Танцы, бігас ды Лайконік: як прайшоў Дзень Польшчы ў Менску. Фотарэпартаж


Ужо традыцыйна ў суботу Верхні горад у Менску гуляе: пасля дзён шведскай і расейскай культур пляцоўка прымае фестываль польскай культуры. Праграма, арганізаваная Інстытутам Польшчы, уключае выступы спевакоў ды танцораў, віктарыны і адукацыйную частку.

Імпрэза пачалася з карнавальнага шэсця Лайконіка – барадатага вершніка на бутафорскім кані са світай. Традыцыя бярэ карані з ХІІІ ст., ад асадаў татарамі Кракава, або, паводле іншай версіі, з яшчэ больш ранніх паганскіх абрадаў. Грозны на выгляд Лайконік не мае нічога супраць здымкаў з гасцьмі імпрэзы.

Лайконік з жыхаркай Менску. Фота – Ірына Арахоўская, Белсат
Світа Лайконіка. Фота – Ірына Арахоўская, Белсат

«Я вельмі цешуся, што сёння ў праграме ёсць музыка Манюшкі, бо сёлета адзначаецца 200-годдзе Станіслава Манюшкі, а мы знаходзімся ў Менску, у месцы, непасрэдна звязаным з ягонай асобай. Ён нарадзіўся за 50 кіламетраў адсюль, а свята сёння праходзіць на месцы, ля якога ён хадзіў у гімназію, ля Касцёла, які ён наведваў падчас свайго побыту ў Менску», – адначыў каментары для «Белсату» амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі.

Дзень Польшчы ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, Белсат

Амбасадар не сумняецца, што, нягледзячы на блізкасць беларускай і польскай культураў, на Дні Польшчы беларусы могуць адкрыць для сябе нешта, дагэтуль невядомае: «Фальклор адрозніваецца нават паміж рэгіёнамі, напрыклад, кракаўскі фальклор адрозніваецца ад кашубскага. Кожны мае сваю культуру, сваю мову. Мы розныя, але блізкія адно да аднаго».

«Думаю, вельмі важна, каб палякі і беларусы знаёміліся наноў. У мяне ёсць адчуванне, што, хоць мы жывем побач, з шматлікіх прычын, пра якія мы ўсе ведаем, мы яшчэ не пазнаёміліся адно з адным як след», – адзначыў спадар Міхальскі.

Амбасадар Польшчы ў Беларусі Артур Міхальскі. Фота – Ірына Арахоўская, Белсат

Без аўтазака не абыйшлося

Са сцэны побач з Артурам Міхальскім стаіць намеснік старшыні Менгарвыканкаму Арцём Цуран, пад сцэнай парадак пільнуюць міліцыянты, а непадалёк на ўсялякі выпадак стаіць аўтазак.

Дзень Польшчы ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, Белсат

Не бігасам адзіным

Пакуль адныя ацэньваюць традыцыйны для суседзяў бігас, запіваючы халодным квасам з бочкі, іншыя ідуць па духоўную ежу: у белых палатках у «моўна-адукацыйнай» зоне можна бясплатна ўзяць кніжку на польскай мове. «Хутчэй за ўсё раздалі кніжкі пра гісторыю», – кажа працаўнік лінгвістычнай школы, якая скарысталася Днём Польшчы для прасоўвання сваіх паслугаў.

Дзень Польшчы ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, Белсат

Асабліва Дня Польшчы чакалі аматары кніг Януша Леона Вішнеўскага. Адзін з найбольш вядомых сучасных пісьменнікаў суседняй краіны, аўтар бестселеру «Адзінота ў сеціве», адказаў на пытанні мадэратаркі сустрэчы Валярыны Куставай. Бліжэй да 22-й гадзіны чакаецца выступ іншых зорак – гурта «Golden Life», што грае музыку на мяжы стыляў поп, рок і кантры.

Дзень Польшчы ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, Белсат
Дзень Польшчы ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, Белсат
Дзень Польшчы ў Менску. Фота – Ірына Арахоўская, Белсат

Праз тыдзень Верхні горад будзе бавіцца пад брытанскія матывы: паводле амбасадаркі Вялікай Брытаніі ў Беларусі Фіёны Гіб, свята пройдзе з асаблівым размахам, бо супадзе з часам правядзення Еўрапейскіх гульняў, а значыць, гасцьмі Брытанскага фэсту стануць у тым ліку заўзятары ды спартоўцы.

М. Вашкевіч, фота: Ірына Арахоўская, belsat.eu.

Глядзі таксама
Каментары