротамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця не прадугледжвае ўстаноў для моладзі; да 33-х гадоў выхаванцы знаходзяцца ў «дзіцячых» дамах-інтернатах, а пасля іх пераводзяць «у дамы пастарэлых» – аўт.]. Але як зразумеў, што да чаго ў гэтай сістэме, пачаў задумвацца аб самастойным жыцці. Наш інтэрнат штогод аднаўляў дзеяздольнасць матываваным выхаванцам, якія таксама марылі жыць самастойна. Для іх праводзілі спецыяльныя курсы, рыхтавалі да экзаменаў, а пасля аднаўлення дзеяздольнасці дапамагалі з жыллём.

Васіль лічыць сябе аматарам, але прызнаецца: яго мара ўбачыць падзяку са сваім прозвішчам на сцяне студыі, дзе займаецца вакалам.
Фота: Belsat.eu

Была таксама і аперацыя на ногі. Да я хадзіў на пальчыках, а мае ягадзіцы тырчалі моцна ў бок. Лекары за два гады ў прамым сэнсе паставілі мяне на ногі. Цяпер я хаджу як усе.

«У яе змену не хацелася жыць – хоць яму капай і хавайся там»

– Пасля аперацыі і я прайшоў праграму агульнаадукацыйнай школы з цяжкасцю ў навучанні, потым інтэрнат дапамог з курсамі. У маім класе было 10 чалавек. Не хачу апавядаць усе, бо было рознае. Але памятаю, што складанай здавалася нават дробязь. Седзячы ў інтэрнаце, дзе табе гатуюць, за табой прыбіраюць, не разумееш, навошта ўмець чытаць, пісаць і лічыць. Цяпер, калі я стаў жыць самастойна, зразумеў. І ўдзячны нашым настаўнікам, якія заўсёды спрабавалі матываваць да вучобы, каб хоць штосьці рабіць у жыцці.

Васіль вельмі ўдзячны лекарам. Прызнаецца, што марыў аб максімальна нармальнай руцэ, якая будзе на 100% рабочая. Але такая аперацыя каштавала дорага і зрабіць яе маглі ў той час толькі маскоўскія спецыялісты, гаворыць Васіль.
Фота: Belsat.eu

У інтэрнаце было выдатна. Але былі і часы, калі да нас, выхаванцаў, ставіліся як хацелі. Усё было, слёзы ў тым ліку. Напрыклад, калі прыходзіла выхавальніца Марыя… У яе змену не хацелася жыць – хоць яму капай і хавайся там, абы цябе не было відаць.

Я быў дзіцем і стараўся асабліва не сваволіць, бо яна заўсёды палохала нас саджалкай – невялікім возерам, у якім «жывуць» кракадзілы. За правіннасць Марыя магла пасадзіць у мяшок ад бялізны і зрабіць выгляд, што нясе цябе да кракадзілаў. Я моцна праз гэта плакаў і да гэтага часу не разумею, чаму яна так рабіла. Ведаю, што быў тым яшчэ хуліганам, але пры ёй стараўся сядзець ціха. Аднак усё роўна атрымліваў сваё! Часам заставаўся нават без ежы… І нас, такіх «любімчыкаў», было некалькі.

Прафесійна вучыцца спевам Васіль пачаў у межах праекту «Песні без межаў», якое зладзіла грамадскае аб’яднанне «Свет без межаў». Пазней, дзякуючы сяброўству з аб’яднаннем, Васіль уладкуецца на працу ў Менску.
Фота: Belsat.eu

«Чыноўнік пытаўся, як такі як я, будзе жыць самастойна!»

– Пасля курсаў дом-інтэрнат дапамог уладкавацца на самастойнае пражыванне. Знайшлі пакой у бабруйскім інтэрнаце, сказалі, што трэба ходзіць у цэнтр дзённага знаходжання для людзей з інваліднасцю. Я тады падумаў: ну добра, з чагосьці ж трэба пачынаць.

Васіль прызнаецца, што ў цэнтры было капец як сумна. Увесь час яны рабілі адны пацеркі. Таму ён заставаўся ў інтэрнаце, нічога не рабіў, жыў на адну пенсію, з якой плаціў таксама і за пакой.
Фота: Belsat.eu

Увогуле, я ніколі не забуду, як адзін з чыноўнікаў, гледзячы на мяне, пытаўся, як такі як я, будзе жыць самастойна! Але намеснік дырэктара дома-інтэрната ўсе ж «выбіла» нармальнае жыллё. Гэта сумна, што людзі без дастатку і дапамогі павінны хадзіць і камусьці даказваць, што ім патрэбна дапамога.

Але што рабіць у Бабруйску? Чалавеку без інваліднасці цяжка знайсці працу, што казаць пра мяне… Я неяк гэта зразумеў і нават не марыў, што буду калі-небудзь працаваць. Максімум, на што разлічваў – жыць на пенсію і чакаць на жыллё як сірата з інваліднасцю. Але гэтага дачакаешся?

Васіль нават стаў адну з галоўных роляў у кліпе на песню «My Universe» Руслана Свірыдава і Юліі Навамір, які ўдзельнічаў нацыянальным адборы конкурсу «Еўрабачанне».

«Адзінае, што «свеціць» – «квадраты» у Бабруйску»

– Аднойчы разам з выхаванцамі дома-інтэрната мы паехалі на «аздараўленне» у Дыяканічны дом сацыяльнага служэння ў пасёлку Тарасава, што пад Мінскам. Я хутка пасябраваў з дырэктаркай Вольгай Залескай. Таму, калі ў грамадскім аб’яднанні «Свет без межаў» мне прапанавалі працу ў сталіцы, я адразу патэлефанаваў да выхавацелькі Людмілы Бурак. І разам з дырэктаркай яны запрасілі мяне ў Тарасава з умовай, што я буду дапамагаць працай па дому.

«Я заўсёды хацеў працаваць адміністратарам клубу ці рэстарана», – прызнаецца Васіль.
Фота: Belsat.eu

Так я стаў жыхаром сталіцы, які аплачвае месца ў інтэрнаце ў Бабруйску. Ну бо а як? Спадзявацца на свае жыллё ў Менску не мае сэнсу – без прапіскі, без магчымасці набыць штосьці сваё. Адзінае, што мне «свеціць» – «квадраты» у Бабруйску. Але дзе там працаваць? Я ўжо амаль другі год я працую адміністратарам у спартыўным клубе і ўжо не ўяўляю жыццё без працы, нармальнага заробку.

Дарэчы, праца дапамагла мне споўніць адну з маіх мар – я самастойна паляцеў у адпачынак у Шарм Эль-Шэйх, на які доўга адкладаў грошы. Разам з інтэрнатам мы выязджалі некалькі разоў за граніцу. Але я сам, самастойна? Усю ноч перад ад’ездам не спаў – хваляваўся. Аднак у дарозе пазнаёміўся з хлопцамі-аднагодкамі, дамовіліся, што яны дапамогуць у аэрапорце. У гатэлі таксама знайшліся менчукі, з якімі пасябравалі і ўвесь адпачынак трымаліся адзін аднаго.

Васіль у адпачынку.
Фота: старонка хлопца, vk.com

«Людзі кемлівыя, яны шануюць твае жаданне працаваць»

Я вельмі ўдзячны, што мне, чалавеку без адукацыі, даверылі працу з касавым апаратам і з фінансамі. На працы я прымаю плацяжы, афармляю анкеты, размаўляю з людзьмі і адчуваю, што раблю нешта важнае і патрэбнае. І калі спачатку хваляваўся, што адміністратар з інваліднасцю у спартзале адштурхне кліентаў, то цяпер разумею: людзі кемлівыя, яны шануюць твае жаданне працаваць і самастойна зарабляць на свае патрэбы.

Васіль разам з Вікторыяй Алешка і Даніэлем Ястрэмскім.
Фота: старонка хлопца, vk.com

Вольга Залеская, дырэктарка Дыяканічнага дому сацыяльнага служэння ў Тарасава

Прага самастойнасці і адказнасці – галоўная частка матывацыі, якая павінна закладацца ў выхаванца калектывам дзяржустановы. На гэта патрэбны час і месца па-за тэрыторыяй, якая замыкацца на брамку дзесьці ў полі ці ў малым мястэчку.

Калі ты ў інтэрнаце, ты заўсёды апрануты, памыты, кажа Васіль. Але ніхто не задумваецца, што па-за інтэрнатам будзе напэўна інакш. І як гэта будзе, залежыць толькі ад самога чалавека.
Фота: Belsat.eu

Хлопцы і дзяўчынкі, якія жывуць у дамах-інтэрнатах, павінны ведаць, як выглядае «дарослы свет», разумець, што вясёлае і бесклапотнае жыццё застаецца ў інтэрнаце. І гэта нармальна, так мае быць. Права кожнага чалавека – быць самастойным, мець падтрымку і дапамогу больш дасведчаных людзей.

Каб увайсці ў такі свет, выхаванцы дамоў-інтэрнатаў павінны пабароць страх адзіноты і няўменне «набываць» новыя знаёмствы. Васілю пашанцавала, ён нарадзіўся з уменнем знайсці агульную мову з любым чалавекам. Таму наша задача – прывучыць яго да працоўнай дысцыпліны, вытлумачаць асновы этыкету, а таксама дапамагчы планаваць свой бюджэт.

Юля Шаблоўская belsat.eu

Стужка навінаў