Тэст-драіў першага беларускага байкшэрынгу. Гарадскі ровар дасяжны кожнаму


У пачатку ліпеня ў Менску запусцілі сэрвіс арэнды гарадскіх ровараў «Kolobike». Цяпер у горадзе больш за 2200 жоўтых ровараў, якія можна ўзяць і пакінуць дзе заўгодна, галоўнае – не перашкаджаць іншым удзельнікам дарожнага руху. Мы пратэставалі сэрвіс, а цяпер распавядаем, як гэта працуе, колькі каштуе і ці здолее ровар замяніць грамадскі транспарт.

Жоўтыя ровары «Kolobike» можна адшукаць паўсюль у цэнтры Менску

«Стаяначны шэрынг – гэта мінулае»

Дырэктар кампаніі «Kolobike» Вадзім Осіпчык зазначае, што ідэя стварыць у Менску байкшэрынг прыйшла пасля наведання суседніх краінаў. Але, у адрозненне ад Варшавы ці Вільні, дзе гарадскія ровары прымацаваныя да адмысловых станцыяў, у нас іх можна ўзяць і пакінуць у любым пункце гораду.

«Стаяначны шэрынг – гэта мінулае. Мы, як Афрыка, прайшлі стадыю правадных тэлефонаў і адразу прыйшлі да мабільнай сувязі. Так і мы абмінулі стадыю стаяначнага сэрвісу», – адзначае спадар Осіпчык.

Як гэта працуе і колькі каштуе?

Прынцып байкшэрынгу просты: знаходзіце ровар, рэгіструецеся ў дадатку і едзеце. Такія сэрвісы маюць попыт у Еўропе, бо часам яны таннейшыя за грамадскі транспарт.

Перад паездкаю пампуем праграму «Kolobike», рэгіструемся, дадаём нумар тэлефона і, калі маеце, промакод. Звычайна кампанія дае дзве дармовыя паездкі на 30 хвілінаў. Лепей адразу дадаць крэдытную картку.

Каб скарыстацца сэрвісам, трэба пакласці грошы на рахунак. Усё адбываецца онлайн праз крэдытку. Мінімальная сума дадавання – 5 рублёў. Цяпер тарыфікацыя паўгадзінная, 1 рубель за 30 хвілінаў. Але гэта выклікае пэўныя нязручнасці на кароткіх дыстанцыях, калі трэба праехаць паміж прыпынкамі ці ад офісу да прыпынку.

«Ёсць ідэя выйсці на тарыфікацыю па 15 хвілінаў, і тады гэта будзе альтэрнатыва грамадскаму транспарту», – кажа намеснік дырэктара кампаніі Ягор Іваноў.

У наступных абнаўленнях з’явяцца абанементы, яны будуць дзеяць як праязныя ў грамадскім транспарце: чым большы тэрмін набываеш – тым таннейшая выходзіць паездка.

Як пачаць арэнду?

Стартавалі мы на вул. Казлова, акурат ля Палацу мастацтва, дзе месціцца адзін з роварных паркінгаў, усе ровары лёгка шукаюцца на мапе.

Каб пачаць арэнду, з дапамогаю дадатку трэба адсканаваць QR-код на ровары ці ўвесці ўручную. Замок аўтаматычна разблакуецца і некалькі разоў прапішчыць. Пасля чаго можна ехаць.

Ровар мае зручнае сядло, тры перадачы ды ноу-хау – мацаванне для смартфона. У іншых еўрапейскіх сэрвісах мы такога не бачылі. Зручна, прымацоўваеш смартфон да стырна і едзеш паводле мапаў «Google». Праўда, трэба дэталёва абіраць маршрут.

Менск – пакуль не цалкам bike-friendly

Праехаў 300 метраў – прыйшла думка, што Менск яшчэ не цалкам прыстасаваны да ровараў. Сцежкі пракладваюцца і нават з’явілася першая роварная паласа на вул. Веры Харужай, але сцежкі ідуць праз паркі ды скверы, што вельмі нязручна, калі трэба дабрацца з пункту А ў пункт Б.

Далёка не ўсе пешаходныя пераходы прыстасаваныя да ровараў, трэба спешвацца. Але ўсё гэта дробязі ў параўнанні з галоўным ворагам раварыста – падземнымі пераходамі і прыступкамі. Канечне можна спусціць і падняць ровар, але ў 99 % выпадкаў будзеш шукаць іншы варыянт пераезду.

Ровар едзе добра: мы спрабавалі спраўдзіць хуткасць і нам удалося разагнацца да 27 км/г. Верагодна, можна і хутчэй. Даехаў да парку Горкага узнікла іншая праблема: тормаз ровара не расціскаўся цалкам, уражанне, быццам заўжды спыняешся.

У сэрвісе нам паведамілі, што існуе дагляд за роварамі: тыя байкі, на якія скардзяцца карыстальнікі, блакуюцца і адпраўляюцца ў рамонт.

Даехаўшы да вул. Карла Маркса, мы сутыкнуліся са знакамітаю горкай і з прыступкамі. Узабрацца на ровары на яе можна, але цяжка. Ля помніку Т-34 мы заблакавалі ровар: проста трэба заціснуць замок на ровары і ён два разы прапішчыць.

Ці застрахаваны карыстальнік і якая адказнасць за ровар?

На гэты момант пытанне страхоўкі для карыстальніка распрацоўваюць. Што датычыць адказнасці – існуе праблема: ровары проста крадуць. У кампаніі пацвердзілі, што некаторыя карыстальнікі зразалі замкі і вывозілі ровары за горад. Адказнасці для звычайных карыстальнікаў пакуль няма.

Існуе меркаванне, што гэты вандалізм быў рэкламнай акцыяй, каб раскруціць брэнд. У кампаніі гэтую інфармацыю зняпраўджваюць, але не выключаюць, што першы выпадак закідвання ровара ў сметнік – справа іхнага рэкламнага агенцтва.

«У Шабанах амаль цалкам разабралі тое, што было на ровары. Адпілавалі тросы, пафарбавалі яго. Усё, што можна было парваць і зламаць, зламалі. Застаўся толькі корпус і колы. Таму гэта цяжка назваць PR-акцыяй», – кажа Ягор Іваноў.

Стваральнікі сэрвісу раяць перад карыстаннем улучаць блютус і геалакацыю. Гэта дапаможа пазбегнуць дадатковых памылак.

«Практычна ўвесь сезон мы будзем у стадыі бэты, бо яшчэ будуць выпраўляцца пэўныя моманты. Тое, што было на старце, тыя багі былі выпраўленыя. Цяпер праграма стала працаваць стабільна», запэўнівае прадстаўнік кампаніі.

«У выходныя сэрвісам карыстаюцца больш за палову адсотка менчукоў»

Падчас тэсту мы пабачылі прыблізна 15 чалавек на роварах. Агулам па Менску ўжо цяжка прайсці квартал, не сустрэўшы раварыста. Безумоўна, дакладная колькасць карыстальнікаў – камерцыйная таямніца. Але ў кампаніі заяўляюць, што ў выходныя «Kolobike’ам» карыстаюцца больш за 0,5 % менчукоў [прыблізна 10 000. – Заўв. belsat.eu].

Літаральна тыдзень таму «Kolobike» займеў самакаты. Яны каштуюць усяго 1 рубель за старт і 15 капеек за хвіліну.

Далейшыя крокі – экспансія ў іншыя гарады. Неўзабаве сэрвіс з’явіцца ў Берасці і Горадні.

ВР, фота СС belsat.eu

Стужка навінаў