Топ-25 фота байцоў НКВД, якіх вы ніколі не бачылі


Мы прызвычайваемся да стэрэатыпаў: чэкіст – гэта альбо рыцар з фільму «Шчыт і меч» у выкананні Янкоўскага, альбо кат, які расстрэльвае ахвяраў у Курапатах ды не мае ні граму чалавечнасці. І тое, і другое – клішэ. Якімі ж яны былі насамрэч?

Мы скарысталіся здымкамі працаўнікоў савецкіх органаў дзяржбяспекі 1920–1940 гадоў з прыватных калекцыяў, каб паказаць чэкістаў у штодзённым жыцці. На жаль, не заўсёды можна ідэнтыфікаваць асобаў на фота, год, месца – некаторыя партрэты застаюцца маўклівымі, мабыць, як і іхныя героі пры жыцці.

Гэтыя здымкі яшчэ ніколі не друкаваліся, таму чытачы Belsat.eu маюць магчымасць упершыню ўгледзецца ў твары працаўнікоў ведамства, якое сцягвала на сябе праклёны, нянавісць, страх, але адначасова цікавасць і нават зайздрасць у навакольных.

Да 1922 года чэкісты наагул не мелі ўніформы, насілі што было. Але на гэтым фота – работнікі ЧК на працэсе эсэраў у Маскве ў 1922-ім, статуснае, як кажуць, мерапрыемства. Тварамі хлопцы яшчэ нагадваюць герояў фільму «Неуловимые мстители»… З часам зменіцца і форма, і абліччы
Самотная дзяўчына ў цывільным сярод байцоў ОГПУ, апранутых «па форме». Станцыя Казяцін, 1927 год
Супрацоўнікі Марыйскага аддзелу ГПУ, 1924 год. Прыгожае прэс-пап’е на стале на першым плане, відаць, сканфіскаванае ў «класу прыгнятальнікаў»…
Парадак ува ўсім – нават у паставе ног на калектыўным здымку. Працаўнікі ГПУ г. Канстанцінава (УССР), мяжа 1920–30-ых
Малады камандзір аддзялення войскаў ОГПУ, г. Ташкент, 1933 год
Мужчыны і жанчыны – работнікі ОГПУ г. Ірбіт, пачатак 1930-ых. Звярніце ўвагу на скуранку на адным з афіцэраў, якая яшчэ доўга заставалася сімвалам чэкістаў
Працаўнік Цэнтральнай школы (ЦШ) ОГПУ/НКВД у Маскве, якая вучыла і перавучвала чэкістаў
Навучэнцы Ленінградскай школы Галоўнага ўпраўлення дзяржбяспекі НКВД. Такую ўніформу яны мелі з 1935-га да 1943-га
Выпускны здымак Нова-Пецяргофскай вайскова-палітычнай вучэльні памежных і ўнутраных войскаў НКВД, 1938 год. Звярніце ўвагу: прозвішчы выкладчыкаў не падпісаныя… Сапраўды, а навошта вам?
Памежнікі з 21-ай памежнай акругі побач з навучальнымі стэндамі. Звярніце ўвагу на аўтамат Томпсана на адным з іх – улюбёную зброю мафіі паводле амерыканскіх фільмаў пра 1930-ыя. Мабыць, з томпсанамі ў Краіну Саветаў меліся прарывацца дыверсанты і тэрарысты – у СССР гэтыя аўтаматы з’явіліся падчас Другой сусветнай вайны ў межах дамовы лэнд-лізу паміж ЗША і Савецкім Саюзам
Старэйшы лейтэнант дзяржбяспекі паблажліва глядзіць на сваіх калегаў, г. Арол, 1935 год. Недарэмна, бо старлей ГБ мог быць намеснікам начальніка акруговага УНКВД, а капітан ГБ – нават наркомам савецкай ці аўтаномнай рэспублікі… Для параўнання: сяржант ГБ быў роўны лейтэнанту РККА
Сяржант ГБ з дачкою
Інтэндант 2-га рангу Табачнікаў, Масква, Крэмль, 1937 год
Працаўнікі асобнага аддзелу пры 43-ім памежным атрадзе (Азербайджанская ССР), лета 1942 года. Гэтак званыя «особисты»
Кандыдат на спецзванне ГБ А. Капшук з сям’ёю, г. Уладава, 1940 год
Працаўнікі НКВД з Барнаулу, 1940 год. Фотамайстар у афармленні рамкі праявіў творчыя ноткі: чэкісты глядзяць нібы з нейкай прорвы…
Капітан ГБ П. Печанаў на фоне мапы СССР, 1942–43 гады. Сам Печанаў паходзіў з Ленінграду
Сяржант ГБ Гімаеў з таварышам, г. Новасібірск, вясна 1939 года
Працаўнікі аддзелу ў справах спецперасяленцаў Шадрынскай раённай камендатуры ОГПУ (Уральская вобл.), вясна 1933 года. Пройдзе год, і ўсе месцы зняволення аб’яднаюць пад крылом НКВД – пачнецца «залаты век» ГУЛагу. Падзелу на зоны для палітычных і крымінальнікаў, як раней, не будзе, усё сальецца ў адну вялізную імперыю за калючым дротам.
Два сябры з сістэмы працаўнікоў ГУЛагу (фота да 1943 года)
Працаўнік сістэмы ГУЛагу пасміхаецца (фота да 1943 года). Цікава, навошта на здымку яму замалявалі зубы. Погляд ад гэтага стае яшчэ больш дэманічны. Як варыянт – зубоў магло …бракаваць. Гэтак, на некаторых перадваенных здымках босым сялянам падмалёўвалі лапці. Тут – зубы
Працаўнік сістэмы ГУЛагу (фота да 1943 года)
Фрагмент калектыўнага фота працаўнікоў ГУЛагу на адпачынку, Каўказ, Цяберда. У фотаатэлье пазначылі той ракавы год – «1937»
Працаўнікі ГУЛагу (фота да 1943 года). Звярніце ўвагу на прыгожыя строі і галаўныя ўборы жонак байцоў – большасць савецкіх жанчын такога сабе дазволіць не магла…
Стралкі ВОХР у ГУЛагу – беспасярэднія ахоўнікі, якія стаялі на вежах і канваявалі зняволеных (фота да 1943 года). Цікава, ці разумее дзіцё на першым плане, дзе яно, у каго на руках, што тут робіцца… Наўрад ці. Як і большасць жыхароў тагачаснага СССР

Тэкст і подпісы Алеся Кіркевіча, здымкі з прыватных архіваў і калекцыяў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары