Трамп абвінаваціў Расею ў падтрымцы КНДР


Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп заявіў у інтэрв’ю агенству Reuters, што Расея дапамагае Паўночнай Карэі абыходзіць накладзеныя на яе санкцыі.

«Расея нам зусім не дапамагае ў Паўночнай Карэі», – сказаў Трамп у інтэрвʼю ў Авальным кабінеце Белага дома.

«Тое, у чым нам дапамагае Кітай, Расея падрывае. Іншымі словамі, Расея перакрэслівае тое, што робіць Кітай», – сказаў Трамп.

Амерыканскі прэзідэнт дадаў, што мае надзею на мірнае вырашэнне канфлікта з Пхеньянам, але «вельмі верагодна, што гэта немагчыма».

Каментуючы верагоднасць удару балістычных ракет КНДР па ЗША, Трамп сказаў:

«Яны яшчэ не тут, але яны блізка. І набліжаюцца штодня».

Дзяржсакратар ЗША Рэкс Тылерсан абвінаваціў Расею ў тым, што яна не цалкам выконвае санкцыйны рэжым, накладзены ААН на Паўночную Карэю, «што, можа быць, перашкаджае ажыццяўленню некаторых мер». У асноўным, гаворка ідзе пра пастаўкі ў КНДР паліва. Пры гэтым Тылерсан падкрэсліў канструктыўную ролю Кітая ў сітуацыі з Паўночнай Карэяй.

Паводле слоў Тылерсана, ціск, які аказваецца на Пхеньян, вымусіць КНДР вярнуцца да стала перамоваў па пытанні аб ядравай праграме і распрацоўцы ракет.

Гаворачы аб Кім Чэн Ыне, ён дадаў:

«Ён ведае, як да мяне датэлефанавацца, калі ён хоча пачаць з намі размаўляць. Але ён павінен сам гэта зрабіць. Мы за ім ганяцца не будзем».

КА, belsat.eu

Стужка навінаў