Таямнічыя санкцыі: за што Парашэнка пакараў беларускія кампаніі?

ВІДЭА

Аляксандр Лукашэнка і Пятро Парашэнка. Архіўнае фота president.gov.ua

У чацвер прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка ўнёс дзве беларускія кампаніі ў абноўлены санкцыйны спіс. Не выключана, што санкцыі маглі стаць наступствам расследавання «Белсату» пра гандаль Беларусі з ЛДНР, аднак афіцыйна дадзеную сітуацыю дыпламаты пакуль не каментуюць. Чаму насамрэч фірмы з Беларусі трапілі ў «чорны спіс»?

Кіеў увёў санкцыі супраць Мазырскага спіртагарэлачнага заводу і ААТ «Свет піва». Абмежаванні супраць мазырскага прадпрыемства будуць дзейнічаць 1 год, супраць «Света піва» – 3 гады.

Ва ўказе Парашэнкі ніякіх тлумачэнняў у сувязі гэтым рашэннем няма. Адмовіліся каментаваць сітуацыю і амбасадзе Украіны ў Менску. «Можам толькі канстатаваць, што санкцыі супраць беларускіх кампаніяў уведзены ўпершыню», – сказаў belsat.eu прадстаўнік амбасады Паўло Траян і параіў звярнуцца ў амбасаду Беларусі ў Кіеве.

Аднак і ў амбасадзе Беларусі нашым журналістам нічога не патлумачылі.

«Нам нічога не вядома і каментаваць сітуацыю мы таксама не можам», – заявілі ў амбасадзе.

Мазырскаму заводу ўзгадалі Гон-конг?

Фота – mlife.by

Размовы наконт санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў распачаліся год таму пасля выхаду расследавання «Белсату» пра гандаль Беларусі з ДНР і ЛНР. Як стала вядома ў выніку расследавання, прадукцыя дзясяткаў беларускіх прадпрыемстваў трапляе да сепаратыстаў праз расейска-украінскую мяжу, якая не кантралюецца афіцыйным Кіевам. У жніўні 2017 года амбасадар Украіны Ігар Кізім паабяцаў, што калі інфармацыя з расследавання «Белсату» пацвердзіцца, то беларускія прадпрыемствы трапяць у «чорны спіс» і не змогуць пастаўляць сваю прадукцыю ва Украіну.

Мазырскі спіртагарэлачны завод фігураваў у леташнім расследаванні «Белсату». Як прызнаўся тады намеснік дырэктара заводу Аляксандр Македонскі, прадпрыемства працавала з ЛНР і ДНР праз Huge Sky LTD – фірму-пракладку з Гон-Конгу праз рахункі якой ішлі разлікі за тавары.

Аднак намеснік дырэктара па агульных пытаннях Мазырскага заводу Васіль Наздрын заявіў сёння belsat.eu, што не ведае, з чым дакладна звязаныя ўкраінскія санкцыі:

«Мне цяжка адразу адказаць, не магу вам сказаць, чаму дакладна ўвялі санкцыі… Думаю, гэта палітычнае пытанне. Бо мы шмат працавалі з Расеяй. Будзем высвятляць».

На пытанне, ці звязана ўвядзенне санкцыяў у дачыненні да заводу з тым, што ён пастаўляў прадукцыю на тэрыторыі ЛДНР, Наздрын адзначыў:

«У 2017 годзе мы туды не пастаўлялі (пра тое, што летась пастаўкі спыніліся казаў раней і Македонскі – заўв. belsat.eu), а што было раней – не ведаю. Я тут працую ўсяго год».

Мазырскі завод уваходзіць у канцэрн «Мінск Крыстал Груп», што быў створаны ў 2015 годзе на асабісты загад Аляксандра Лукашэнкі і цяпер дэ-факта з’яўляецца манапалістам на рынку алкаголю ў Беларусі. Пры гэтым сам завод апошнія гады меў сурʼёзныя фінансавыя праблемы – у 2016 годзе прадпрыемства распачало працэдуру банкруцтва.

Загадкавы «Свет піва»

У адрозненні ад Мазырскага заводу ААТ «Свет піва» ў расследаванні «Белсату» не фігураваў. Пра кампанія наогул вядома не шмат – у іх няма ўласнага сайту, уласнікі і кіраўнікі фірмы ў адкрытых крыніцах не з’яўляюцца.

Офіс «Света піва» знаходзіцца на ўскраіне Менску ў прыватным сектары. Супрацоўнік кампаніі, які прадставіўся топ-менеджарам (але імя не назваў), у вельмі рэзкай форме адмовіўся даваць любыя каментары.

«Як кажуць, no comment. Мы не будзем з вамі размаўляць і не будзем нічога тлумачыць», – заявіў ён нават не спытаўшы, якое СМІ мы прадстаўляем.

Будынак на вуліцы Передавой у Менску, дзе месціцца офіс “Света піва”

«Свет піва» не мае ўласнай вытворчасці і спецыялізуецца не на экспарце, а на імпарце замежных напояў – як алкагольных, гэтак і безалкагольных. Паводле скупых звестак з інтэрнэту, «Свет піва» імпартуе ў Беларусь расейскае піва «Трехсосенское» і «Варніца», мінеральную ваду «Ессентуки», «Нарзан» ды напой Fresh Bar. Але самае цікавае ў тым, што «Свет піва» з’яўляецца дыстрыб’ютарам украінскага піва «Оболонь» у Беларусі – звесткі менавіта гэтай кампаніі можна пабачыць на этыкетках «Оболони», што прадаецца ў беларускіх крамах.

Трэба адзначыць, што раней украінскія блогеры заўважалі, што ў супермаркетах ЛДНР можна знайсці ў тым ліку ўкраінскае піва «Оболонь». Але пакуль не зразумела, ці звязана гэта з дзейнасцю «Света піва».

Дарэчы, па адрасе, дзе месціцца офіс «Света піва», зарэгістравана яшчэ дзве кампаніі: «Оболонь-Русь» (у якасці афіцыйнага прадстаўніцтва ЗАТ «Оболонь» у Беларусі) і ААТ «Класічныя віна».

«Класічныя віна» – афіцыйны дыстрыб’ютар грузінскай мінералкі «Набеглаві» – саўладальнікам заводу «Набеглаві» з’яўляецца міністр ураду часоў Саакашвілі і мільянер Міхо Свіманішвілі.

Мяркуючы па ўсім, «Класічныя віна» і «Свет піва» – афіліяваныя структуры. «Класічныя віна» маюць у Менску сетку сваіх крамаў, а іх заснавальнікам з’яўляецца група кампаніяў NAVRGROUP (уключае 12 фірмаў: 10 – у Беларусі, 1 – у Нямеччыне, 1 – у Расеі). Прычым NAVRGROUP займаецца не толькі алкаголем, але і аўтахіміяй, піламатэрыяламі і нафтавым бітумам. Імёны ўладальнікаў гэтага бізнесу ў адкрытых крыніцах не фігуруюць.

Даведка: Ва ўкраінскі санкцыйных спіс на дадзены момант уваходзіць 1748 чалавек і 756 кампаніяў. Санкцыі дзейнічаюць супраць людзей і кампаніяў, звязаных з расейскай агрэсіяй супраць Украіны, а таксама іншымі парушэннямі ўкраінскага заканадаўства. Санкцыйных спіс перыядычна абнаўляецца.

Ігар Ільяш, Кацырына Андрэева, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары