«Тэрмінова стварайце ў сваім горадзе забастовачныя камітэты» – штаб Ціханоўскай звярнуўся да беларусаў


Страйк на МЗКЦ. 17 жніўня 2020 г.
Фота: Belsat.eu

Давераная асоба Святланы Ціханоўскай Вольга Кавалькова апублікавала ў Facebook зварот «да жыхароў гарадоў Беларусі, калектываў прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў».

«Бліжэйшыя дні вельмі важныя, каб не страціць нашу перамогу. Аляксандр Лукашэнка тэрмінова павінен сысці, каб мы маглі аднавіць работу прадпрыемстваў і бізнесу. Кожную гадзіну, дзень, тыдзень захавання ўлады ў руках былога прэзідэнта наносіць велізарную страты прадпрыемствам і дабрабыту людзей. Цяпер нам трэба зрабіць усё, каб ён не знішчыў эканоміку краіны», – заявіла Кавалькова.

Удзельнікі «Агульнаграмадзянскага маршу за Свабоду». 16 жніўня, 2020 г. Mенск, Беларусь.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

У прыватнасці, беларусаў просяць:

  • Тэрмінова ствараць у сваім горадзе забастовачныя камітэты на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях.
  • Скаардынаваць дзейнасць усіх страйкавых камітэтаў у межах адзінага страйкавага савету гораду. У гэты адзіны страйкавы савет запрашаць прадстаўнікоў усіх прадпрыемстваў, арганізацыяў і ўстановаў, а таксама вядомых і аўтарытэтных людзей гораду.
  • Падчас мірных акцыяў на цэнтральных плошчах гарадоў патрабаваць ад кіраўніцтва мясцовай адміністрацыі, выканкамаў заявы аб непрызнанні афіцыйных вынікаў галасавання з патрабаваннем аб адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі.
  • Заявы мясцовых адміністрацыяў і выканкамаў аб непрызнанні афіцыйных вынікаў галасавання з патрабаваннем аб адстаўцы Лукашэнкі павінны быць размешчаныя на іх афіцыйных сайтах і ў афіцыйных выданнях мясцовых уладаў, а таксама накіраваныя ў адміністрацыю Лукашэнкі.
  • Калі цягам содняў кіраўнікі мясцовых адміністрацыяў і выканкамаў не прымуць такія заявы, тэрмінова патрабаваць іх адстаўкі.
  • У выпадку адстаўкі кіраўнікоў адміністрацыяў і выканкамаў патрабаваць ад калегіяльнага сходу адміністрацыяў і выканкамаў прыняцце афіцыйнага заявы аб непрызнанні афіцыйных вынікаў галасавання з патрабаваннем аб адстаўцы Лукашэнкі.

    Таксама беларусаў заклікаюць тэрмінова звярнуцца да кіраўнікоў мясцовых саветаў з патрабаваннем аб скліканні пазачарговай на працягу двух дзён сесіяў мясцовага савету дэпутатаў з парадкам дня аб адстаўцы Лукашэнкі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў