«Там, дзе ідуць беларусы, яшчэ ніхто не хадзіў». Гісторык Сяргей Харэўскі – аб пратэстах

Беларускі мастак, культуролаг і гісторык Сяргей Харэўскі распавёў belsat.eu пра свой погляд на ўнікальнасць цяперашніх працэсаў у Беларусі не толькі для самой краіны, але і для сусветнай гісторыі.

Ці можна параўноўваць пратэсты цяпер і ў 2010 годзе?

Сітуацыя выспела. Пандэмія, сусветны эканамічны крызіс, сітуацыя ў суседніх краінах – усё склалася, што ўлады прадэманстравалі сваю абсалютную няздатнасць кіраваць краінаю, кіраваць сітуацыяй, развязваць праблемы.

Сяргей Харэўскі. Фота: wikipedia

Многія памылкова лічаць, што пратэставы рух пачаўся літаральна адразу пасля выбараў. Не, ён пачаў нарастаць з пачаткам вясны, калі ў кантрасце з нашымі суседзямі стала відавочна як ніколі, што ў Беларусі ўлады не ў стане даць рады з такім выклікам, як пандэмія, з эканамічнымі праблемамі. Раней настолькі відавочна гэта не было.

Людзі пачалі самаарганізоўвацца, дапамагаць медыкам: тады і былі запачаткаваныя формы салідарнасці.

Калі людзі шылі маскі, працавалі валанцёрамі, кавярні харчавалі медыкаў, а ў гэты час кіраўнік краіны паводзіў сябе, як вар’ят, раздаваў каштоўныя парады, потым назваў гэта жартамі, для тысячаў людзей, у каго блізкія памерлі ад хваробы, гэта зусім было не смешна.

Такога раней не было

Раней мы гаварылі пра канкрэтныя палітычныя рухі, канкрэтных лідараў, якія гуртуюць вакол сябе сваіх прыхільнікаў і выконваюць свае ці партыйныя заданні. Цяпер усё выглядае зусім не так, як у папярэднія выбары. Мы бачым, што людзі самаарганізуюцца.

Марш герояў, Менск, 13 верасня 2020 г. Фота: ТК / «Белсат»

І гэта дае нам шанец, бо гэтая глеба пратэсту непараўнальна шырэйшая за ўсе папярэднія гады.

Ёсць такі прынцып у культуры: нельга няспынна патакаць густам большасці, бо можна скаціцца да самых прымітыўных праяваў. Потым густы большасці зменяцца, а той, хто спускаўся, аказваецца ні пры чым.

Так беларусы сталі значна больш адукаванымі, больш адкрытымі свету, а ўлада больш не ў стане адпавядаць свайму народу.

Марш герояў, Менск, 13 верасня 2020 г. Фота: ТК / «Белсат»

У 2010 годзе была зусім іншая вонкавапалітычная сітуацыя: не было Крыму, не да канца была дабітая матэрыяльная савецкая спадчына. Пратэсты былі ў асноўным у Менску. 10 гадоў таму было актыўнае пакаленне, але была і настальгія па СССР, былі нейкія лозунгі ў гэтай тэматыцы. Цяпер жа гэта проста нейкі анахранізм і абсурд.

Выраслі людзі, якія ніколі і не думалі браць у рукі «Советскую Белоруссию», а БТ для іх – проста нейкі мэм.

І ўлады не ў стане гэтага зразумець. Выбітны прыклад, як яны ўзялі расейскіх прапагандыстаў, а тыя намагаюцца заткнуць усё вядомымі ім схемамі: Захад – ворагі, каталіцкая царква – палякі, украінскія бандыты і ўся гэтая лухта. 10 гадоў таму ва ўлады былі нейкія аргументы, а цяпер няма. І інфармацыя зусім іначай распаўсюджваецца. Яе больш нельга так кантраляваць.

Іна, удзельніца маршу герояў. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Дзе яшчэ ніхто не хадзіў…

Таксама адметная рыса – дэперсеніфікацыя пратэстаў. Бо 10 гадоў таму была барацьба асобаў і ідэй, якія яны ўвасаблялі. Цяпер героем можа стаць кожны, будзь то шахцёр ці дыджэі, пра іх існаванне ніхто раней і не ведаў. Гэта героі, якія сябе самі і не прызначалі. Як Ніна Багінская, акторы Купалаўскага тэатру, айцішнікі, ратавальнікі АСВОДа і чалавек з МНС, які разгарнуў сцяг – яны з самых розных сфер, але сталі сімваламі і лідарамі, хто рухае гэтым усім працэсам. Гэта міліцыянеры, якія адмовіліся ад гвалту, гэта настаўніцы, якія голасна абвесцілі пра фальсіфікацыі.

Хай гэта прагучыць пафасна, але галоўным героем сёлета стаў народ у асобах самых звычайных да гэтага года людзей.

Вось ён – народ. І аказалася, што яму не трэба загадваць, каб павесіць сцяг, не трэба загадваць, каб ён ішоў на вуліцу. Народ выдатна спраўляецца сам. Беларусы сёлета паказваюць цуды самаарганізацыі. Як з кавярняй O’petit, якую ад чыстага сэрца людзі пайшлі падтрымаць цэлым натоўпам.

Удзельнікі «Марша герояў» – пра гераізм і страх. 17 партрэтаў

Такому руху няма аналагаў, мы павінны гэта разумець. Там, дзе сёння ідуць беларусы, яшчэ ніхто не хадзіў. Таму мы не можам падгледзіць нейкія схемы і прыклады.

Марш герояў, Менск, 13 верасня 2020 г. Фота: ТК / «Белсат»

Прадстаўніцтва ад гэтага народа, такая кантактная асоба вызначыцца па таму самаму прынцыпу, людзі зробяць беспамылковы маральны выбар. Зараз бясспрэчны аўтарытэт набыла Марыя Калеснікава, калі зрабіла ўсё, каб яе не вывезлі з краіны. Яна ведала, на што ішла, і што ёй пагражала. Для чалавека, які нармальныя кнігі чытаў, які вырас у сямʼі, дзе людзі паважалі адзін аднаго, калі ён даведаецца пра такі ўчынак, то ацэніць яго як годны.

І такіх асобаў можа быць нямала. Той жа Павел Латушка, які меў моцны аўтарытэт у вачах сваіх падначаленых у Купалаўскім тэатры, і які сам быў часткай сістэмы ўлады і ведае яе знутры.

Павел. Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Таму кола прадстаўнікоў ад народа сфарміруецца само, і лідарамі стануць тыя, хто ўдзельнічае ў пратэстах, хто бывае на вуліцах і ў дварах. А тыя, каго не бачылі, яны не будуць мець ніякага крэдыту даверу. Не таму, што ім больш не давяраюць, а таму, што яны сябе не праявілі. А ў гэтай самаарганізацыі мы бачым яркія асобы.

Размаўляла Марыя Грыц belsat.eu

Hавiны