«Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў». Алесь Бяляцкі – пра крымінальную справу за «Дзяды»


У панядзелак 2 лістапада Следчы камітэт Беларусі паведаміў, што пасля нядзельнай акцыі ў Менску «Дзяды» узбуджана крымінальная справа за арганізацыю дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (арт. 342 КК РБ). Падазраванымі па гэтай справе адразу прызнаны ажно 231 чалавек. Следчыя дзеянні і аператыўна-вышуковыя дзеянні працягваюцца, паведамляе СК. Старшыня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі выказаўся з нагоды новай маштабнай крымінальнай справы.

  • За апошнія тры месяцы 2020 году ў Беларусі за ўдзел у мірных акцыях пратэсту былі арыштаваныя каля 17 000 чалавек, каля 1000 асобаў падазраюцца ці абвінавачваюцца ў крымінальных злачынствах па палітычных матывах.
  • Супрацоўнікі міліцыі падчас масавых маніфестацыяў у жніўні гэтага году забілі Аляксандра Тарайкоўскага і Генадзя Шутава, Аляксандр Віхор памёр пасля затрымання ў аўтазаку, Мікіта Крыўцоў загінуў пры нявысветленых абставінах.
  • Больш за тысячу мірных дэманстрантаў былі параненыя і звярнуліся ў больніцы па медычную дапамогу. Тысячы нашых суайчыннікаў катавалі, ім ламалі рукі, ногі, іх гвалтавалі, з іх здзекаваліся.

Следчы камітэт не ўзбудзіў ніводнай крымінальнай справы па сотнях і сотнях заяў, пададзеных ад нашых грамадзянаў.

Марш супраць тэрору ў Менску. 1 лістапада 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Адначасова, 2 лістапада Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па крымінальным артыкуле 342, які стаў вельмі папулярным ва ўладаў з гэтага лета, за, як быццам бы, арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.

ВІДЭА
Марш супраць тэрору. Шэсце ў Курапаты. ХРОНІКА ДНЯ
2020.11.01 12:52

Беспрэцэндэнтная колькасць падазроных па гэтай справе – 231 чалавек з тых, што былі затрыманыя падчас маршу на Курапаты. Улады перакрочылі мяжы логікі і сэнсу.

Масавыя злачынствы супраць беларускага народу працягваюцца.

Упершыню з 1988-га году было разагнана народнае шэсце ў дзень памяці продкаў Дзяды. Былі груба парушаны, затаптаныя ў бруд народныя традыцыі, этыка і звычайная чалавечая прыстойнасць.

Супраць мірных дэманстрантаў выкарыстоўваліся спецсродкі, іх абстрэльвалі гумовымі кулямі, у іх кідалі светлашумавыя гранаты, іх беспадстаўна збівалі пры затрыманні, над імі здзекаваліся падчас транспартавання ў аддзелы міліцыі.

Hавiны
«Білі да непрытомнасці – па твары і геніталіях, пагражалі выкінуць за Курапатамі». Мянчук – пра здзекі сілавікоў
2020.11.03 07:02

Відавочна, што загад на гвалт і на ўзбуджэнне гэтай мегакрымінальнай справы быў аддадзены з самага верху.

Парушэнні правоў чалавека ў краіне дасягнулі нябачных дагэтуль маштабаў. Такога ў гісторыі Беларусі не было са сталінскіх часоў. Супраць народу ўлады развязалі сапраўдны тэрор.

Беларусь хутка скачваецца ў свірэпы таталітарызм.

Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Стужка навінаў