Трамп выступіў супраць ваеннай аперацыі Турэччыны ў Сірыі


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп асудзіў ваенную аперацыю Турэччыны супраць курдскіх узброеных фармаванняў у Сірыі. Пра гэта паведамляе Reuters.

«Сёння раніцай Турэччына, якая ўваходзіць у NATO, уварвалася ў Сірыю. ЗША не падтрымліваюць гэты напад і далі зразумець Турэччыне, што гэтая аперацыя – кепская ідэя», – кажа Трамп у заяве, якую распаўсюдзіў Белы дом.

Ён дадаў: «У гэтым рэгіёне няма амерыканскіх жаўнераў. З першага дня, як я выйшаў на палітычную арэну, я даў зразумець, што не хачу весці гэтыя бясконцыя, бессэнсоўныя войны – асабліва тыя, якія не прыносяць карысці Злучаным Штатам».

Прэзідэнт Трамп нагадаў, што на Турэччыне ляжаць абавязкі па абароне грамадзянскіх асобаў, і ЗША «пераканаюцца, што гэтыя абавязкі будуць выкананыя».

«Таксама на Турэччыне цяпер ляжыць адказнасць за тое, што ўсе захопленыя байцы «ІД» заставаліся ў турме», – дадаў Трамп.

Раней прэзідэнт Трамп вырашыў вывесці вайскоўцаў ЗША з гэтага рэгіёну і па сутнасці справы даў зялёнае святло ваеннай аперацыі турэцкай арміі супраць курдаў. Прадстаўнікі курдскіх атрадаў народнай самаабароны рэзка крытыкавалі гэта рашэнне, назваўшы яго «ударам у спіну», адзначае Бі-Бі-Сі.

9 кастрычніка Узброеныя сілы Турэччыны распачалі аперацыю «Крыніца міру» супраць курдскіх апалчэнцаў на поўначы Сірыі. У чацвер днём турэцкія бамбавікі атакавалі пазіцыі курдаў. Да вечара была задзейнічаная турэцкая артылерыя, і апалчэнцы заявілі аб поўнамаштабных сутыкненнях у раёне шасці гарадоў.

Мэта аперацыі – выцясненне атрадаў курдскіх апалчэнцаў з паўночных раёнаў Сірыі. Прэзідэнт Рэджэп Таіп Эрдаган назваў аперацыю антытэрарыстычнай і заявіў, што яна накіраваная супраць «Ісламскай дзяржавы» і курдскіх узброеных фармаванняў.

  • У рэгіёне, дзе Турэччына пачала сваю ваенную аперацыю, «Ісламская дзяржава» было разгромлена «Сіламі дэмакратычнай Сірыі» – ваеннай кааліцыяй, якая складаецца па большай частцы з сірыйскіх курдаў. У разгар вайны з «ІД» менавіта курдаў ЗША лічылі сваймі галоўнымі саюзнікамі, забяспечвалі іх зброяй і прыкрыццём з паветра.
  • Тысячы баевікоў «ІД» цяпер утрымліваюцца ў курдскіх турмах. Прадстаўнік «Сіл дэмакратычнай Сірыі» раней сказаў у інтэрв’ю Бі-Бі-Сі, што ў выпадку ваеннай аперацыі курдам прыйдзецца кінуць шмат сілаў на самаабарону, і для гэтага спатрэбіцца адклікаць частку байцоў, якія ў дадзены момант ахоўваюць зняволеных баевікоў «ІД». Цяпер сусветная супольнасць занепакоена тым, што джыхадзістаў і іх семʼі могуць вырвацца на волю і вярнуцца на свае тэрыторыі.
  • Турэччына бачыць у курдах пагрозу сваёй нацыянальнай бяспекі. Турэцкія ўлады называюць іх тэрарыстамі, якія падпарадкоўваюцца Рабочай партыі Курдыстана (РПК), якая на працягу дзесяцігоддзяў вядзе барацьбу з турэцкім дзяржавай.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў